Dziennik Gazeta Prawna паведамляе пра планаваныя змены ў працаўладкаванні іншаземцаў. Калі рэформа будзе праведзена, тады замежнік зможа працаваць у Польшчы толькі на падставе працоўнай дамовы. Калі наймальнік заключыць з ім іншы від дамовы, напрыклад, дагавор umowy-zlecenia (тэрміновы дагавор на аказанне платных паслуг), іншаземец не зможа атрымаць дазвол на легальнае працаўладкаванне.
“Гэта будзе рэвалюцыя” – заяўляюць эксперты. На іхнюю думку, гэта надта вялікае ўмяшанне дзяржавы ў свабоду эканамічнай дзейнасці. Парадаксальна, яно можа прывесці да пашырэння шэрай зоны ў галіне працаўладкавання іншаземцаў. Можа здарыцца, што абставіны працы замежніка, напрыклад, у галіне ІТ, не адказваюць патрабаванням працоўнага дагавору. Такім чынам, нельга будзе заключыць легальныя дамовы з вялікай групай іншаземцаў.
Пры гэтым, законапраект нічога не мяняе ў так званым украінскім спецзаконе. Гэта значыць, што грамадзяне Украіны далей змогуць працаваць на падставе іншых дамоў з наймальнікам, чым працоўны дагавор. Такім чынам, украінцы трапяць у лепшую сітуацыю, чым прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў у Польшчы.
Законапраект прадбачвае таксама некалькі іншых навінак, якія павінны абмежаваць магчымасць нелегальнага працаўладкавання іншаземца. Напрыклад, наймальнікі павінны будуць адпраўляць у дзяржаўныя структуры копіі дагавораў, заключаных з гэтай групай супрацоўнікаў. Дзякуючы гэтаму, дзяржава зможа лепш кантраляваць дадзены аспект працоўнага рынку – ці іншаземцы, якія атрымалі дазвол на працу, сапраўды працуюць легальна ў Польшчы. Законапраект прадугледжвае таксама павышэнне штрафаў за нелегальнае працаўладкаванне замежніка.
нг