У 1934 г. сямнаццацігадовы Ян Мельяновіч вырашыў нелегальна перайсці мяжу — з Польшчы ў Савецкі Саюз. Ужо праз некалькі дзён ён быў арыштаваны. У 1937 г. ён быў прыгавораны «асобай тройкай» НКУС да расстрэлу. Цела маладога чалавека, які так і не пажыў на свеце, кінулі ў адну са шматлікіх калектыўных магіл-ям у Сандармоху, што ў Карэліі.
Сандармох у Мядзвежагорскім раёне Карэліі — месца расстрэлу тысяч людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча і Польскі інстытут у Санкт-Пецярбургу невыпадкова сочаць за тым, каб туды, як кажуць, не зарастала сцежка.
5 жніўня, у Міжнародны дзень памяці ахвяр Вялікага тэрору — сталінскіх рэпрэсій у СССР, у Сандармоху адбылася прэзентацыя польскага перакладу кнігі дзеяча пецярбургскага філіяла расійскага праваабарончага таварыства «Мемарыял» (забаронена рэжымам Пуціна) Ірыны Фліге «Сандормох: драматургия смыслов» («Сандармох. Драматургія сэнсаў») — Sandarmoch. Dramaturgia znaczeń. Кніга выйшла надоечы ў варшаўскім Цэнтры дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага (у супрацоўніцтве з Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу).
Дарэчы будзе сказаць таксама, што «Мемарыял» у 2022 годзе разам сярод іншых з беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім і яго праваабарончым цэнтрам «Вясна» атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.
Нельга не згадаць і даследчыка сталінскіх рэпрэсій, былога кіраўніка карэльскага аддзялення аб'яднання «Мемарыял» Юрыя Дзмітрыева, аднаго з даследчыкаў трагедыі Сандармоха. У снежні 2016 года ён быў арыштаваны пуцінскім рэжымам.
Кніга пра Сандармох упершыню ў Польшчы раскрывае гісторыю аднаго з найбуйнейшых месц забойства ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Яно стаіць у адным трагічным радзе з беларускімі Курапатамі.
Мацей Вырва, супрацоўнік Цэнтра дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага: — У карэльскім урочышчы Сандармох у 1937-1938 гадах быў расстраляны не менш як 6241 савецкі грамадзянін. Комплексная, прафесіянальная эксгумацыя тут ніколі не праводзілася і гэтую лічбу мы ведаем дзякуючы карпатлівай працы расійскіх даследчыкаў, у т.л. Юрыя Дзмітрыева, Анатолія Разумава і Ірыны Фліге. У ямах смерці Сандармоха апынуліся расстраляныя вязні, прывезеныя з Салавецкіх астравоў, вязні працоўных лагераў, якія цяжка працавалі на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Сярод забітых былі ахвяры г. зв. кулацкай аперацыі і аперацый супраць нацыянальнасцей СССР, у тым ліку г. зв Польскай аперацыі НКУС — аднаго з найбуйнейшых злачынстваў з прыкметамі генацыду ў гісторыі Еўропы ХХ стагоддзя.
Сярод забітых у Сандармоху было не менш за 240 палякаў і не менш за дваццаць чалавек іншых нацыянальнасцей, якія нарадзіліся ў даваеннай Рэспубліцы Польшча.
Мацей Вырва: — У Сандармоху спачываюць у адной магіле забітыя польскія каталіцкія свяшчэннікі — Юзаф Дземян, Юзаф Карпіньскі, Ян Лукач, Юзаф Кавальскі. Аднак пераважную большасць забітых складалі простыя сяляне і рабочыя.
У наш час у Сандармоху некаторыя з гэтых людзей увекавечаны.
Мацей Вырва: — Калі 27 кастрычніка 1997 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Мемарыяльных могілак ахвяр тэрору ў Сандармоху, адным з першых памятных знакаў стаў трохметровы каталіцкі крыж з дошкай, прысвечанай вязням Салаўкоў — палякам і свяшчэннікам.
У 2007 годзе намаганнямі генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Санкт-Пецярбургу і польскай нацменшасці быў усталяваны помнік у выглядзе стэлы з выгравіраваным пасярэдзіне каталіцкім крыжам і надпісам «Памяці палякаў, нявінных ахвяр сталінскіх рэпрэсій».
З часам былі ўстаноўлены і іншыя польскія памятныя знакі.
Памяць пра польскіх ахвяр у Сандармоху асабліва відаць у Міжнародны дзень памяці ахвяр Вялікага тэрору, які адзначаецца 5 жніўня. Стала традыцыяй, што ў гэты дзень сюды прыязджаюць польскія дыпламаты. У апошнія гады польскае консульства і Польскі інстытут у Санкт-Пецярбургу паклапаціліся аб арганізацыі паездак у Карэлію прадстаўнікоў акрэдытаванага ў Санкт-Пецярбургу дыпламатычнага корпусу. Перакананы, што прысутнасць польскіх дыпламатаў — гэта не толькі форма ўшанавання забітых суайчыннікаў, але і падтрымка тых расіян, якія да гэтага часу змагаюцца за праўду.
У Сандармоху прыкметны і ўкраінскі след: у ямах смерці ляжаць целы ўкраінскай інтэлектуальнай эліты, расстралянай падчас Вялікага тэрору.
Мацей Вырва: — Назаву толькі некаторых культурных дзеячаў: Мікалая Зерава, Валяр'яна Підмагільнага, Лэся Курбаса, Міколу Куліша; вучоных — географа Сцяпана Рудніцкага, філосафа Пятра Дэмчука; грамадска-палітычнага дзеяча Антона Крушальніцкага, царкоўнага дзеяча Уладзіміра Чахоўскага.
Гэта толькі некаторыя з соцень ахвяр украінскага «расстралянага Адраджэння», якія апынуліся ў ямах смерці Сандармоха.
Краса ўкраінскай інтэлігенцыі паэт Іван Драч сказаў, што «ў Сандармоху было расстраляна больш прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі, чым у Кіеве і Львове».
На жаль, сярод тых, хто ляжыць у карэльскай зямлі, ёсць і беларусы. Але ў Сандармоху дагэтуль няма ім помніка.
Мацей Вырва: — Я думаю, што гэта адбываецца таму, што рэжым Лукашэнкі не зацікаўлены ва ўшанаванні памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій ні ў Беларусі, ні тым больш у Расіі.
Арганізацыі беларускай нацменшасці ў Расіі практычна цалкам знаходзяцца пад кантролем улад Беларусі. Таму 5 жніўня, у Дзень памяці ахвяр Вялікага тэрору, ніхто не ўскладае кветак ад імя беларускай дзяржавы. Акрамя таго, забітыя там беларусы непрымальныя для лукашэнкаўска-пуцінскага бачання беларусаў і рускіх як «брацкіх» народаў ці нават «аднаго народа».
У безыменных магілах Сандармоха ляжаць беларусы, пра палітычныя погляды якіх можна дыскутаваць, але для іх важныя былі беларуская мова і культура.
У гэтай карэльскай глушы былі расстраляны дзеячы Беларускай работніцка-сялянскай грамады (створана ў 1926 г. у РП для легалізацыі дзейнасці актывістаў Кампартыі Заходняй Беларусі, філіяла Кампартыі Польшчы. — Рэд.) і дэпутаты Сейма РП Флягонт Валынец і Павел Валошын. Там жа спачываюць і іншыя беларускія палітычныя дзеячы — Максім Бурсевіч і Язэп Мамонька. У Сандармоху расстраляны і пахаваны выдавец, кампазітар і збіральнік беларускага фальклору Антон Грыневіч.
Я згадваў польскае духавенства, але ў той жа магіле спачывае цела Яна Жаўрыда, беларускага каталіцкага свяшчэнніка, які служыў у Мазыры і Бабруйску — да таго, як быў арыштаваны, асуджаны і расстраляны.
Больш падрабязна пра многія факты з гісторыі Сандармоха і яго ахвяр можна даведацца з кнігі Ірыны Фліге.
Мацей Вырва: — Кніга Ірыны Фліге — не чарговая навуковая праца, прысвечаная феномену мемарыяльных мясцін. Гэта жывая, маляўнічая гісторыя пра шматгадовыя пошукі сямей загінуўшых, якія проста хацелі даведацца праўду пра лёсы сваіх блізкіх.
Гэта таксама гісторыя пра барацьбу і рашучасць актывістаў «Мемарыяла», якія праследуюцца ў сучаснай Расіі: яны шукаюць, каб годна ўшанаваць памяць бязвінных ахвяр савецкіх злачынстваў, усіх ахвяр, незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці, палітычных перакананняў.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё