Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мінабароны: Гэта была цяжкая ноч для польскай супрацьпаветранай абароны

30.07.2026 12:50
Службы высвятляюць, што ўпала і выбухнула за 50 кіламетраў на поўдзень ад Любліна.
Аўдыё
  • Службы высвятляюць, што ўпала і выбухнула за 50 кіламетраў на поўдзень ад Любліна
 ,      50     .
Службы высвятляюць, што ўпала і выбухнула за 50 кіламетраў на поўдзень ад Любліна.PAP/Wojtek Jargiło

Парушэнне паветранай прасторы Польшчы і неідэнтыфікаваны аб'ект, які ўзарваўся на Любліншчыне. Пасля начных нападаў Расійскай Федэрацыі на Украіну польскія ВПС зноў паднялі ў паветра знішчальнікі. У цяперашні час у вёсцы Тарнава-Калонія(поль. Tarnawa-Kolonia) праводзіцца расследаванне з мэтай вызначыць, што на самой справе ўпала на тэрыторыі Польшчы пасля таго, як Расія некалькі гадзін атакавала Украіну.

У ноч з 29 на 30 ліпеня 2026 года ля вёскі Тарнава-Калонія (Білгарайскі павет, гміна Туробін) ў Люблінскім ваяводстве ўпаў і ўзарваўся неідэнтыфікаваны абʼект. Паводле неафіцыйных паведамленняў, гаворка можа ісці пра ракету або беспілотнік. Інцыдэнт адбыўся падчас масіраванага начнога ракетнага ўдару Расійскай Федэрацыі па заходняй Украіне.

Прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Караліна Галэцка (Karolina Gałecka) паведаміла, што службы экстранай дапамогі неадкладна адрэагавалі на пагрозу.

— Ноччу мы атрымалі паведамленне з Цэнтра паветраных аперацый Войска Польскага пра магчымую пагрозу. Службы адрэагавалі неадкладна і паводле працэдур. Каля 3.50, на тэрыторыі Люблінскага ваяводства, прагучалі сігналы трывогі, — паведаміла прэс-сакратар польскага МУС.

Караліна Галэцка таксама пацвердзіла, што пажарная служба неадкладна забяспечыла тэрыторыю пасля выяўлення месца падзення і выбуху.

— Паліцыя, пракурор, ваенная паліцыя  усе службы на месцы. Яны інтэнсіўна расследуюць справу і напэўна адкажуць на пытанне, што гэта за аб’ект,  сказала яна.

У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, паведаміў прадстаўнік люблінскай паліцыі камісар Каміль Карбаўнічэк (Kamil Karbowniczek).

 Мерапрыемствы на месцы працягваюцца. Найважнейшая інфармацыя  у выніку падзеі ніхто не пацярпеў,  запэўніў паліцыянт.

Што вядома?

Польская сістэма супрацьпаветранай абароны выявіла абʼект а 3:40 раніцы, калі ён рухаўся на захад. У згаданы раён, для ідэнтыфікацыі і перахопу, быў адпраўлены знішчальнік F-16. Усяго праз шэсць хвілін  а 3:46, то бок перш чым яго ўдалося дакладна ідэнтыфікаваць, абʼект знік з радараў. Тады на месца быў адпраўлены верталёт Мі-24, экіпаж якога знайшоў верагоднае месца катастрофы.

Абʼект упаў на поле, прыкладна за 2 кіламетры ад будынкаў бліжэйшых сельскагаспадарчых фермаў. Выбух быў настолькі моцным, што на месцы ўтварыўся кратар дыяметрам у 10 метраў, а вакол службы выявілі раскінутыя металічныя, канструкцыйныя элементы аб’екта.

На Любліншчыну неадкладна накіраваўся прэмʼер Дональд Туск, які склікаў паседжанне каардынацыйнай групы з удзелам міністра нацыянальнай абароны Уладзіслава Касіняка-Камыша (Władysław Kosiniak-Kamysz), прадстаўніка Бюро нацыянальнай бяспекі і адпаведных службаў.

Гэта была цяжкая ноч для польскай паветранай абароны, прызнаў падчас сустрэчы кіраўнік польскага Мінабароны. Ён дадаў, што паблізу польскай паветранай прасторы ноччу было зафіксавана больш неідэнтыфікаваных абʼектаў.

 Паблізу польскай паветранай прасторы былі зафіксаваныя больш за 20 аб’ектаў. Таксама паблізу знаходзіліся знішчальнікі МіГ -29 УСУ. Гэта быў адзін з большых атакаў, нанесеных па заходняй частцы Украіны,  заявіў кіраўнік Мінабароны Польшчы.

У сваю чаргу, прэмʼер Дональд Туск заявіў, што падчас учарашняй сустрэчы, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі папярэдзіў яго аб чаканых масіраваных бамбардзіроўках Украіны з боку Расіі.

Між тым, міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга напісаў, што ў Польшчы ўпала расійская ракета Х-101. Польскія ўлады такой магчымасці не выключаюць.

Былы ваенны пілот, маёр запасу Міхал Фішэр (Michał Fiszer) заявіў, што, хоць нельга выключаць наўмыснай правакацыі, прысутнасць абʼекта над Польшчай, хутчэй за ўсё, была выклікана яго няспраўнасцю.

 Ім не хапае запчастак, якія зараз пад санкцыямі, таму яны (расіяне – рэд.) выкарыстоўваюць розныя заменнікі… Такім чынам уразлівасць такіх аб’ектаў да няспраўнасцяў значна большая. Аднак я не выключаю таксама адмысловай правакацыі,  сказаў эксперт.

Ён не пацвердзіў магчымасці, што абʼект быў «згубленай» украінскай зенітнай ракетай. Паводле яго, гэта выключаюць хуткасць і характарыстыкі палёту.

Сігнал паветранай трывогі напалохаў жыхароў

Сігналы паветранай трывогі, якія каля 3.50 раніцы прагучалі ў Любліне і ў большай частцы рэгіёна, выклікалі занепакоенасць сярод жыхароў.

 Я была ў жаху, не ведаючы, што адбываецца. Я выйшла на балкон, каб паглядзець, ці чулі што-небудзь суседзі, але там нікога не было  горад спаў!,  расказвае жыхарка Любліна.

Нягледзячы на тое, што прагучаў сігнал паветранай трывогі, жыхары часткі Люблінскага ваяводства не атрымалі ніякіх паведамленняў на свае тэлефоны. Паводле прадстаўнікоў польскага МУС, SMS-паведамленні не былі адпраўленыя, бо паветраная трывога была хутка адменена.

Былы камандзір спецпадраздзялення GROM Раман Полька (Roman Polko) лічыць, што ў першыя гадзіны пасля падзення неідэнтыфікаванага абʼекта не хапала дакладнай інфармацыі.

 Нам трэба працаваць не толькі над каардынацыяй камунікацыі паміж службамі, але і з грамадствам. Нават паводле афіцыйнага даведніка бяспекі, сігнал паветранай трывогі не з’яўляецца інфармацыяй  гэта проста напамін пра неабходнасць звярнуцца па дадатковую інфармацыю па радыё і тэлебачанні. На жаль, гэтай дадатковай інфармацыі не было. Нават той, каго разбудзіў сігнал паветранай трывогі а 3:50, і хто праверыў тэлефон, уключыў радыё і тэлевізар, нічога новага не даведаўся. Тады навошта ўключаць такі сігнал?  задаецца пытаннем эксперт.

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі паведаміла, што праверыць, чаму сістэма SMS-паведамленняў не спрацавала падчас рэальнай пагрозы і чаму грамадзяне не атрымалі папярэджання з Урадавага цэнтра бяспекі.

IAR/аз

Неапазнаны абʼект заляцеў на польскую тэрыторыю

30.07.2026 09:34
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі паведамляе пра парушэнне паветранай прасторы Польшчы.

Зяленскі папярэдзіў польскі бок пра расійскую атаку

30.07.2026 12:08
Паводле звестак вайскоўцаў, неідэнтыфікаваны абʼект уляцеў сёння ў паветраную прастору Польшчы а 3:40 раніцы.