Пасля захопу ў верасні 1939 года ўсходняй Польшчы, што ў беларускай і савецкай гістарыяграфіі вядома як «уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР», ва ўсходнія раёны СССР былі ў 1940-1941 гадах, у выніку чатырох дэпартацый, выселены не менш за 320 тысяч чалавек — перш за ўсё палякі, але не толькі, былі сярод рэпрэсіраваных і беларусы, а таксама яўрэі, украінцы.
К 81-й гадавіне нападу СССР на Польшчу, што адзначалася 17 верасня, Цэнтр польска-расійскага дыялогу і згоды і фонд Ośrodek Karta выдалі кнігу „Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41” («Перапыненыя біяграфіі. Сведчанні дэпартаваных з Польшчы ўглыб Савецкага Саюза ў 1940-1941 гадах»).
«...Яны прыйшлі па нас. Мамы не было. У той дзень яна паехала за горад па ежу. З намі засталіся бабуля і дзядуля. А гадзіне ночы нас разбудзіў моцны стук у дзверы і вокны. Аканіцы былі зачыненыя, мы не бачылі, хто стукае. Рускія салдаты з вінтоўкамі ўварваліся, адчайна крычучы: «Давай, збірайся, пайшлі на двор!» У начной кашулі і басанож я выйшла паглядзець, што адбываецца. Бабуля ўстала на калені перад салдатамі і, плачучы, тлумачыла ім, што нікуды не пойдзе без дачкі і мацеры чацвярых маленькіх дзяцей, не кажучы ўжо пра тое, каб адпусціць дзяцей адных. Але яны адказалі: «Бабуля, не плачце, Масква слязам не верыць!», — гучыць голас з мінулага са старонак кнігі „Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41”, складзенай з успамінаў і дзённікаў тых, хто перажыў дэпартацыі. Дакументы на працягу больш як чвэрці стагоддзя збіралі ў фондзе Ośrodek Karta. Важкі і важны том уклала Эва Каладзейская–Фуэнтэс.
Эва Каладзейская–Фуэнтэс: — Першая дэпартацыя пачалася 10 лютага 1940 года. Гэта была самая масавая дэпартацыя, якая ахапіла 141 тысячу грамадзян даваеннай Рэспублікі Польшча. З іх 80% складалі палякі, а па 8% беларусы і ўкраінцы, якія таксама жылі на тэрыторыі РП.
Першая, лютаўская, дэпартацыя 1940 года ахапіла перш за ўсё асаднікаў — як вайсковых, так і цывільных, а таксама сем’і супрацоўнікаў лясных служб.
Паводле «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы», асаднік — «у Польшчы ў перыяд з 1920 па 1939 год — урадавы пасяленец-каланіст на заходнебеларускіх, пераважна пагранічных землях».
Эва Каладзейская–Фуэнтэс: — Энкавэдзісты прыходзілі ў дамы людзей рана раніцай. І ў большасці ўспамінаў людзі пішуць, што гэта было чымсьці раптоўным. Таксама людзі не заўсёды ведалі, што з сабой узяць, што можна ўзяць, што можа спатрэбіцца, былі пэўныя абмежаванні. Першай дэпартацыі, мабыць, ніхто не чакаў. Яна праходзіла ў марознае надвор'е, тэмпература даходзіла да мінус 30 градусаў. Наступных ссылак таксама ніхто не чакаў, аднак людзі разумелі, што савецкія ўлады могуць дэпартаваць польскіх грамадзян з акупіраваных усходніх абласцей даваеннай Польшчы, якія знаходзіліся пад савецкім кантролем.
Сярод дэпартаваных асаднікаў былі часта шматдзетныя сем'і — з чатырма, пяццю, а то і шасцю дзецьмі. Разам з імі таксама былі дэпартаваны дзядулі і бабулі. Калі хтосьці і заставаўся, то гэта былі далёкія сваякі.
Эва Каладзейская–Фуэнтэс дадае, што тыя сасланыя, у каго заставаліся сваякі ў былой усходняй Польшчы (Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. — Рэд.), маглі атрымліваць ад іх пасылкі. Аднак пасылкі ішлі да атрымальніка некалькі тыдняў.
Эва Каладзейская–Фуэнтэс: — Другая дэпартацыя адбылася 13 красавіка 1940 года, і тады былі дэпартаваны сем’і асоб, якія былі арыштаваны савецкімі ўладамі, а таксама польскіх ваеннапалонных. Сярод выселеных былі перш за ўсё жонкі, мацеры, г.зн. у большасці жанчыны, а таксама дзеці. І гэта дэпартацыя датычыла 61 тысячы чалавек, якія былі высланы ў Казахстан.
Кніга „Przerwane biografie. Relacje deportowanych z Polski w głąb Sowietów 1940–41”.
Эва Каладзейская–Фуэнтэс расказвае гісторыю Ірэны Бандаровіч, чый муж быў расстраляны як «катынскі палонны» ў Харкаве. Сама ж пані Ірэна была саслана 13 красавіка 1940 года з малалетнім сынам у Казахстан. Яна ўвесь час у ссылцы спадзявалася, што яе муж жывы і пісала лісты, але не атрымлівала адказаў. Аднак гэта надзея, якая не памірала, падтрымлівала дух жанчыны. Яе лёс у Казахстане быў тыповы для дэпартаваных полек. Цікава, што іх саслалі не на катаржныя работы. Аднак яны не маглі не працаваць, бо павінны былі зарабляць на жыццё. Таму ўсе, прыбываючы на месца ссылкі, ішлі ў калгасы або саўгасы, і працавалі або ў полі, або на фермах.
Эва Каладзейская–Фуэнтэс: — Трэцяя дэпартацыя адбылася ў чэрвені 1940 года і ахапіла г.зв. бежанцаў — людзей, якія ўцяклі з заходніх і цэнтральных тэрыторый Польшчы, занятых пасля 1 верасня 1939 года нямецкім войскам, на ўсходнія землі РП.
Большасць з дэпартаваных падчас «трэцяй хвалі» — 80 тысяч чалавек — складалі асобы яўрэйскай нацыянальнасці.
Чацвёртая дэпартацыя савецкімі ўладамі не была праведзена ў поўным аб’ёме, бо адбылася ў чэрвені 1941 года, калі немцы напалі на СССР. Яна закранула тэрыторыі Літвы і Латвіі, і калі гаварыць пра палякаў, то іх колькасць сярод высланых складала каля 30-40 тысяч чалавек.
Усяго ж трапілі ў лагеры ці былі дэпартаваны ў 1939-1941 гадах паўмільёна грамадзян Польшчы. Частцы дэпартаваных яшчэ ў перыяд Другой сусветнай вайны ўдалося выехаць з Савецкага Саюза ў складзе Арміі Андэрса.
Эва Каладзейская–Фуэнтэс: — У жніўні 1941 года была абвешчана амністыя польскім грамадзянам, і дэпартаваныя маглі пакінуць спецпасёлкі ссыльных і лагеры. Тым, каму ўдалося выехаць з паўночных абласцей СССР — Архангельскай, Валагодскай, Комі АССР і інш. — і дабрацца на поўдзень, дзе стваралася Армія Андэрса, пашанцавала: яны пакінулі межы СССР. Гэта прыкладна 40 тысяч цывільных асоб — у асноўным жанчыны і дзеці, і 120 тысяч мужчын, якія выйшлі з СССР у складзе Арміі Андрэса.
Не ўсім удалося выехаць са спецпасёлкаў. Па-першае, вельмі позна атрымлівалі пасведчанні — у верасні, часам у кастрычніку. На поўначы СССР ужо ўвосень дарогі былі непраезныя, рэкі замярзалі. Таму не ўсе змаглі выехаць. А некаторыя і не хацелі, бо баяліся ехаць на поўдзень, бо гэта была дарога ў невядомасць, не было вядома, куды дакладна ехаць. І, дарэчы, ва ўспамінах людзі пішуць, што падарожжа цягнікамі на поўдзень доўжылася некалькі тыдняў.
Цягнікі курсіравалі з аднаго месца ў другое не заўсёды паводле раскладу. Гэта адбывалася ўжо пасля нападу Германіі на СССР — на гэтай тэрыторыі панаваў хаос.
Самыя трагічныя гісторыі — пра дзяцей, якія загінулі, прапалі. Нехта з бацькоў пайшоў на станцыю па ежу, а ў гэты момант цягнік з дзецьмі з’ехаў. Або наадварот, дзіця выйшла з цягніка, састаў крануўся, і дзіця засталося на станцыі. Было многа сірот і такіх сямей, якія былі падзелены падчас гэтага падарожжа.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё