У 2014 годзе расійскі рэжысёр Жора Крыжоўнікаў выпусціў кароткаметражны фільм «Нечаянно» (Незнарок). Стужка прадстаўлялася як навагодняя чорная камедыя ды нават атрымала прыз кінафестывалю «Кінатаўр» за лепшы кароткаметражны фільм у тым жа годзе. Сюжэт фільма нечым нагадвае прозу Дастаўскага, гэта гісторыя Колі, які за некалькі гадзін да Новага года заходзіць да пажылой суседкі за соллю і незнарок забівае яе. Яго сям’я вырашае схаваць забойства і пакрывае злачынцу.
Напярэдадні бягучага года польская блогерка Andromeda размясціла гэты фільм на YT, пазначыўшы, што гэта найлепшы святочны фільм, які паказвае сапраўдную расійскую ментальнасць. За месяц фільм прагледзела амаль паўмільёна палякаў. У каментарах польскіх гледачоў дамінавала параўнанне з сённяшнімі часамі ды расійскай агрэсіяй на Украіну: быццам бы ўбачыў «расійскую нацыю», якая прыйшла да суседзяў і прынесла «рускі мір»; забіць гаспадара, захапіць яго кватэру, і ўсё гэта ў мэтах самаабароны. Гучыць вельмі знаёма і так добра вядома з гісторыі...
Нават прыводзілася параўнанне з прамовай Пуціна аб агрэсіі супраць Украіны, што «Коля» не можа пачувацца ў бяспецы, развівацца і існаваць пад пастаяннай пагрозай з боку Вольгі Канстанцінаўны, і яму не засталося іншага выйсця апроч спецаперацыі малатком для мяса».
Тое, што ў Польшчы заўважылі цяпер, у Расіі некаторыя казалі пра гэта даўно, але там перамог іншы курс на агрэсій ды дэструкцыю, перакананы палітолаг Павал Усаў.
- Гэта не першы фільм, якія спрабаваў апісаць расійскіх характар, што склаўся за часы пуцінскага кіравання. Быў «Левіятан» і «Дурак», якія паказвалі сутнасць расійскай дзяржавы і грамадства. Мастацкая літаратура і расійская кінематаграфія часта спрабавала паказаць сапсаванасць палітычных эліт ды грамадства.
Калі людзі культуры папярэджвалі і казалі пра гэтую праблему, чаму тое, што паказвалася як паталогія, стала нормай для расіян, калі паглядзець на тое, што яны робяць ва Украіне?
- Гэта заўсёды было нормай, - вось у чым праблема. Творчыя асобы паказвалі паталогію, але агрэсіўнасць у Расіі - норма. Гэта як для цывілізаванага чалавека - канібалізм азначаў варварства, а мясцовая супольнасць успрымала гэта нармальным культурным кодам. У Расіі тое самае, што нам здаецца варварствам, там культывуецца.
Гэтым пуцінская Расія пераплюнула нават Савецкі Саюз, зазначае наш суразмоўца
- У савецкія часы фільмы ды кнігі імкнуліся ў людзей пакідаць пазітыўныя эмоцыі, а ў сённяшняй Расіі большасць фільмаў ды серыялаў прасякнутыя карупцыяй, сацыяльнай безвыходнасцю. Там дамінуе мадэль з фільму «Саранча», што трэба накрасці ды збегчы з краіны, якая ўспрымаецца як прастора да таго, каб асобныя людзі маглі “жыраваць”. Уся расійская масавая культура сёння скіраваная на тое, каб насаджваць у грамадстве агрэсію. Галоўнае – каб нас баяліся. Асноўная мэта не нешта прыўнесці добрае ў свет, а проста знішчэнне, непрыкрытая агрэсія ды палітычны фундаменталізм, які выказаў Пуці: або Расія, або нішто.
Гэта бачна па тых тэрыторыя, куды Прайшла Расія. Няма ніводнай, якая б развівалася, дзякуючы кантактам з Масквой, зазначае палітолаг.
- Страх і агрэсія – гэта на сённяшні дзень культурны код Расіі. Крэмль дэманструе сілу, вынішчаючы тэрыторыі. Там куды праходзіць Расія: ва Украіне, Грузіі ці Прыднястроўі, мы бачым толькі разруху. Расія не стварыла ніводнай тэрыторыі, якую б можна назваць развітой.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч