Беларуская Служба

Намеснік міністра абароны Польшчы: Не было б драмы ў Кіеве, калі б Лукашэнка не пазычыў Пуціну сваю тэрыторыю

24.04.2023 16:35
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Войцех Скуркевіч выказаў спадзяванне, што Францыя зменіць сваю пазіцыю і дасць Украіне доступ да лічбавых мапаў.
Wojciech Skurkiewicz, wiceminister obrony narodowej
Wojciech Skurkiewicz, wiceminister obrony narodowejPrzemysław Chmielewski/Polskie Radio

Французскія СМІ паведамлялі, што ўкраінцы хацелі выкарыстаць іх для выканання ваенных задач над Беларуссю.

Войцех Скуркевіч (Wojciech Skurkiewicz) у эфіры Польскага радыё 24 нагадаў, што Беларусь вядзе ваенныя дзеянні супраць Украіны. Паводле яго слоў, Мінск удзельнічае ў гэтай вайне, таму што дае Расіі свае вайсковыя базы і інфраструктуру.

«Не было б ніякай драмы ў Кіеве і навакольных гарадах, калі б Аляксандр Лукашэнка не пазычыў Уладзіміру Пуціну сваю тэрыторыю», – падкрэсліў госць «Польскага радыё 24» і нагадаў, што на Кіеў напалі з Беларусі.

Ён дадаў, што Польшча таксама мае досвед гібрыднай атакі на мяжу з боку Беларусі.

Як піша французская Le Monde, Парыж абгрунтаваў адмову Украіне тым, што гатовы цвёрда падтрымліваць абарону ўкраінскай тэрыторыі, але ўдзел у аперацыях на чужой тэрыторыі не з'яўляецца варыянтам. Украінскія ўлады прасілі прадаставіць лічбавую мапу тэрыторыі Беларусі, якая змяшчае дадзеныя, неабходныя для палётаў на малых вышынях – апісанне рэльефу або спіс паветраных перашкод. Такія палёты дазваляюць самалётам пазбегнуць выяўлення, а паводле французскіх СМІ, Кіеў хоча нанесці ўдары па ваенных аб’ектах у Беларусі, з якіх атакуюць украінскую тэрыторыю. Міністэрства абароны Францыі не каментуе гэтыя паведамленні.

IAR/вх