Беларуская Служба

Капернік і Скарына вучыліся ў адных і тых жа універсітэтах: цяпер пра гэта выходзяць кнігі

11.01.2024 16:01
Інстытут Polonika выдаў кнігу Ольгі Кухарчык пра Падуанскі ўніверсітэт.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". О.Кухарчык пра Падуанскі ўніверсітэт.
 .  Herby przedstawicieli nacji polskiej na Uniwersytecie Padewskim. Katalog znaków heraldycznych.
Кніга О. Кухарчык Herby przedstawicieli nacji polskiej na Uniwersytecie Padewskim. Katalog znaków heraldycznych.https://polonika.pl/fotorelacja/olga-kucharczyk-pdwa-palac-pod-blacha

Італьянская культура, адукацыя ў Сярэднявякоўі і пазней аказалі значны ўплыў на Польшчу і палякаў, на Беларусь і беларусаў. Дастаткова сказаць, што выпускнікамі Падуанскага ўніверсітэта ў XVI ст. з'яўляліся астраном Мікалай Капернік, паэт Ян Каханоўскі, грамадска-культурны дзеяч Ян Замойскі (1542-1605). А сярод ураджэнцаў Беларусі самы вядомым выпускніком быў Францыск Скарына.

Шлях палякаў і беларусаў на вучобу ў італьянскую Падую часта вёў праз Кракаў, тамтэйшы ўніверсітэт. Так было і ў выпадку Францыска Скарыны, ураджэнца Полацка. Яшчэ да таго, як ён стаў друкаром, выдаўцом Бібліі, ён у 1504 г. паступіў вучыцца ў Кракаўскі, або Ягелонскі ўніверсітэт на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі.

Падуанскія дакументы называюць Скарыну доктарам вольных навук і прафесарам. Не пазней за восень 1512 года Францыск Скарына прыбыў у Падую, каб атрымаць ступень доктара медыцыны.

Падуанскі ўніверсітэт, заснаваны яшчэ ў 1222 годзе, прыцягваў да сябе прафесараў і студэнтаў з розных краін Еўропы. Да часу прыезду Скарыны ва ўніверсітэце прайшлі навучанне не менш за 36 тысяч студэнтаў, з іх каля 16 тысяч былі іншаземцамі. Універсітэт меў чатыры факультэты: свабодных мастацтваў, права, медыцыны і багаслоўя. Медыцынскі факультэт, атрымаўшы самастойнасць у XIV ст., меў асаблівую міжнародную папулярнасць. Так, у 1501-1503 гадах у Падуі вывучаў медыцыну і права Мікалай Капернік.

Скарына прыехаў у Падую ў цяжкі для горада час. Венецыянская рэспубліка, у склад якой уваходзіла Падуя, знаходзілася ў стане вайны са Свяшчэннай Рымскай імперыяй і Папскай дзяржавай. Універсітэт у сувязі з ваеннымі падзеямі 1509-1516 гадоў быў практычна закрыты. Аднак доктарскія экзамены калегія ўніверсітэта ўсё ж прымала.

Дакументацыя ўніверсітэта захавалася даволі добра. Пасяджэнне калегіі дактароў вольных мастацтваў і медыцыны адбылося ў царкве святога Урбана 5 лістапада 1512 года а 10 гадзіне раніцы. Адкрыў сход віцэ-прыёр калегіі Тадэа Мусаці, які ва ўступным слове прадставіў кандыдата: «Францыск, ён сын нябожчыка Лукі Скарыны з Полацка, русін». Пасля ў залу запрасілі Скарыну, ён «пакорліва і пачціва прасіў дапусціць яго да экзаменаў па медыцыне». Затым калегія прыступіла да абмеркавання. Падчас галасавання ўсе дактары выказаліся за допуск Скарыны да экзаменаў.

Першы экзамен адбыўся 6 лістапада 1512 года а 3 гадзіне. Калегія прызнала, што Скарына «варты быць дапушчаным да асобага экзамену па медыцыне». Уласна экзамен адбыўся 9 лістапада 1512 года ў палацы біскупа. Аднак гэта была хутчэй загадзя падрыхтаваная парадная цырымонія, бо пытанне з прысваеннем ступені было вырашана яшчэ 6 лістапада.

Падуанскі ўніверсітэт захаваў памяць пра Францыска Скарыну. У адну з аўдыторый, названую Залай сарака, перанеслі кафедру, з якой, як лічыцца, чытаў лекцыі Галілеа Галілей, а таксама павесілі сорак партрэтаў найбольш знакамітых выхаванцаў універсітэта. Партрэты напісаны тэмперай на палатне і размешчаны ў два рады. Партрэт Скарыны знаходзіцца ў другім радзе: злева ад яго выява знакамітага польскага паэта Яна Каханоўскага. Акрамя Скарыны, у зале знаходзіцца выява караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Партрэты намаляваны ў 1940-х гадах італьянскім мастаком Джакама даль Форна. У верхняй частцы партрэта змешчаны надпіс: Franciscus Skoryna de Poloczko 1512.

Супрацоўніца Нацыянальнага інстытута польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika мастацтвазнавец Ольга Кухарчык напісала кнігу пра Падуанскі ўніверсітэт — Herby przedstawicieli nacji polskiej na Uniwersytecie Padewskim. Katalog znaków heraldycznych («Гербы прадстаўнікоў польскай нацыі ў Падуанскім універсітэце. Каталог геральдычных знакаў»), якую выдала Polonika. Маляўнічы альбом прадстаўляе 117 з усяго 3200 гербаў (сярод іх 82 — палякаў, 11 — жыхароў Гданьска і 2 — ураджэнцаў Вялікага княства Літоўскага) у найстарэйшым універсітэцкім будынку — палацы Palazzo del Bo.

Адным з герояў кнігі Кухарчык з'яўляецца астраном Мікалай Капернік. Праўда, яго ўвекавечванне ў сценах Падуанскага ўніверсітэта не «стандартнае» — без герба.

Ольга Кухарчык:Каперніка ўвекавечвае памятная дошка з інфармацыяй аб яго знаходжанні і навучанні ў Падуі. Яна была ўстаноўлена ў XIX стагоддзі. І таму з'яўляецца выключэннем з правіла. Бо гербавыя памятныя дошкі звычайна вешалі яшчэ пры жыцці таго ці іншага студэнта з Польшчы — у XVI-XVII стагоддзях. А памятная дошка ў гонар Каперніка з'явілася ў сувязі з адным з юбілеяў вучонага.

З кнігі О. Кухарчык мы даведваемся, што гэта было каля 1873 года. Як і Скарына, Капернік пачаў вучобу ў Кракаўскім універсітэце — у 1491 годзе, а скончыў яго ў 1495 годзе, не атрымаўшы, аднак, ніякага навуковага звання. У Італіі Капернік вучыўся з 1497 года — спачатку ў Балонні, на юрыста. Ольга Кухарчык адзначае, што Капернік паступіў у Падуанскі ўніверсітэт толькі пасля таго, як атрымаў у 1501 годзе на гэта згоду, а па сутнасці накіраванне ад Вармінскай капітулы. У італьянскай ВНУ выхадзец з Польшчы атрымаў ступень доктара медыцыны. Ужо ў 1503 годзе Капернік вярнуўся ў Польшчу. Тады яму было 30 год.

Ольга Кухарчык падкрэслівае асаблівую каштоўнасць гербаў палякаў у Падуанскім універсітэце.

Ольга Кухарчык:Гэта найлепшы польскі геральдычны цыкл за мяжой. Калі б мы разглядалі гэтыя гербы ў кантэксце нашага часу, то можна сказаць, што іх уладальнікі пакінулі на сценах Падуанскага ўніверсітэта свае візітныя карткі.

Праўда, трэба адзначыць, што не ўсе студэнты з Польшчы, пра якіх сёння нагадваюць іх гербы, скончылі італьянскі ўніверсітэт, атрымалі дыплом. Затое некаторыя з іх займалі пасады ў Падуанскім універсітэце — да прарэктара і рэктара, як у выпадку Яна Замойскага, рэктара правазнаўцаў.

Дарэчы, размеркаванне гербаў на сценах не было выпадковым. Яны адпавядалі структуры ўніверсітэта таго ці іншага года. Такім чынам, ад герба рэктара ці прарэктара адыходзяць своеасаблівыя адгалінаванні — гербы асоб, звязаных з кіраўніцтвам навучальнай установы, якія належалі да ўніверсітэцкай адміністрацыі.

Гэтыя гербы сведчаць аб тым, што тая ці іншая асоба навучалася ва ўніверсітэце, завяршыла дактарантуру па правазнаўстве або па медыцыне.

Аднак некаторыя не заканчвалі навучанне. Здаралася, што Падуанскі ўніверсітэт толькі ляжаў па шляху ў іншы ўніверсітэт. У той час было модным падарожжа па ўніверсітэтах з калекцыянаваннем пасведчанняў аб тым, што студэнт пабываў на некалькіх лекцыях у таго ці іншага італьянскага прафесара ў адным універсітэце.

Часам таксама атрымлівалі па пратэкцыі пасаду ў Падуанскім універсітэце, а затым, складаючы свае паўнамоцтвы, пераязджалі ў іншую навучальную ўстанову, дзе таксама атрымлівалі адпаведныя пасведчанні.

Ольга Кухарчык дадае, што ў Падуі фактычна было два ўніверсітэты — правазнаўчы і мастацтвазнаўчы. Праўда, у выпадку апошняга гаворка ішла не пра жывапіс ці скульптуру, а пра г.зв. свабодныя навукі — тэалогію, філасофію і медыцыну.

Такім чынам, як ужо было сказана, Капернік таксама атрымаў у Падуі медыцынскую адукацыю. Ольга Кухарчык невыпадкова робіць на гэтым акцэнт.

Ольга Кухарчык:У Падуі атрымала адукацыю цэлая плеяда выдатных медыкаў, якія затым прыехалі ў Польшчу і пачалі развіваць тут медыцыну. Гэта былі пераважна жыхары Гданьска, а таксама Кракава. Яны перадавалі свой вопыт у Польшчы, атрыманы ад выдатных італьянскіх педагогаў. Так што медыцына на еўрапейскім узроўні прыйшла да нас, у прыватнасці, з Падуі.

Але, вядома, падкрэслівае вучоная, адукацыя такога ўзроўню была ў той час даступна нямногім, а вось мода на яе трымалася доўга.

Ольга Кухарчык:Спачатку нават нямногім шляхціцам гэта было па кішэні. Гэта ўсё мог сабе дазволіць чалавек з вельмі багатай сям'і. Ды да таго ж, патрэбна была пратэкцыя.

Пачнём з таго, што само падарожжа з Польшчы каштавала вялізарных грошай. Затым — пражыванне ў Італіі: гэта чарговыя расходы. А калі прадстаўнікоў «польскай нацыі» выбіралі на высокія пасады ў Падуанскім універсітэце, то для таго, каб весці свецкі лад жыцця, таксама трэба было мець капітал.

Паколькі Падуя ўваходзіла ў склад Венецыянскай рэспублікі, то адбываліся дзелавыя паездкі ў Венецыю. Таму на ўсе паездкі і іміджавыя мерапрыемствы трэба было спачатку адкласці сродкі.

Больш цікавых фактаў вы знойдзеце ў кнізе Ольгі Кухарчык. Дарэчы, яе даследаванне дапоўнена нарысамі вучонага Франка Бенучы з сучаснага Падуанскага ўніверсітэта і Міраслава Ленарта з Апольскага ўніверсітэта, які кіруе праектам, звязаным з 800-годдзем Падуанскага ўніверсітэта.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Следам за Кракавам у сталіцы Літвы праходзіць выстаўка віленскіх мастакоў 1918-1948 гг., у каталогах якой ёсць і беларусы

07.12.2023 15:54
Выстаўка «Wilno, Vilnius, Vilne. 1918-1948 гг. Адзін горад — шмат гісторый» да пачатку лютага адкрыта ў Нацыянальнай мастацкай галерэі сталіцы Літвы.