Беларуская Служба

Даследаванне: 45% беларускіх эмігрантаў у Польшчы не збіраюцца вяртацца ў Беларусь

05.10.2023 15:28
Дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага палітолаг Эрнэст Выцішкевіч каменціруе вынікі даследавання аб беларусах у Польшчы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Э.Выцішкевіч пра апытанне беларусаў у РП.
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://mieroszewski.pl/programy/badania-opinii-publicznej/bialoruska-emigracja-w-polsce

Варшаўскі Цэнтр дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага 3 кастрычніка апублікаваў справаздачу па выніках даследавання грамадскай думкі Беларуская эміграцыя ў Польшчы. Яна даступная на сайце цэнтра ў т.л. на беларускай мове.

Са жніўня 2020 года расце эміграцыя беларусаў у Польшчу, якая павялічваецца па меры ўзмацнення рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Выхадцы з Беларусі з'яўляюцца важнай часткай новага сацыяльнага ландшафту, які фарміруецца ў апошнія гады ў Польшчы ў сувязі з падзеямі на ўсход ад яе граніц.

Эрнэст Выцішкевіч, палітолаг, дырэктар Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага:Гэтае даследаванне ахоплівае не ўсіх беларусаў. Гэта і немагчыма зрабіць. Вывучалася выключна група, якая знаходзіцца ў Польшчы. Што гэта за група? Мы папрасілі беларускія арганізацыі, якія працуюць у Польшчы і з якімі мы даўно супрацоўнічаем, каб яны распаўсюдзілі нашы анкеты сярод знаёмых беларусаў, якія жывуць у Польшчы. І такім чынам удалося сабраць 1300 анкет, якія мы праверылі на сапраўднасць. Гэта дастаткова шмат, улічваючы, што ў Польшчы цяпер налічваецца каля 70 тыс. беларусаў.

Варта дадаць, што ўдзельнікамі апытання з'яўляліся пераважна асобы ва ўзросце да 45 гадоў і з вышэйшай адукацыяй, якія часта валодаюць як рускай, так і беларускай мовай і настроены больш станоўча да агульнай спадчыны з Польшчай, чым з Расіяй. Эрнэст Выцішкевіч называе гэтую групу «апазіцыйнай» у адносінах да працэсаў, якія адбываюцца цяпер у Беларусі пры дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі.

Невыпадкова асноўнай прычынай выезду са сваёй краіны для большасці беларусаў, якія знаходзяцца цяпер у Польшчы, з'яўляецца боязь рэпрэсій у Беларусі (86%). Ёсць і іншыя прычыны.

Эрнэст Выцішкевіч:Палова гэтых людзей проста не бачыць для сябе будучыні ў Беларусі. У першую чаргу ў прафесіянальным плане. Яны шукалі лепшага месца для жыцьця. Мы назіралі рэлакацыю бізнэсу з Беларусі. Таксама добра вядома, што ў Беларусі быў добра развіты сектар ІТ. Спачатку многія з гэтых людзей выязджалі ва Украіну, якая была ім бліжэйшая па культуры і мове. Але пачалася вайна, і шмат хто з гэтых людзей і фірм пераехаў у Польшчу.

Такім чынам, галоўныя матывы пераезду беларусаў у Польшчу — гэта ўцёкі ад рэпрэсій і пошукі лепшага жыцця.

Згодна з даследаваннем Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага, для паловы апытаных беларусаў Польшча — краіна, дзе жыццё ў цэлым лепшае, чым у Беларусі. Амаль кожны пяты рэспандэнт адзначае лепшыя магчымасці кар'ернага росту за кошт пошуку больш высокааплатнай працы ці працы, больш адпаведнай яго кваліфікацыі і інтарэсам.

Эрнэст Выцішкевіч:Беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы, што заўважна, з'яўляюцца хутчэй песімістамі. Яны не бачаць шансаў на хуткія змены сітуацыі ў сваёй краіне, але павінны неяк працягваць уладкоўваць сваё жыццё. Таму амаль 45% з іх заяўляе, што не маюць намеру вяртацца ў Беларусь, а плануюць застацца ў Польшчы.

Адна частка хацела б вярнуцца ў Беларусь, калі для гэтага складуцца спрыяльныя ўмовы. Некалькі працэнтаў жадаюць пераехаць далей на Захад. А адна трэць рэспандэнтаў не ведае, што рабіць.

Усё гэта паказвае, што беларусы, якія пераехалі ў Польшчу за апошнія тры гады, страчваюць надзею, як мне здаецца, калі гаворка ідзе пра будучыню сваёй краіны.

Яны ўсведамляюць, што не могуць паўплываць на працэсы ўнутры Беларусі, а Расія робіць рэжым Лукашэнкі ўсё больш залежным ад сябе. Адпаведна, разважанні аб зменах маюць налёт няўпэўненасці і асцярог. Такі першы вывад, які напрошваецца з гэтага даследавання.

Цікава, што з усіх апытаных беларусаў 87% прыехалі ў Польшчу з 2020 года. Эрнэст Выцішкевіч лічыць гэтых людзей вельмі перспектыўнымі з пункту гледжання будучыні Беларусі.


Эрнэст Выцішкевіч. Эрнэст Выцішкевіч.

Эрнэст Выцішкевіч:Калі ў Беларусі адбудуцца перамены, чаго нельга выключаць, гэтыя людзі змогуць паспрабаваць надаць пэўную танальнасць дыскусіі аб будучыні Беларусі. Прычым, гэтага роду людзі жывуць не толькі ў Польшчы, але і ў Літве, Заходняй Еўропе. Гэта каля 100-200 тыс. чалавек, якія вымушаны з'ехаць з Беларусі. Многія з іх удзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці і думаюць пра будучыню Беларусі. Таму яны важныя і для Польшчы. А Польшчы трэба зразумець і як фарміраваць сваю палітыку ў адносінах да гэтых людзей і да Беларусі, і як дапамагчы гэтым людзям уладкавацца ў Польшчы.

Для 70 працэнтаў беларускіх рэспандэнтаў апытання Цэнтра дыялогу імя Юліюша Мерашэўскага самай вялікай праблемай, звязанай са знаходжаннем у Польшчы, з'яўляецца вырашэнне рознага роду фармальнасцей.

Яшчэ адной праблемай для многіх прыезджых (64%) з Беларусі з'яўляецца ўстанаўленне сацыяльных сувязей з палякамі.

Эрнэст Выцішкевіч:У нашым апытанні мы пыталі ў беларусаў, з кім яны часцей за ўсё падтрымліваюць адносіны. І аказалася, што пераважна з беларусамі. Гэта важны сігнал аб тым, што беларусам цяжка наладзіць пастаянныя адносіны, а не выпадковыя кантакты з палякамі.

Пры гэтым з усіх суседзяў Беларусі Польшча беларускімі эмігрантамі ў гэтай краіне ўспрымаецца як найбольш дружалюбная да Беларусі, у сваю чаргу, самай непрыязнай да Беларусі краінай з'яўляецца, на думку рэспандэнтаў, Расія.

Цікавыя вынікі апытання аб адносінах беларусаў і ўкраінцаў, якія жывуць у Польшчы. 48% рэспандэнтаў-беларусаў лічаць, што ўкраінцы прыязна ставяцца да беларусаў, але 20% прытрымліваюцца іншага меркавання.

Вайна Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны, а таксама рознага кшталту агрэсіўныя дзеянні афіцыйных Масквы і Мінска ў дачыненні да Польшчы таксама ўплываюць на тое, як некаторыя палякі ставяцца да беларусаў.

Эрнэст Выцішкевіч:Частка палякаў у адносінах да беларусаў захоўвае пэўную дыстанцыю. Таксама пэўным фактарам з'яўляецца вялізная колькасць украінцаў, якія ўцяклі ад вайны ў Польшчу. Палякі, клапоцячыся аб тым, як дапамагчы ўкраінцам, як бы «адсунулі» ў бок беларусаў. І гэта магло стаць для беларускай меншасці ў Польшчы падставай для асцярог і фрустрацыі. Таму што спачатку была вялізная падтрымка беларусаў з боку польскага грамадства і дзяржавы. А потым здарылася нешта больш сур'ёзнае — вайна ва Украіне, што прывяло да таго, што беларусы апынуліся ў цені наступных падзей.

Таму, з аднаго боку, беларусы добра сябе адчуваюць у Польшчы, чаму садзейнічаюць падобныя беларуская і польская культуры, агульная гісторыка-культурная спадчына. А з іншага боку, беларусам часта складана наладзіць больш блізкія адносіны з палякамі.

Сярод іншых вынікаў даследавання Цэнтра дыялогу ім. Юліюша Мерашэўскага звяртаюць на сябе ўвагу тыя, што датычаць будучыні Беларусі.

Так, большасць апытаных беларусаў лічаць, што ў канчатковым выніку адзінай афіцыйнай мовай у Беларусі павінна быць беларуская, прычым 52% гавораць, што гэта павінна адбыцца як мага хутчэй, а 34% лічаць, што трэба пачакаць, пакуль людзі не навучацца карыстацца беларускай мовай.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польская беларусістка: Формула беларускай грамадзянскай супольнасці 2020 года не выключае ні руска-, ні беларускамоўных грамадзян

15.06.2023 16:16
Праф. Яанна Гэтка вывучае змены, якія адбываюцца з беларускім грамадствам у выніку падзей 2020 года.

Мірослаў Янковяк: Носьбіты беларускіх гаворак могуць не лічыць сябе беларусамі, а называцца рускімі на Пскоўшчыне і палякамі на Віленшчыне

29.06.2023 14:27
Мірослаў Янковяк заўважыў, што расійскія вучоныя з сярэдзіны ХХ ст. часта адмаўляюць беларускасць тых гаворак, якія мовазнаўцамі з сярэдзіны XIX ст. лічыліся беларускімі.

Гісторык Яраслаў Грыцак: Каб утварылася Украіна, зрэшты, як і Беларусь, Расія, павінна была быць зруйнавана старажытная Русь

28.09.2023 15:02
Вядомы ўкраінскі гісторык Яраслаў Грыцак лічыць, што ўкраінцам мала галушак і песень — ім патрэбна ўласная культура і дзяржава.