Беларуская Служба

Даследчык: Польская армія на Усходзе ў 1942-1944 гг. дбала пра захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці

22.02.2024 14:50
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў даследаванне Барташа Янчака Organizacja i wyszkolenie Armii Polskiej na Wschodzie w latach 1942-1944.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Б.Янчак пра Польскую армію на Усходзе.
     Organizacja i wyszkolenie Armii Polskiej na Wschodzie w latach 1942-1944.
Фрагмент вокладкі кнігі Барташа Янчака Organizacja i wyszkolenie Armii Polskiej na Wschodzie w latach 1942-1944.https://ipn.gov.pl/pl/publikacje/ksiazki/193992,Organizacja-i-wyszkolenie-Armii-Polskiej-na-Wschodzie-w-latach-1942-1944.html

Польская армія на Усходзе (Armia Polska na Wschodzie) — славутае вайсковае фарміраванне, якое ўнесла ўклад у разгром гітлерызму. Апрача таго, гэта было свайго роду і сховішча, дзе знаходзілі ратунак многія грамадзяне РП, а сярод іх і беларусы, якія пасля нападу СССР на РП у верасні 1939 года сталі ахвярамі сталінскага таталітарызму.

Барташ Янчак, супрацоўнік аддзялення гістарычных даследаванняў камісіі па праследаванні злачынстваў супраць польскага народа філіяла Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы ў Лодзі, у 2021 годзе абараніў у Апольскім універсітэце пад кіраўніцтвам вядомага польскага гісторыка Мікалая Іванова доктарскую (паводле беларускіх норм — кандыдацкую) дысертацыю Organizacja i wyszkolenie Armii Polskiej na Wschodzie w latach 1942-1944 («Арганізацыя і падрыхтоўка Польскай арміі на Усходзе ў 1942-1944 гг.»). А летась Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы выдаў даследаванне Барташа Янчака асобнай аднайменнай кнігай аб’ёмам 600 старонак, якая фактычна ўбачыла свет ужо сёлета. Манаграфія з'яўляецца першым комплексным даследаваннем гісторыі Польскай арміі на Усходзе ў 1942–1944 гг. Кніга дапоўнена ўнікальнымі фотаздымкамі і табліцамі.

Польская армія на Усходзе была створана 12 верасня 1942 года на Блізкім Усходзе ў выніку зліцця Польскай арміі на Блізкім Усходзе, ІІ стралковага корпусу і Польскіх узброеных сіл, якія прыбылі з СССР. Камандуючым Польскай арміі на Усходзе стаў генерал-маёр Уладыслаў Андэрс.

Барташ Янчак адзначае, што ў яго працы ўпершыню раскрываюцца многія раней невядомыя старонкі ваеннай гісторыі палякаў падчас Другой сусветнай вайны.

Барташ Янчак: — Фактычна ўпершыню была вызначана арганізацыйная структура Польскай арміі на Усходзе. Перш за ўсё былі выкарыстаны архіўныя матэрыялы Польскага інстытута і музея імя генерала Сікорскага ў Лондане, а таксама Нацыянальнага архіва ў Лондане і іншых збораў.

Вызначэнне арганізацыйнай структуры Польскай арміі на Усходзе якраз было галоўнай задачай маёй даследчыцкай работы. Я адлюстраваў гісторыю розных падразддзяленняў арміі, а таксама апісаў розныя запасныя адзінкі гэтай арміі, якія ігралі важную ролю.

Яшчэ адно пытанне, якое мяне цікавіла, гэта вайсковая падрыхтоўка Польскай арміі на Усходзе. Трэба памятаць, што гэта армія складалася з салдат, якія мелі розны вопыт з пачатку Другой сусветнай вайны. Частка служыла ў Брыгадзе Карпацкіх стралкоў і яны вылучаліся добрай падрыхтоўкай і ваенным вопытам. Але большасць салдат Польскай арміі на Усходзе складалі эвакуіраваныя ваеннаслужачыя Польскіх узброеных сіл з СССР у рамках дзвюх эвакуацый у 1942 г.

Праца Барташа Янчака пачынаецца з разгляду арганізацыі польскіх вайсковых падраздзяленняў у 1940–1941 гг. на Блізкім Усходзе. Там яны апынуліся такім чынам. Пасля баёў у Польшчы ў верасні 1939 г., у красавіку 1940 г. паводле дагавора з Францыяй была створана Брыгада Карпацкіх стралкоў, якая ў 1941 г. перайшла пад брытанскае камандаванне і была ператворана ў Брыгаду Карпацкіх стралкоў, а затым стала самастойным фарміраваннем.

З СССР на Блізкі Усход трапіла больш за 110 тыс. салдат польскіх узброеных сіл.

Барташ Янчак: — У 1941 г. у СССР была арганізавана польская армія. Яе стараліся падрыхтаваць. Але гэта было складана. Гэта армія была эвакуіравана на Сярэдні Усход. У 1942 г. салдат гэтай арміі пачалі рыхтаваць — азнаямляць са зброяй, з ваеннай дактрынай. Трэба сказаць, што з 1939 г. моцна змяніўся характар ваенных дзеянняў.

Таксама на Сярэдні Усход трапілі салдаты з Вялікабрытаніі. І ўсіх гэтых салдат трэба была падрыхтаваць. Але было вельмі мала часу. Брытанцы вызначалі баявую здольнасць, і час яе дасягнення ўвесь час адсоўваўся.

У працэсе даследавання Барташ Янчак падрабязна разгледзеў, як праходзіла падрыхтоўка асобных груп салдат Польскай арміі на Усходзе.

Барташ Янчак: — Вельмі важнай была падрыхтоўка вадзіцеляў, бо армія павінна была быць цалкам матарызавана.

Таксама ў сваёй кнізе я стараўся паказаць тыя праблемы, якія суправаджалі падрыхтоўку салдат — ад праблем са здароўем да праблем з дысцыплінай. Гэта, у выніку, прыводзіла да таго, што там-сям падрыхтоўка салдат не дасягала выніку.

Праца Барташ Янчака ахоплівае перыяд да пераезду польскіх ваеннаслужачых у Італію ў снежні 1944 г.

Барташ Янчак: — Польская армія на Усходзе была вельмі важнай структурай у складзе польскіх узброеных сіл падчас Другой сусветнай вайны. Гэта была колькасна самая вялікая вайсковая структура ў той час.

Дарэчы, Сярэдні Усход быў вельмі важны ў польскай палітыцы падчас Другой сусветнай вайны. А адной з задач Польскай арміі на Усходзе было так падрыхтаваць салдат, каб, у выпадку, калі будзе выдадзены адпаведны загад, яны ўступілі ў бой. І так адбылося ў маі 1944 г. пад Монтэ-Касіна на Апенінскім паўвостраве.

Важнай роляй Польскай арміі на Усходзе было згуртаванне палякаў, якія апынуліся на Сярэднім і Блізкім Усходзе. Сярод іх было 115 тыс. ваеннаслужачых і цывільных асоб, якія эвакуіраваліся з СССР.

Барташ Янчак: — У Польскай арміі на Усходзе ўсе тыя, хто перажылі драматычныя моманты знаходжання ў СССР, маглі служыць польскай дзяржаве і ў імя аднаўлення незалежнасці Польшчы, якая ў той час знаходзілася пад нямецкай і савецкай акупацыяй.

І адной з мэт Польскай арміі на Усходзе быў клопат пра польскую ідэнтычнасць. Трэба адзначыць, што ў гэтай арміі служылі таксама жанчыны і дзеці. Многія з гэтых жанчын страцілі сваіх блізкіх у СССР. І таму яны апраналі ваенную форму.

Была яшчэ адна прычына. Польскай арміі на Усходзе не хапала мужчын. А жанчыны, уваходзячы ў Дапаможную жаночую службу, выконвалі “мужчынскія” абавязкі: служылі вадзіцелямі транспартных сродкаў, грузавікоў, працавалі ў шпіталях.

А таксама жанчыны клапаціліся пра цывільнае насельніцтва, у т. л. пра моладзь і дзяцей. А дзеці ў Польскай арміі на Усходзе таксама служылі ў дапаможных падраздзяленнях як добраахвотнікі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Geograficzno-polityczny atlas Polski расказвае пра палякаў у Беларусі і пра беларусаў у Польшчы

29.12.2022 15:57
Марцін Войцех Соляж з калегамі падрыхтаваў другое выданне Geograficzno-politycznego atlasu Polski, у якім сярод іншага адлюстравана гісторыя Рэчы Паспалітай і вайна ва Украіне.

Даследчык: У даваеннай Польшчы частка праваслаўных вагалася паміж рускай і беларускай ідэнтычнасцямі

04.01.2024 14:20
Улады даваеннай РП абмяжоўвалі дзейнасць выданняў прарасійскай арыентацыі.