Беларуская Служба

Як у Афрыцы людзі кантактуюцца з душамі памерлых

04.11.2019 16:22
Пра ўнікальны абрад вімбуза расказвае польскі навуковец, які даследуе Малаві.
Аўдыё
Доктар Пётр Ціхоцкі чытае лекцыю пра вімбузаradyjo.net/Я.Смялоўская

На пачатку лістапада многія наведваюць магілы і згадваюць родных як частку недаступнага іншасвету. Аднак жа ў культурах, дзе хрысціянства не ўкаранілася настолькі глыбока як у нас, свет жывых пераплятаецца са светам памерлых. І сёння мы хочам вам распавесьці пра такое месца. Гэта ўсходнеафрыканская дзяржава Малаві.

Супрацоўнік Варшаўскага універсітэта, антраполаг культуры доктар Пётр Ціхоцкі з 2016 году вывучае ў Малаві з’яву, якую называюць вімбуза.

- Вімбуза гэта музыка, стыль выканання пэўнага рытму, але гэтым словам акрэсліваюць таксама хваробу, называюць від нячыстых сіл, якія выклікаюць гэтую хваробу. Таксама само лячэнне называецца вімбузай. Таму калі б вывучаць гэтую з’яву з перспектывы музыкі або выключна медыцыны, то цяжка было б не страціць усё яе багацце.

У першых згадках пра вімбузу паведамляецца, што першапачаткова гэта быў спосаб выкрыцця ведзьмаў і ведзьмяроў, то бок людзей, якія кідаюць праклёны на іншых. Вімбуза палягала на тым, што чалавек, які ўваходзіў у стан вімбузы, кантактаваўся з душамі продкаў і раскрываў, хто з’яўляецца ведзьмяром. Гэта было на пачатку XX стагоддзя. У Малаві і іншых афрыканскіх краінах ужо больш за 10 гадоў гэтая складовая частка вімбузы афіцыйна забараняецца.

Раскажыце, калі ласка, на чым палягае лячэнне метадам вімбузы?

 - Лячэнне людзей абапіраецца на начных сустрэчах, якія праходзяць пад кіраўніцтвам шаманаў. Найпрасьцей патлумачыць гэта можна так, што трэба вывесці душы продкаў са свайго цела і розуму пры дапамозе танца. У гэтым вімбуза нагадваюць вядомыя ва ўсім свеце рэлігіі: культ вуду ці гаўка з Нігера і Буркіна-Фасо. Найбольш простымі словамі можна сказаць, што гэта танец апантаных.

Сам абрад, што відаць на вашых відэазапісах, вельмі энергетычны, многа бубноў, рытму і шалёнага танца.

 - Вімбуза з’яўляецца лагоднай апантанасцю, лагодным трансам, людзі зрэдку кідаюцца ў канвульсіі, рэдка ідзе пена з рота, што характэрна для рэлігій заходняй Афрыкі і Карыбскіх астравоў. Я падчас даследаванняў зрабіў выснову, што вімбуза ставіць за мэту згоду і спакойную размову з продкам. У кульмінацыйнай частцы танца ў трансе, які доўжыцца каля гадзіны, чалавек сядае, а шаман пачынае спакойна і з павагай размаўляць з душой продка, якая знаходзіцца ў ім. Больш менш такім чынам: «Добры дзень, ойча! У вас усё добра? Што вам патрэбна?» Падчас гэтай далікатнай і дыпламатычнай гутаркі душы ахвяруюць залатую манету, каб яе абласкавіць. Раззлаваная і неспакойная душа продка павінна суцішыцца і спыніць выклікаць цярпенні чалавека, у якім яна пасялілася, і пачаць з ёю супрацоўнічаць і дапамагаць.

Вімбуза гэта абрад, рэлігія, культ?

- Вімбуза цесна звязаная з узаемадачыненнямі ў грамадзтве і наступствамі камунікацыі. У антрапалагічных напрацоўках падкрэсліваюць, што ў некаторых грамадзтвах памерлых лічаць часткай людзкой супольнасьці, то бок гэта супольнасьць жывых і памерлых. Вімбуза паказвае, якім чынам адбываецца камунікацыя ў такой грамадзе. Я хачу падкрэсліць, што душы вімбузы - гэта душы людзей. Некаторыя кажуць, што гэта душы блізкіх, іншыя – што душы чужых людзей, якія прыйшлі невядома адкуль. Лячэнне – гэта форма ўсталявання ўзаемаадносін з душамі, якая перавышае нашае разуменне жывога і мёртвага, незразумелая для заходняй культуры.

«Лекары» вімбузы выкарыстоўваюць у сваёй практыцы хрысціянскі крыж. На вашых здымках крыж нашыты на вопратцы «доктара».

 - Даследчыца Малендэ Вітз падкрэсьлівае, што падчас каланізацыйнага працэсу, а хрысціянства з’яўляецца элементам гэтага працэсу, часта дэманізуюцца нематэрыяльныя істоты, то бок ім прыдаюць адмоўныя рысы. У дакаланізацыйны перыяд памерлыя былі інтэгральнай часткай грамадскага жыцця. Мае суразмоўцы на даследаванай мною тэрыторыі перакананыя, што наагул душы продкаў пазітыўна адносяцца да людзей, аднак пры ўмове, што мы выконваем іх патрабаванні і капрызы. Я паходжу з паўночна-ўсходняй часткі Польшчы, дзе яшчэ не так даўно праводзілі абрад „Дзядоў”. Я думаю, што гэта сведчанне таго, што ў нашай культуры таксама адыгрывалі сваю ролю асобы, якія пайшлі з жывых.

Вімбуза практыкуецца на поўначы Малаві. Улады краіны прызнаюць гэты метад як від мэдыцынскай тэрапіі і выдаюць пасьведчанні гэтак званых „african doctors”, што дае права не толькі займацца вімбузай, а таксама лячыць з дапамогай медыкаментаў заходняй медыцыны, выкарыстоўваючы мясцовыя зёлкі і іншыя народныя метады лячэння, ды аказваць насельніцтву псіхалагічную дапамогу. Шаманамі вімбузы  могуць быць як мужчыны, так і жанчыны.

Адзначым, што вімбуза ўнесеная ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА як мэдыцынская практыка.

Гутарыла Яланта Смялоўская