Беларуская Служба

У Варшаве дэбютаваў «BY тэатр»

04.05.2023 14:48
На сцэне варшаўскага Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага «BY тэатр» паставіў спектакль August — пра падзеі жніўня 2020 года і іх наступствы.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйнае фота.https://www.instytut-teatralny.pl/2023/02/28/august-premiera-spektaklu-niezaleznej-teatralnej-kompanii-by-teatr/

На сцэне варшаўскага Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага дэбютавала новая трупа — «BY тэатр». Трупа складаецца з ананімных артыстаў. Яны не называюць сваіх імён па прычынах бяспекі, не толькі і не столькі сваёй, колькі, у першую чаргу, сваіх блізкіх, якія засталіся ў Беларусі.

Прадзюсар і загадчык літаратурнай часткі «BY тэатра» расказалі, як у Польшчы нарадзіўся новы беларускі тэатральны калектыў. Прадзюсар тэатра ўспамінае, што гэта адбылося тады, калі многія тэатральныя акцёры пераехалі ў Польшчу з Беларусі і апынуліся без працы. Пры гэтым прадзюсар падкрэслівае адрозненне паміж становішчам беларусаў і ўкраінцаў у РП, якім таксама давялося пакінуць бацькаўшчыну.

Прадзюсар: — У людзей, якія прыехалі ў Польшчу з Украіны, ёсць надзея, што яны вернуцца ў сваю краіну, а мы не ведаем, калі зможам вярнуцца, і таму вырашылі стварыць такую суполку, якая магла б расказваць пра сваю культуру, пра сваю краіну, пра Беларусь працяглы час.

Мы працуем з нашымі польскімі партнёрамі, якія падтрымліваюць гэты праект. У нас няма свайго памяшкання, мы ставім спектаклі на сцэнах розных тэатраў, не толькі тэатраў, але і культурных устаноў, якія падтрымліваюць беларускую культуру. І гэта для нас вельмі важна. Таму ўсе спектаклі і праекты, якія мы будзем рабіць, будуць на беларускай мове, але з польскімі субтытрамі, каб палякам таксама было зразумела.

Загадчык літчасткі: — Нам важна не растварыцца ў польскай культуры і асяроддзі, а ў супрацоўніцтве з польскімі ўстановамі, з польскай культурай прасоўваць беларускую культуру. Як мы ведаем, тэатр у Беларусі цяпер не мае шмат магчымасцей для развіцця.

Прадзюсар: — Мне хочацца падзякаваць тым, хто падтрымаў нашу ініцыятыву. Гэта Цэнтр дыялогу імя Мерашэўскага, Тэатральны інстытут, Варшаўская абсерваторыя культуры і Тэатр Nowy — чатыры ўстановы, якія дапамаглі нам рэалізаваць гэты праект і ўвогуле адкрыць наш «BY тэатр».

Трупа «BY тэатра» дэбютавала яшчэ 25 сакавіка, у Дзень Волі, са спектаклем August. У ім на прыкладзе звычайнай беларускай сям'і расказваецца пра гераічныя і трагічныя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ў жніўні 2020 года: пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, калектыўную траўму беларускага грамадства.

Загадчык літчасткі: — Гэта спектакль паводле п'есы сучаснага беларускага драматурга. Я б сказаў, што гэта псіхатэрапеўтычны спектакль, і гэта мае асаблівае значэнне, бо Жнівень для беларусаў не скончыўся. Калектыўная падсвядомасць беларусаў моцна траўміравана. Гэта траўма не была прапрацавана, выказана, названа. І мы падумалі, што гэтая п'еса ілюструе ўсе думкі і пачуцці, якія цяпер варацца ў беларускіх галовах.

У чым сэнс сучаснага тэатра, у прыватнасці, «BY тэатра»?

Загадчык літчасткі: — Мы плануем новыя спектаклі і ствараем лабараторыю для сучасных драматургаў, міждысцыплінарныя лабараторыі з польскімі творцамі.

Мы не палітычны тэатр, і плануем розныя спектаклі, і дзіцячыя, і драмы.

Самае галоўнае для нас — захоўваць беларускую мову на эміграцыі.

Наша задача — адлюстроўваць рэчаіснасць, гаварыць з людзьмі пра тое, што цяпер адбываецца.

Мы не можам зазірнуць у будучыню, і можам толькі рабіць сваю справу. Самая галоўная мэта людзей — вярнуцца на радзіму. Я думаю, што (у нашым выпадку) займацца тэатрам — гэта і ёсць тая дзейнасць, якая можа наблізіць надыход вясны.

Вясна — гэта вобраз, у якім заключана адраджэнне Беларусі і вяртанне беларусаў з эміграцыі на радзіму. Гэта таксама і сінонім аднаўлення справядлівасці.

Як гэта можа адбыцца?

Прадзюсар: — Я ўпэўнена, што вайна Расіі з Украінай скончыцца тым, што Украіна, вядома, пераможа. І як толькі Украіна пераможа, Расея сыдзе з тэрыторыі Беларусі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Аўтар выказвае падзяку Ірыне Завіша за дапамогу ў падтрыхтоўцы матэрыяла.

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У варшаўскім «Усходнееўрапейскім доме» ёсць месца і для беларусаў

06.10.2022 15:56
Адным з партнёраў варшаўскага «Усходнееўрапейскага дома» стаў Цэнтр беларускай салідарнасці.