Беларуская Служба

Гісторык: Ядро польскай праваслаўнай царквы ў эміграцыі складалі беларусы

15.07.2021 15:16
Выйшла кніга Юрыя Грыбоўскага „Arcybiskup generał brygady Sawa (Sowietow) 1898–1951: duszpasterz, żołnierz, obywatel”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ю.Грыбоўскі пра архіепіскапа Саву.
    Arcybiskup generał brygady Sawa (Sowietow) 18981951: duszpasterz, żołnierz, obywatel;      ,     .
Вокладка кнігі Юрыя Грыбоўскага „Arcybiskup generał brygady Sawa (Sowietow) 1898–1951: duszpasterz, żołnierz, obywatel”; царква Святога Іаана Лесвічніка ў Варшаве, каля якой пахаваны архіепіскап Сава.Wuw.pl; Commons.wikimedia.org/Adrian Grycuk/CC BY-SA 3.0

У Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта выйшла кніга вядомага ў Польшчы і Беларусі даследчыка царкоўнай гісторыі, гісторыі эміграцыі, выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта доктара габілітаванага, прафесара ўніверсітэта Юрыя Грыбоўскага Arcybiskup generał brygady Sawa (Sowietow) 1898–1951: duszpasterz, żołnierz, obywatel («Архіепіскап брыгадны генерал Сава (Саветаў). 1898–1951 гг.: свяшчэннік, воін, грамадзянін»).

Манаграфія Юрыя Грыбоўскага прысвечана царкоўнай і грамадска-палітычнай дзейнасці праваслаўнага архіепіскапа Савы (Георгія Саветава), жыццё якога было цесна звязана з Польшчай і Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой (ПАПЦ). Да 1939 года Сава з’яўляўся Гродзенска-Навагрудскім епіскапам.

У кнізе выкарыстаны неапублікаваныя архіўныя крыніцы (польскія, беларускія, брытанскія, сербскія), якія дазваляюць праліць святло на жыццё і дзейнасць іерарха.

Юры Грыбоўскі прааналізаваў асноўныя вехі духоўнай кар'еры Савы, які ў розны час служыў у юрысдыкцыі Сербскай праваслаўнай царквы, Рускай праваслаўнай царквы за граніцай і Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Юры Грыбоўскі:Маладосць Георгія Саветава прайшла ва ўмовах дзвюх войн: Першай сусветнай і Грамадзянскай у Расіі, а таксама пасляваенных тулянняў (Канстанцінопаль, Сербія, Італія).

Шлях царкоўнага служэння Георгій Саветаў пачаў у 1924 годзе, калі ў адным з сербскіх манастыроў прыняў манаства, а годам пазней стаў свяшчэннікам.

Не будучы палякам па нацыянальнасці ў 1926 годзе Саветаў як малады манах прыехаў у Польшчу, якая на доўгія гады стала яго новай бацькаўшчынай.

Малады і энергічны іераманах звярнуў на сябе ўвагу як прадстаўнікоў ПАПЦ, так і дзяржаўных дзеячаў. Адукаваны і таленавіты малады свяшчэннік паступова станавіўся адным з найбольш вядомых дзеячаў Праваслаўнай царквы ў Польшчы.

У 1932 годзе ў Варшаве Сава Саветаў быў пасвячоны ў епіскапы. Час актыўнасці епіскапа Савы ў якасці іерарха ПАПЦ супаў з перыядам, калі ўзаемаадносіны паміж польскай дзяржавай і Праваслаўнай царквой былі вельмі складанымі і неадназначнымі. Доўгі час на заканадаўчым узроўні не было нават вырашана пытанне аб адносінах паміж дзяржавай і Царквой.

Складанасць і спецыфіка сітуацыі Праваслаўнай царквы ў даваенны перыяд у Польшчы знайшла сваё адлюстраванне ў дзейнасці епіскапа Савы. Як патрыёт і лаяльны грамадзянін ўладыка разумеў, што неабходна весці актыўны дыялог з уладамі, пазбягаць канфліктных сітуацый і ісці на пэўныя саступкі, каб не дапусціць паслаблення пазіцыі Праваслаўнай царквы ў Польшчы. У сувязі з гэтым епіскап Сава з'яўляўся адным з найбольш паслядоўных прыхільнікаў паланізацыі царкоўнага жыцця. Адначасова ўладыка клапаціўся аб духоўным жыцці вернікаў, вёў актыўную місіянерскую дзейнасць, пашыраў царкоўныя структуры.

Значны перыяд свайго жыцця епіскап Сава правёў у нялёгкіх умовах Другой сусветнай вайны і эміграцыі. Але ў гэты ж час Сава больш шчыльна сутыкнуўся з беларускім нацыянальным рухам у Праваслаўнай царкве.

Юры Грыбоўскі:Пачынаючы з 1939 года ўладыка жыў за граніцай: у Румыніі (1939-1940), ЗША (1940-1943) і Вялікабрытаніі (1943-1951). У эміграцыі іерарх быў гарачым прыхільнікам і абаронцам незалежнасці польскага праваслаўя. З гэтай мэтай ён актыўна супрацоўнічаў з урадам Польшчы ў эміграцыі. У лістападзе 1943 года Сава быў прызначаны праваслаўным епіскапам Польскіх узброеных сіл на Захадзе. У званні брыгаднага генерала епіскап Сава клапаціўся пра больш чым тры тысячы польскіх вайскоўцаў праваслаўнага веравызнання, якія змагаліся на заходніх франтах Другой сусветнай вайны — у Італіі, Францыі, Галандыі і г.д. Акрамя таго, ён з'яўляўся епіскапам для тысяч бежанцаў з Польшчы, якіх у гады вайны лёс занёс у Іран, Афрыку, Мексіку і на Блізкі Усход.

Іерарху не наканавана было вярнуцца на радзіму. Ён не прызнаў камуністычны рэжым, усталяваны пасля вайны ў Польшчы. Уладыка ўзначаліў створаную ім у эміграцыі Польскую праваслаўную царкву ў юрысдыкцыі Сусветнага патрыярхату. У склад гэтай царквы ўваходзілі абшчыны на тэрыторыі Вялікабрытаніі і Заходняй Германіі. Ядро прыходаў складалі беларусы — грамадзяне даваеннай Польшчы. Іерарх захоўваў польскае аблічча эміграцыйнай царквы, але разам з тым не ігнараваў жадання сваіх прыхаджан па ўвядзенні пропаведзей на беларускай мове. Уладыка не звяртаў увагі на нацыянальнасць прыхаджан, разглядаючы Праваслаўную царкву як агульную для ўсіх незалежна ад іх паходжання. Епіскап (з вясны 1947 года — архіепіскап) Сава актыўна аказваў матэрыяльную дапамогу эмігрантам.

Нягледзячы на ​​тое, што ўладыка неаднаразова крытыкаваўся з боку розных нацыянальных і палітычных груп, ён пакінуў пасля сябе ўдзячную памяць як у Польшчы, так і за мяжой, лічыць Юры Грыбоўскі.

Юры Грыбоўскі:Дзякуючы сваім асабістым якасцям і адданасці Царкве і вернікам яго запомнілі як добрага пастыра і грамадзяніна. У Польшчы ўладыка па праве лічыцца ўвасабленнем патрыятызму і вернасці радзіме і царкве.

Астанкі Савы, які памёр у Лондане ў 1951 годзе, перапахаваны ў Варшаве, на праваслаўных могілках у раёне Воля.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Каталіцкая царква была заложнікам СССР у адносінах з Польшчай

08.07.2021 10:02
У Варшаве выйшаў зборнік дакументаў Bolszewicy w walce z religią. Kościół rzymskokatolicki w Związku Sowieckim w polskich dokumentach dyplomatycznych (1922–1938).