Беларуская Служба

Выйшла кніга выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта па гісторыі Гродна

12.11.2020 10:02
Новая кніга прафесара Вячаслава Шведа «Летапіс Гродна. 1005–1995» тэматычна працягвае выданне «Кронон», якое ўбачыла свет у 1993 годзе.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Выйшла кніга В.Шведа пра Гродна.
      . 10051995.
Прафесар Вячаслаў Швед з кнігай «Летапіс Гродна. 1005–1995». Viktar Korbut

У сакавіку 2020 года тыражом 99 экзэмпляраў у гродзенскім выдавецтве «Юрсапрынт» выйшла кніга выкладчыка кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага універсітэта прафесара Вячаслава Шведа «Летапіс Гродна. 1005–1995». Горад гэты важны як у гісторыі Беларусі, так і ў гісторыі Польшчы.

Ідэя напісання кнігі пра гісторыю Гродна нарадзілася ў краязнаўца, рабочага завода “Азот” Алеся Госцева.

Вячаслаў Швед: — Алесь Госцеў першым у Гродзенскай вобласці пачаў выкарыстоўваць электронна-вылічальную тэхніку ў краязнаўчай рабоце. Я пачаў працаваць у Гродзенскім універсітэце ў 1982 годзе. У канцы 1980-х гадоў доктар гістарычных навук прафесар Міхась Ткачоў пазнаёміў мяне з Госцевым. Той прынёс яму камп’ютарную раздрукоўку сваёй храналогіі Гродна. Міхаіл Аляксандравіч папрасіў, каб я паглядзеў і адказаў, ці варта яе публікаваць. Я ўважліва прачытаў і зрабіў чырвоным стрыжнем заўвагі па тэксце. Іх было столькі, што Алесь прапанаваў мне разам з ім напісаць храналогію Гродна. Я згадзіўся і ў працэсе працы выказаў ідэю пра неабходнасць другой часткі кнігі — пра асоб, якія звязаны з горадам.

Так, у выніку ўтварэння творчага тандэма Госцеў–Швед у 1993 годзе выйшла на рускай мове кніга “Кронон. Летопись города на Немане”, назва якой паходзіць ад сярэдневяковай назвы ракі Нёман, на якой стаіць Гродна. Кніга была прысвечана светлай памяці Міхася Ткачова.

Вячаслаў Швед: — Слова “Кронан” пасля выхаду нашай кнігі стала вельмі папулярным у Гродне. ТАА “Кронан” пачало выпускаць дзіцячыя і маладзёжныя веласіпеды. “Кронанам” назвалі гасцініцу, гарэлку, цыгарэты, хлеб. Гродзенскі “Кронан парк атэль” запрашае ў рэстаран “Кронан”. З’явіліся гродзенская гандбольная каманда “Кронан”, з той жа назвай — каманда па інтэлектуальнай гульні брэйн-рынг, клуб спартыўнага арыентавання.

Часам даходзіла да парадоксаў — аднойчы ўбачыў у рэкламным акне кінатэатра “Чырвоная зорка” запрашэнне на святкаванне дня горада Кронана (відаць, нехта падумаў, што так называлі калісьці Гродна).

У 2009–2010 гадах у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце выйшаў дапаможнік па курсе “Краязнаўства” для студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцей. У 2012 годзе на яго аснове ўбачыла свет ілюстраваная кніга “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада”.

Кніга “Летапіс Гродна. 1005–1995”, якая ўбачыла свет на беларускай мове, істотна дапаўняе і ўдакладняе "Кронон" 1993 года. Алесь Госцеў стаў рэцэнзентам новага выдання.

Вячаслаў Швед:У 1993 годзе мы з Алесем Госцевым далі абяцанне выдаць кнігу пра Гродна на беларускай мове. І вось цяпер, праз шмат гадоў, я вырашыў выканаць абяцанне — выдаць працяг “Кронона”, але ў іншым фармаце. За апошнія тры гады я апрацаваў новыя даныя з літаратуры, гістарычных крыніц, якія ляглі ў аснову кнігі “Летапіс Гродна. 1005–1995”. Кніга складаецца з 320 старонак. Гэта першая поўная храналогія гісторыі Гродна. Для параўнання, у “Крононе” храналогія займае 118 старонак.

Прафесар Вячаслаў Швед адзначае, што дата заснавання Гродна дагэтуль застаецца дыскусійнай у навуцы.

Вячаслаў Швед:У “Крононе” храналогія пачынаецца з 1116 года. Улады ж Гродна і тады, і цяпер прызнаюць датай заснавання Гродна 1128 год. Датай нараджэння горада, як прынята ў навуцы, лічыцца першая згадка яго ў летапісе. Гэта быў 1128 год, як дагэтуль лічылі і многія гісторыкі. Аднак мы з Госцевым высветлілі, што правільная дата — 1127 год, што звязана з асаблівасцямі тагачаснага летазлічэння, у прыватнасці, г.зв. ультрасакавіцкім годам. Пад 1116 годам у Іпацеўскім летапісе ўпамінаўся гарадзенскі князь, а значыць, тады ўжо існаваў і Горадзен.


Кнігі «Летапіс Гродна. 1005–1995» і «Кронон».
Кнігі «Летапіс Гродна. 1005–1995» і «Кронон».

Вячаслаў Швед знайшоў у гістарычнай літаратуры звесткі пра тое, што Горадзен мог існаваць ужо ў 1005 годзе. І хаця гісторык робіць агаворку, што гэта інфармацыя патрабуе праверкі, усё ж ён рызыкнуў пачаць летапіс свайго роднага горада з далёкага мінулага.

Вячаслаў Швед:У кнізе вы знойдзеце звесткі як пра тых жыхароў горада, якія тут нарадзіліся, так і пра тых, хто прыехаў сюды з іншых месц, але без якіх немагчыма ўявіць яго гісторыю, як, напрыклад, польская пісьменніца Эліза Ажэшка. Яна прыехала сюды і жыла з 1860-х гадоў да сваёй смерці ў 1910 годзе. Таксама тут доўга жыла польская пісьменніца Зоф’я Налкоўская. Я пішу і пра тых, хто нарадзіўся, але потым з’ехаў з горада. Гэта, напрыклад, польскі фізік Здзіслаў Урублеўскі. Успомнім таксама, што ў Гродне жыў педагог і этнограф Адам Багдановіч, яго маленькі сын Максім — будучы беларускі паэт. У Гродне ёсць музей Багдановіча, але знаходзіцца не ў тым доме, у якім жыў паэт і яго бацькі, а падобны. Варта ўспомніць і пра гісторыка і археолага Юзафа Ядкоўскага, які не нарадзіўся ў Гродне, але стварыў тут гістарычны музей, які працуе дагэтуль. А Яніна Казлоўская–Студніцкая стварыла гродзенскі архіў.

На вул. Карбышава стаіць будынак былога польскага банка, у якім знаходзіцца бібліятэка імя Яўхіма Карскага, якая пераехала сюды з Новага замка. Захаваўся даваенны Дом стральца, які ў савецкі час служыў Домам афіцэра. Да вайны, пры Польшчы, быў узведзены квартал Новы Свет, адкрыты створаны Янам Каханоўскім заапарк — старэйшы і буйнейшы ў Беларусі.

Прафесар Вячаслаў Швед напамінае, што пры Польшчы ў Гродне праклалі першую каналізацыю і пабудавалі першую электрастанцыю, пачалі выпускаць веласіпеды, вядомыя пад маркай “Нёман”.

Вось ужо пяць гадоў Вячаслаў Швед працуе над складаннем “Энцыклапедыі гісторыі Гродна”.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Прафесар Вячаслаў Швед: У Гродне вуліцу 3 Мая перайменавалі ў 1 Мая (ФОТА)

30.04.2020 10:02
Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 Мая была прынята ў Варшаве ў 1791 г., а адменена ў Гродне ў 1793 г.