Беларуская Служба

Апублікавана больш за 700 старонак дакументаў і ўспамінаў пра Эдварда Вайніловіча

20.04.2023 16:01
У Выдавецтве Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ўбачыў свет укладзены Романам Юркоўскім зборнік дакументаў Umysł miał jasny i serce miłujące. Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Зборнік дакументаў пра Э.Вайніловіча.
   Umysł miał jasny i serce miłujące. Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach.
Фрагмент вокладкі кнігі Umysł miał jasny i serce miłujące. Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach.http://wydawnictwo.uwm.edu.pl/

У Выдавецтве Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне яшчэ ў 2021 г. выйшла, але, здаецца, засталася незаўважанай шырокай грамадскасцю, укладзеная вядомым польскім гісторыкам Романам Юркоўскім кніга Umysł miał jasny i serce miłujące. Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach (“У яго быў ясны розум і любячае сэрца. Эдвард Вайніловіч у дакументах і матэрыялах”). Пад адной вокладкай на 744 старонках сабраны дакументы пра Эдварда Вайніловіча — грамадска-палітычнага дзеяча, асноўнага фундатара будаўніцтва касцёла св. Сімяона і св. Алены ў Мінску.

Вайніловіч нарадзіўся ў 1847 г. пад Мінскам, у маёнтку Вялікая Сляпянка, у палацы Ваньковічаў (яго маці — Анна Ваньковіч, якая, у сваю чаргу, была дачкой Міхаліны Манюшкі, цёткі кампазітара Станіслава Манюшкі), які дагэтуль стаіць на рагу вул. Філімонава і Парніковай.

Гэты палац і касцёл св. Сімяона і св. Алены, узведзены ў 1905–1910 гг., сведчаць у сучаснай сталіцы Беларусі пра вядомага ў свой час мінчаніна. Зрэшты, памятае гістарычную асобу і кафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі на пл. Свабоды, дзе Вайніловіч быў ахрышчаны.

Яшчэ адно месца, якое памятае Вайніловіча, — радавы маёнтак Савічы ў Слуцкім павеце. Праўда, гістарычны сядзібны дом згарэў у 1918 годзе ў выніку налёту бандытаў. А разам з ім загінулі і імногія сямейныя рэліквіі...

Сярод эпізодаў біяграфіі Вайніловіча найбольш важныя: яго праца ў 1888-1907 гг. нам. старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, а ў 1907-1921 гг. — яго старшынёй. Вайніловіч з’яўляўся членам Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні (1906-1909 гг.), першым старшынёй Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907–1908 гг.), якая аб’ядноўвала перш за ўсё палякаў, мясцовых землеўдадальнікаў.

У 1921 г., пасля Рыжскага міру, калі маёнткі Вайніловіча засталіся ў на савецкім баку, ён са сваякамі асеў у польскім Быдгашчы.

Зборнік дакументаў, укладзены Р. Юркоўскім, апрача гэтых энцыклапедычных даных дае для роздуму іншыя факты з біяграфіі Эдварда Вайніловіча. Выданне змяшчае як асабістыя дакументы нашага славутага земляка, так і ўспаміны пра яго, а таксама архіўныя паперы па гісторыі касцёла св. Сімяона і св. Алены ў Мінску.

Р. Юркоўскі піша, што Вайніловіч ведаў беларускую мову і свабодна ёю валодаў (с. 15). Праўда, у зборніку не прыведзена ніводнага дакумента, які б пра гэта сведчыў напрамую.

У той жа час цікавы ліст Вайніловіча да Мар’яна Здзяхоўскага 1927 г., у якім былы памешчык называе лацінскую і стараславянскую мовы “рытуальнымі” ў касцёле і царкве, а ўвядзенне ў богаслужэнне беларускай мовы лічыць непажаданым (с. 210).

Цікава, што свайго сына Вайніловіч назваў не Шыманам, а Сямёнам, у гонар свайго продка, які жыў 400 год таму (с. 32, 214), — Сямёна Сцецькі Вайніловіча. Дарэчы, камень з імем Siemion з надмагілля Сямёна Вайніловіча цяпер ляжыць каля касцёла, збудаванага ў яго памяць у Мінску.

Арыстакрат добра ведаў, што ў яго родзе былі спачатку Іваны, Барысы, Грыгоры і толькі потым Людвікі, Францішкі і інш. (с. 214, 257).

Продкі Вайніловіча былі рускімі (г. зн. праваслаўнымі) арыстакратамі Вялікага Княства Літоўскага, або, паводле тэрміналогіі самога памешчыка, беларусамі. Ён добра ведаў свае карані: і хаця лічыў сябе палякам з Беларусі, усведамляў, што ён тутэйшы, а не прыхадзень з Польскага Каралеўства.

Свае гістарычныя погляды Вайніловіч паўтараў не раз у перапісцы з Ядвігай Красіцкай (с. 156).

Пры гэтым, здаецца, Вайніловіч не быў прыхільнікам распаўсюджвання тэрміна “Літва” на свае землі, лічачы іх менавіта “Беларуссю” (с. 101). Літвою ён лічыў Вільню і ваколіцы. Пра гэта ён пісаў, у прыватнасці, у 1921 г. у лісце да Красіцкай. Гэты беларусацэнтрызм Вайніловіча — цікавая з’ява, паколькі літоўскі патрыятызм, з адсылкай да ВКЛ, быў у той час дастаткова распаўсюджаны сярод польскамоўных арыстакратаў, мяшчан, а з Беларуссю мясцовыя палякі сябе атаясамлівалі не так часта і ахвотна.

У яшчэ адным лісце да Красіцкай Вайніловіч падкрэсліваў, што Беларусь з'яўлялася большай часткай б. ВКЛ у параўнанні з этнаграфічнай Літвой. Мінск ён называў сталіцай Беларусі (с. 102).

У той жа час, у 1921 г., пішучы да Красіцкай, Вайніловіч выказваў меркаванне, што Польшча павінна сабраць у адно цэлае свае ўдзельныя землі, пад якімі разумеў таксама “Ускраіны” (Kresy), а менавіта — Беларусь (с. 105).

Аўтарытэтны дзеяч быў перакананы, што на працягу апошніх чатырох стагоддзяў сумеснага жыцця ў Рэчы Паспалітай Польшча не дэнацыяналізавала беларусаў. А вось у складзе Расіі хапіла б і двух пакаленняў беларусаў, выхаваных у рускай школе, на рускай вайсковай службе і на рускай літаратуры, каб яны пачалі шукаць асноў свайго гістарычнага існавання не ў Слуцку, Мінску і Полацку, а скарэй у Суздалі або Маскве (с. 257).

Вайніловіч правільна разумеў паходжанне беларускага нацыянальнага руху — з асяроддзя такіх творцаў як Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і іншых памешчыкаў беларускіх зямель, якія пачалі пісаць творы на беларускай мове ў ХІХ ст. (с. 254-255). Пры гэтым Вайніловіч, сімпатызуючы беларускаму нацыянальнаму руху, не прымаў любых сацыялістычных ухілаў (с. 254). У беларускім нацыянальным руху яму не падабалася, у прыватнасці, прапанова падзелу зямлі паміж парабкамі і сялянамі (с. 105). Гэтыя погляды абумоўлены тым, што Вайніловіч з’яўляўся ўладальнікам вялікіх абшараў зямлі і не хацеў яе пазбаўляцца, бо бачыў у ёй і сваю спадчыну і крыніцу ўлады, і аснову польскага элемента ў Беларусі.

Таму, бадай, не меў рацыі публіцыст Станіслаў Мацкевіч (Цат), які ў 1927 г. называў Вайніловіча тым, хто “ствараў Беларусь” (с. 251). У той жа час Вайніловіч прызнаваў карэнным насельніцтвам “ўсходніх ускраін былой Рэчы Паспалітай” беларускі народ (с. 253).

Адзін з сапраўдных айцоў беларускага нацыянальнага руху Антон Луцкевіч у 1935 г. называў Вайніловіча “палякам — грамадзянінам Беларусі і пры тым абшарнікам”, які спачуваў прыхільнікам незалежнасці Беларусі настолькі, наколькі тыя хацелі адарваць Беларусь ад Расіі, і адначасова марыў аб далучэнні гэтай краіны да Польшчы (с. 575).

Бліжэйшы калега і сябар Вайніловіча — Раман Скірмунт (у 1917–1918 гг. актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Мінску) — у 1932 г. называў яго “палякам да мозгу касцей”, які “адчуваў адзінства з мясцовым беларускім народам, прагнучы, каб ён прайшоў той самы шлях эвалюцыі, які прайшлі яго ўласныя продкі”. Але куды вёў гэты шлях? Магчыма, адказ крыецца ў параўнанні Скірмунтам Вайніловіча з шатландцамі з іх мясцовым патрыятызмам і адначасова брытанскай нацыянальнай ідэнтычнасцю (с. 629). У гэтым кантэксце Вайніловіч быў, так бы мовіць, беларусам-шатландцам і палякам-брытанцам.

У асобе Вайніловіча спалучаўся беларускі рэгіянальны (правінцыянальны) патрыятызм і польская нацыянальная самасвядомасць. Пры гэтым Вайніловічу былі чужыя як сацыялісты (а беларускія дзеячы таго часу былі пераважна сацыялістамі; не любіў арыстакрат і польскіх сацыялістаў (с. 200-201)), так і нацыяналісты (польскія нацыяналісты часта не разумелі сутнасці мясцовых праблем палякаў у Беларусі).

Вайніловіч вельмі крытычна, калі не негатыўна адносіўся да заключанага паміж Польшчай і РСФСР і УССР Рыжскага мірнага дагавора (с. 108), бо паводле яго ўмоў палова зямель Беларусі была пакінута Расіі, у т.л. яго родныя Случчына і Мінск.

Вайніловіч быў прыхільнікам аднаўлення Рэчы Паспалітай у граніцах 1772 г., пра што ён заяўляў, напрыклад, у тэлеграме Юзафу Пілсудскаму ад 13 лістапада 1919 г. ад імя Мінскага сельска-гаспадарчага таварыства (с. 193). Хаця, што цікава, і да Пілсудскага, як дзеяча сацыялістычнага руху, Вайніловіч захоўваў пэўную дыстанцыю.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Аўтар выказвае падзяку Дароце Фразэр (Dorota Fraser), супрацоўніцы аддзела распаўсюджвання Выдавецтва Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне за магчымасць азнаёміцца са зместам кнігі Umysł miał jasny i serce miłujące. Edward Woyniłłowicz w dokumentach i materiałach.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Вільні выйшла кніга пра Умястоўскіх, сяброў Дзюма-сына, Вагнера і землякоў Пазняка

23.02.2023 15:51
Літоўскі мастацтвазнавец Яланта Шыркайце напісала кнігу пра Умястоўскіх, вядомых у Беларусі па палацы ў Жамыславе, копіі варшаўскага ў Каралеўскіх Лазенках.