Беларуская Служба

У Польшчы жывуць 60 тысяч чалавек з сіндромам Даўна

23.03.2023 09:16
Верагоднасць узнікнення гэтага генетычнага захворвання павялічваецца з узростам маці і бацькі.
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/Denis Kuvaev

Клінічны генетык, доктар Джэніфэр Кастаніеда з Інстытуту маці і дзіцяці ў Варшаве падкрэсліла, што людзям з сіндромам Даўна патрэбны комплексны догляд і рэабілітацыя. Гэты генетычны дэфект сустракаецца ў сярэднім раз на 800 родаў.

Доктар Кастаніеда, якая штодня апякуецца пацыентамі з генетычнымі захворваннямі, патлумачыла, што трысамія па 21-й храмасоме робіць гэтых людзей абцяжаранымі шматлікімі хваробамі:

- Гэта затрымка інтэлектуальнага развіцця, прыроджаныя парокі сэрца, гіпатэрыёз, страта слыху і зроку.

Доктар Кастаніеда падкрэсліла, што сітуацыю бацькоў і апекуноў людзей з сіндромам Даўна палепшыла б комплексная дапамога неабходных спецыялістаў:

- У ЗША і Францыі ёсць клінікі, куды бацькі прыязджаюць з дзецьмі перыядычна кожныя паўгода, потым кожны год, і ўсе спецыялісты знаходзяцца на месцы — гэта кардыёлаг, эндакрынолаг, фізіятэрапеўт, аўдыёлаг, афтальмолаг. Такое рашэнне ў Польшчы было б выдатнай дапамогай бацькам.

Паводле ацэнак, больш за 60 тысяч чалавек у Польшчы жывуць з сіндромам Даўна. Верагоднасць узнікнення гэтага генетычнага захворвання павялічваецца не толькі з узростам маці, але - як паказалі даследаванні апошніх гадоў - таксама з узростам бацькі.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка