Беларуская Служба

У Варшаве выйшла кніга па гісторыі Беларусі да 1991 года

10.12.2020 10:02
У Варшаве выйшла кніга Вячаслава Шведа і Юрыя Грыбоўскага „Historia Białorusi od czasów najdawniejszych do roku 1991”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Кніга па гісторыі Беларусі В.Шведа і Ю.Грыбоўскага.
 .   .  Historia Białorusi od czasów najdawniejszych do roku 1991       .
Кніга В. Шведа і Ю. Грыбоўскага „Historia Białorusi od czasów najdawniejszych do roku 1991” ужо прадаецца на сайце выдавецтваў Варшаўскага ўніверсітэта.Wuw.pl

У выдавецтве Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга вядомых гісторыкаў, выкладчыкаў кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ВУ праф. Вячаслава Шведа і Юрыя Грыбоўскага Historia Białorusi od czasów najdawniejszych do roku 1991” («Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да 1991 года»).

Кніга на 270 старонках знаёміць польскага чытача з гісторыяй беларускіх зямель у палітычным, этнічным, культурным і эканамічным плане. 

Вячаслаў Швед: Пасля шматгадовага выкладання гісторыі Беларусі назбіралася многа матэрыялаў, на аснове якіх была падрыхтавана кніга. Я звярнуўся да свайго калегі Юрыя Грыбоўскага, які таксама доўгі час выкладаў гісторыю Беларусі, з прапановай напісаць гэту кнігу разам. Юры не толькі дапаўняў кнігу сваімі тэкстамі, але і пераклаў мае беларускамоўныя тэксты на польскую мову. Гэта кніга амаль нічым не адрозніваецца ад манаграфіі, бо напісана на аснове гістарычных крыніц.

Аўтары звяртаюць увагу на дыскусійныя пытанні мінулага, якія выклікаюць пастаянную цікавасць у Польшчы і Беларусі. Навізна гэтага выдання заключаецца ў яго дызайне. Выкладаючы гістарычныя падзеі, аўтары адышлі ад традыцыйнай храналагічнай схемы, якая з'яўляецца найбольш распаўсюджанай у гістарычнай літаратуры. Усведамляючы складанасць паднятых у працы пытанняў, Вячаслаў Швед і Юры Грыбоўскі вырашылі выкарыстаць фактычную (праблемную) сістэму, якая дазваляе больш падрабязна выкладаць факты і даваць іх аналіз. 


Вячаслаў Швед. Вячаслаў Швед.

Юры Грыбоўскі: Гісторыя Беларусі ўжо была прадметам шматлікіх прац польскіх даследчыкаў. Гэта цудоўныя кнігі Марцэлі Космана, Алега Латышонака і Яўгена Мірановіча, Генадзя Сагановіча і Захара Шыбекі і інш. Але беларускі народ да гэтага часу мала вядомы шырэйшай групе польскай аўдыторыі. Наша кніга адрозніваецца ад прац папярэднікаў. Нашай мэтай было не толькі расказаць “сваімі словамі” тое, што ўжо было апісана іншымі аўтарамі. Мы ўлічылі навейшыя даследаванні і дзелімся гэтай інфармацыяй з чытачом. Мы таксама дзелімся з чытачом уласнымі разважаннямі і думкамі па пэўных пытаннях гісторыі Беларусі. У мінулым гэтай краіны яшчэ застаюцца белыя плямы, якія патрабуюць глыбокіх даследаванняў, якія па розных прычынах засталіся па-за ўвагай нашых папярэднікаў. Таму мы спадзяёмся, што чытач знойдзе ў нашай кнізе адказы на пытанні, якія былі недастаткова асветлены ў гістарыяграфіі. Мы засяродзіліся на асобных аспектах, якія, на наш погляд, з'яўляюцца ключавымі, напрыклад: фарміраванне беларускай нацыі, развіццё дзяржаўнасці на беларускіх землях. Веды па гэтых тэмах дапаўняюцца крытычным даследаваннем крыніц па гісторыі Беларусі. Мы спадзяёмся, што гэта дазваляе адлюстраваць працэсы і факты, найбольш важныя для разумення гісторыі Беларусі.

Мы свядома адмовіліся ад аналізу падзей у Беларусі, якія адбыліся пасля атрымання краінай незалежнасці ў 1991 г. Гэты перыяд патрабуе асобнага даследавання з удзелам не толькі гісторыкаў, але таксама сацыёлагаў і палітолагаў.

Як вучоныя, мы лічым, што асабліва сярод польскіх студэнтаў існуе вялікая патрэба ў кнізе па гісторыі Беларусі. Таму яна і напісана ў першую чаргу для студэнтаў. Але мы мяркуем, што гэта праца будзе цікавая і карысная ўсім тым, хто жадае пашырыць свае веды па гісторыі Беларусі.

Кошт кнігі на сайце выдавецтва — усяго 27 злотых 30 грошаў.


Юры Грыбоўскі. Юры Грыбоўскі.

Вячаслаў Швед:Кіраўнік кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ВУ Яанна Гэтка прачытала рукапіс і падтрымала ідэю выдання кнігі „Historia Białorusi od czasów najdawniejszych do roku 1991”, якая ўбачыла свет за кошт кафедры і сродкаў, атрыманых ад рэктара ВУ. Вокладка аформлена бела-чырвона-белым сцягам з гербам “Пагоня” і гербам ВУ.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выйшла кніга выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта па гісторыі Гродна

12.11.2020 10:02
Новая кніга прафесара Вячаслава Шведа «Летапіс Гродна. 1005–1995» тэматычна працягвае выданне «Кронон», якое ўбачыла свет у 1993 годзе.

У Варшаве запланавана навуковая канферэнцыя па беларускай дзяржаўнасці

03.12.2020 10:02
25 сакавіка 2021 г. у Варшаве пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці».