«Яшчэ адна жорсткая ноч у Тбілісі. Незаконны ўрад выкарыстоўвае незаконныя метады, каб прымусіць замаўчаць грузін, якія настойваюць на сваім канстытуцыйным, еўрапейскім выбары», — напісала прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі на X. Яна падзякавала за падтрымку Польшчы і прэзідэнту Анджэю Дудзе, з якім адбылася тэлефонная размова.
Віцэ-спікер парламента Ніно Чыласані пракаментаваў антыўрадавыя выступы наступнымі словамі: «Гэта тое, да чаго (пратэстоўцы) рыхтаваліся ў апошнія дні — падпал парламента, беспарадкі, дзяржаўны пераварот... Ім гэта ўдалося ва Украіне і з таго часу Украіна ахопленая агнём вайны».
Самі дэманстранты выказваюцца, што падчас нядзельнага зацішша міліцыянты дзейнічалі ў межах закону — не білі нагамі і не збівалі пратэстоўцаў, што здаралася раней. (Жорсткія метады грузінскай паліцыі раскрытыкавала Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ). У ноч з суботы на нядзелю спецназ у асноўным ужываў вадамёты і слезацечны газ. У адказ пратэстоўцы запалілі фаеры і кідалі іх у паветра або ў паліцыю, палілі вогнішчы і ўзводзілі барыкады. Гучаў гімн Грузіі.
У групах дэманстрантаў у сацсетках з'явілася інфармацыя аб тым, што на адным з найбуйнейшых аптовых рынкаў краіны прадаўцы піратэхнічных матэрыялаў за апошнія тры дні зарабілі столькі ж, колькі звычайна зарабляюць за год.
Уначы на будынку Міжнароднага Каўказскага ўніверсітэта ў вокнах з'явіўся надпіс «Крадзеж!».
Раніцай дэманстранты напалі на офіс кіруючай партыі «Грузінская мара». На сценах перад уваходам яны пакінулі надпісы «рускія» і «рабы». Былі размешчаны сцягі Грузіі і Еўрасаюза. Невялікая група пратэстоўцаў спынілася каля будынка Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Як паведамляе сайт «Эхо Ковказа» (філіял «Радыё Свабода»), падчас начных сутыкненняў пацярпелі двое журналістаў: фотакарэспандэнт Reuters Іраклій Гедэнідзэ і аператар грузінскага тэлеканала «Пірвелі» Георгій Шэцырукі.
Канчатковую колькасць затрыманых і пацярпелых пакуль не называюць ні ў МУС, ні ў Міністэрстве аховы здароўя.
PAP/вх