Генеральны сакратар НАТА адмовіўся каментаваць учорашнія перамовы паміж ЗША і Расіяй у Маскве адносна мірнага плана для Украіны. Яны завяршыліся безвынікова. Марк Рутэ таксама адмовіўся каментаваць пагрозы Уладзіміра Пуціна Еўропе аб тым, што Расія гатовая да вайны.
«Я не буду каментаваць усё, што кажа Пуцін», — сказаў кіраўнік НАТА перад пачаткам сустрэчы з міністрамі замежных спраў НАТА.
Адносна мірных перамоваў Марк Рутэ выказаў падзяку прэзідэнту ЗША за іх ініцыяцыю.
«Толькі Злучаныя Штаты пад кіраўніцтвам прэзідэнта Трампа маглі б гэта зрабіць. Але я не хачу каментаваць кожны этап. Нядаўнія перамовы былі важнымі, але я не буду іх падрабязна каментаваць», — сказаў Рутэ. Ён запэўніў, што амерыканцы кансультуюцца са сваімі саюзнікамі адносна ходу перамоваў.
Еўрапейскія дзяржавы-члены НАТА не згодныя з гэтымі словамі, яны скардзяцца на недахоп інфармацыі.
«Мы не ведаем, што адбываецца», заявіў сёння міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна.
IAR/яс