Беларуская Служба

Польскі Forbes намінаваў беларуску на званне «Жанчына года»

01.12.2024 07:15
Польскі часопіс Forbes Women намінаваў беларуску Вольгу Ланеўскую на званне жанчыны года ў катэгорыі «грамадская дзейнасць».
 .
Вольга Ланеўская.Архіўнае фота з сайта праекту «Карта гвалту»

Вольга Ланеўская працуе з тэмамі фемінізму і супрацьдзеяння гендарнаму гвалту. Яна заснавала ў Кракаве Фемінісцкі цэнтр салідарнасці для дзяўчат і жанчын. Вольга — сертыфікаваная трэнерка па жаночай самаабароне і асертыўнасці паводле метаду WenDo, які прыдуманы ў Канадзе на мяжы 60-70 гадоў ХХ стагоддзя.

«Метад уключае ў сябе разуменне і ўмацаванне асабістых межаў, навыкі фізічнай самаабароны, а таксама працу з голасам, упэўненасцю ў сабе і асертыўнасьцю (асабістай адказнасцю — рэд.) у цэлым. Сама назва паходзіць ад слоў „woman“ (па-ангельску — жанчына) і „do“ (па-японску — дарога). Можна сказаць, што гэта шлях жанчыны, які кожная з нас выбірае сама, а можна пайсці глыбей і заявіць, што гэта метад барацьбы з дыскрымінацыяй і гвалтам па прыкмеце полу», — тлумачыла сама Вольга Ланеўская ў інтэрв'ю ex-press.live.

Паводле яе, WenDo, з аднаго боку, дапамагае прымаць рашэнні і выходзіць з гвалтоўных адносін і зносін, а з другога — звяртае ўвагу, як не трапляць у такія адносіны і сітуацыі. Таксама WenDo дапамагае лепш пазнаць сябе і давяраць сабе, спраўляцца з пачуццем сораму і бездапаможнасці, калі здараюцца крызісныя сітуацыі.

Да пераезду ў Польшчу, Вольга Ланеўская праводзіла трэнінгі паводле метаду WenDo для беларусак у Беларусі. Заняткі праводзілі бясплатна дзякуючы дапамозе і падтрымцы арганізацыі «Радаслава», якая дапамагала жанчынам, што пацярпелі ад хатняга гвалту. Пазней улады Беларусі ліквідавалі «Радаславу» і іншыя арганізацыі дапамогі жанчынам у Беларусі.

Агулам рэдакцыя польскага часопісу Forbes выбрала 50 жанчын, чыя дзейнасць заслугоўвае ўвагі. Яны прадстаўляюць пяць катэгорый: бізнес, грамадская дзейнасць, культура, навука і спорт. Дапамагаць вызначаць, хто з іх варты звання «Жанчыны года», будуць чытачы.