Паводле гістарычных крыніц, ураджэнцаў Беларусі пачалі ссылаць у Сібір яшчэ ў XVII ст. Гэта рабілі ўлады Маскоўскай Русі пасля часовага захопу тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. З таго часу гэты працэс не спыняўся.
Самыя трагічныя старонкі ссылак уладамі Расіі і Савецкага Саюза жыхароў Беларусі ў Сібір — гэта дэпартацыі туды ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, а таксама грамадзян РП у 1940-1941 гадах — з захопленых Савецкім Саюзам заходнебеларускіх зямель.
Пётр Глушкоўскі, супрацоўнік кафедры русістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, у апошнія 15 гадоў даследуе рускую літаратуру, а таксама займаецца вывучэннем лёсаў палякаў, у т.л. палякаў з Беларусі, у Сібіры. Глушкоўскі з’яўляецца сузнавальнікам, а цяпер сакратаром Biblioteki Polsko-Syberyjskiej (“Польска-сібірскай бібліятэкі”).
Пётр Глушкоўскі: — Мала хто з моладзі, нават сярод студэнтаў, цікавіцца сібірскай тэматыкай. Я не маю на ўвазе паездкі ў Сібір, якія вельмі папулярныя. А маю на ўвазе навуковую работу па праблеме польска-сібірскіх сувязей.
Гаворачы пра Сібір у польскім кантэксце, Пётр Глушкоўскі тлумачыць, што гэты рэгіён Расіі мае ў польскай мове дзве назвы.
Пётр Глушкоўскі: — Syberia i Sybir — у польскай культуры прысутнічаюць два словы, якія перакладаюцца на рускую мову адным словам “Сибирь”. Чым адрозніваюцца Syberia i Sybir? Sybir азначае месца ссылкі палякаў — як у ранні перыяд (яшчэ членаў Барскай канфедэрацыі ссылалі ў XVIII ст.), так і ў ХХ ст. Syberia, у сваю чаргу, гэта геаграфічнае паняцце,
З XVII ст. палякаў ссылалі ў Сібір — na Syberię. А масавыя ссылкі пачаліся з 1770-х гг., калі некалькі тысяч членаў Барскай канфедэрацыі былі сасланы ў геаграфічную Сібір.
Барская канфедэрацыя (1768—1772) — гэта вайскова-палітычны саюз часткі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай, заключаны ў Бары (цяпер горад у Вінніцкай вобласці Украіны) дзеля абароны незалежнасці Рэчы Паспалітай супраць расійскай агрэсіі і прарасійскага ў той час караля РП Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Пётр Глушкоўскі: — Наступныя прычыны ссылак палякаў у Сібір былі выкліканы паўстаннем пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў канцы XVIII ст., Лістападаўскім паўстаннем 1830-1831 гг. і Студзеньскім паўстаннем 1863-1864 гг., калі палякаў масава ссылалі ў Сібір — na Sybir.
Рэч Паспалітая складалася з г.зв. Кароны і былога ВКЛ. І жыхары з ваколіц Мінска, Віцебска, Гродна падкрэслівалі, што з’яўляюцца адначасова і літоўцамі (пол. Litwini), і палякамі. Літоўцамі называлі сябе жыхары б. ВКЛ, якое з’яўлялася часткай РП. Яны не адчувалі сябе больш літоўцамі ці палякамі, бо гэта для іх было раўназначна. Але перш за ўсё гэта датычыла шляхты, бо пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці сярод сялян у пачатку ХІХ ст. яшчэ не было так развіта. Але як гэта было ў выпадку шляхты, цудоўна паказала пісьменніца Марыя Канапніцкая ў кароткім вершы:
Polacy, Litwini —
Jednej matki syny.
Сярод выдатных асоб — палякаў, ураджэнцаў Беларусі, якія сталі ссыльнымі ў Сібір, — Ян Чэрскі, даследчык Сібіры, Максымільян Маркс, і тут можна было б пералічваць яшчэ многія імёны выдатных палякаў, якіх таксама можна лічыць выдатнымі беларусамі, бо яны паходзяць з тэрыторыі сучаснай Беларусі.
І мы павінны радавацца таму, што ў нас ёсць супольная нацыянальная спадчына. Усе мы можам звяртацца да гэтай агульнай нацыянальнай спадчыны.
Гаворачы пра палякаў з Беларусі, якіх ссылалі расійскія ўлады, і тых, каго ссылалі савецкія, Пётр Глушкоўскі падкрэслівае значную розніцу ў іх лёсах.
Пётр Глушкоўскі: — Ссылка ў Сібір у ХІХ ст. выглядае зусім інакш. Людзі тады аказваліся ў лепшых умовах. У ХІХ ст. ссылалі пераважна шляхту. Хаця ўжо са Студзеньскага паўстання гэта была не толькі шляхта, а маса людзей, некалькі тысяч чалавек. Натуральна, калі мы гаворым пра ссыльных пасля паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, Лістападаўскага паўстання — то гэта былі пераважна шляхціцы, хаця не толькі. Але гэта былі ў асноўным адукаваныя людзі, якія гаварылі на многіх мовах, якія пасля таго, як траплялі на сібірскія землі, станавіліся заснавальнікамі цэнтраў цывілізацыі, навукі, культуры, мастацтва. І такіх прыкладаў многа.
Cсылкі ХІХ ст. і лагеры ХХ ст. — часоў Вялікага тэрору 1937-1938 гг. у СССР, “Польскай аперацыі” НКУС СССР, дэпартацый палякаў падчас Другой сусветнай вайны — гэта цалкам розныя сітуацыі і ўмовы жыцця людзей у Сібіры.
Ссылкі ХІХ ст., якія таксама былі страшныя, дзе таксама людзі паміралі, натуральна, немагчыма параўноўваць з савецкімі лагерамі ХХ ст.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё