Беларуская Служба

Мовазнавец: Трэба падрыхтаваць атлас беларускіх гаворак Польшчы, Літвы і Латвіі

02.12.2021 13:49
Польскі беларусіст Мірослаў Янковяк рыхтуе ў Празе працы па беларускіх дыялектах у Латвіі і Літве.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". М. Янковяк пра бел. дыялекты ў Латвіі і Літве.
.
Вільня.Pixabay.com

У апошнія гады ў розных навуковых часопісах Польшчы і Літвы выходзяць артыкулы Мірослава Янковяка, вядомага польскага беларусіста, супрацоўніка Славянскага інстытута Чэшскай акадэміі навук, пра беларускія гаворкі ў Латвіі і Літве. Выходзяць і яшчэ выйдуць чарговыя кнігі на гэту тэму.

Як вядома, межы распаўсюджвання беларускай мовы не супадаюць з дзяржаўнымі граніцамі Рэспублікі Беларусь. Мірослаў Янковяк, вядомы польскі вучоны, беларусіст, супрацоўнік Славянскага інстытута Чэшскай акадэміі навук, даследуе беларускія гаворкі ў Латвіі, Літве, Польшчы і Расіі — паўсюль, дзе яны яшчэ захоўваюцца.

Мірослаў Янковяк расказвае, якія задачы стаяць перад вучонымі па фіксацыі рэліктаў жывой беларускай мовы, якая, як вядома, знаходзіцца ў крытычным стане.

У якасці прыкладу няпростага вырашэння гэтай задачы беларусіст прыводзіць пошук носьбітаў беларускай мовы ў Латвіі — на паграніччы з Беларуссю. Гэтым Янковяк займаецца з 2004 г.

Мірослаў Янковяк: Гэтыя гаворкі пачынаў даследаваць яшчэ ў 1903 г. Яўхім Карскі. Цяпер ужо вельмі цяжка знайсці бабулю, якая размаўляе па-беларуску. Таму я лічу сваім абавязкам захаваць прыклады беларускіх гаворак у Латвіі для наступных пакаленняў. Праз 5-7-10 гадоў беларускіх гаворак на гэтай тэрыторыі ўжо не будзе. Я лічу патрэбным падрыхтаваць слоўнік і атлас беларускіх гаворак Латвіі, а таксама атлас беларускіх гаворак Літвы і Польшчы.

Мірослаў Янковяк гаворыць пра тое, што значны плён дае супрацоўніцтва вучоных розных краін па даследаванні беларускіх гаворак.

Мірослаў Янковяк: Цяпер рыхтуецца калектыўная манаграфія пра беларуска-заходнеславянскія, перш за ўсё беларуска-польскія моўныя, культурныя, літаратурныя, гістарычныя сувязі. Да гэтай працы далучыліся спецыялісты з Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Беларусі, ФРГ.


Мірослаў Янковяк. Мірослаў Янковяк.

Мірослаў Янковяк у сваіх даследаваннях найбольш пільную ўвагу надае лексіцы беларускай мовы.

Мірослаў Янковяк: — Лексіка больш за ўсё паддаецца ўплывам іншых моў і дыялектаў. Лексічны склад беларускіх гаворак у Літве сфарміраваўся пад уплывам літоўскай і польскай моў.

Цяпер да друку падрыхтавана манаграфія Мірослава Янковяка па лексіцы беларускіх гаворак у Літве, якая неўзабаве выйдзе ў Празе.

Мірослаў Янковяк: Праца ахоплівае паўднёва-ўсходнюю Літву: Ігналінскі, Швянчонскі, Віленскі, Варанскі раёны, дзе прадстаўлены ўсе асноўныя беларускія гаворкі. Гэту тэрыторыю яднае шмат лексем балцкага і польскага паходжання.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мовазнавец: Становішча беларускай мовы ў Польшчы сёння найлепшае з усіх краін за межамі Беларусі

01.10.2021 15:51
Мірослаў Янковяк параўноўвае становішча беларускай мовы ў сумежных з Беларуссю краінах, у т.л. у Польшчы, да Другой сусветнай вайны і цяпер.