Беларуская Служба

Даследчыца: Незалежна ад вайны Расіі супраць Украіны сярод польскіх вучоных яшчэ ёсць тыя, хто знаходзіцца пад уплывам расійскай прапаганды

10.03.2022 15:01
Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта падтрымлівае ўкраінцаў і Украіну.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Гэтка пра падтрымку польскімі вучонымі ўкраінцаў.
                .
Заява «аб сітуацыі ў рэгіёне» кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.KSI WLS UW

Да дапамогі ўкраінцам у Польшчы падключаецца ўсё больш людзей. Сярод іх і вучоныя, у тым ліку вядомыя ўкраіністы, а таксама беларусісты. Кіраўнік кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта праф. Яаана Гэтка ў пачатку года паехала на стажыроўку ва Украіну. Але ў сувязі з пачатай Расіяй вайной супраць Украіны вымушана была вярнуцца ў Польшчу. Цяпер яна падключылася да дапамогі ўкраінцам у Польшчы.

Яаана Гэтка: — Наша кафедра супрацоўнічае з многімі навуковымі ўстановамі і вучонымі Украіны, таму расійская агрэсія, якая пачалася 24 лютага, выклікала наш пратэст і абурэнне. Аднак мы не спыніліся толькі на жэстах салідарнасці.

Нашы студэнты і выкладчыкі, прычым не толькі з кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, але і з усяго факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, працуюць у якасці валанцёраў на граніцы, у пунктах прыёму бежанцаў, у якасці перакладчыкаў, а таксама працуюць у кірунку супрацьдзеяння расійскай дэзінфармацыі.

Мы падключаны да акцый ВУ па зборы рэчаў для бежанцаў, якая, дарэчы, была ініцыіравана самакіраванне студэнтаў ВУ.

Таксама мы збіраем грошы на падтрымку ўкраінскіх універсітэтаў.

І тут мы назіраем салідарнасць універсітэцкай супольнасці, якая падтрымлівае ўсе ініцыятывы, якія мы ініцыіруем праз сацсеткі ад імя кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Асабіста я ганаруся тым, што належу да гэтай супольнасці — людзей, якія адкрыты да іншых і гатовы дапамагчы адно аднаму канкрэтнай справай.

Яанна Гэтка палічыла патрэбным адрэагаваць на зварот у падтрымку расійскай «спецаперацыі» ва Украіне, які апублікаваў Расійскі саюз рэктараў. Пад зваротам у падтрымку арміі і прэзідэнта РФ, якія вядуць крывавую вайну ва Украіне, падпісаліся 184 кіраўнікі навучальных устаноў РФ, у тым ліку прэзідэнт Расійскага саюза рэктараў, рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Садоўнічы (дарэчы, ураджэнец Харкаўскай вобласці Украіны).


Кіраўнік кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта праф. Яаана Гэтка ў Львове. Кіраўнік кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта праф. Яаана Гэтка ў Львове.

Яанна Гэтка разам з іншымі калегамі з кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, сярод якіх і вядомыя беларусісты, выступіла з заявай «аб сітуацыі ў рэгіёне».

Яаана Гэтка: — У гэтым дакуменце мы заявілі аб салідарнасці з суверэннай і незалежнай Украінай, якая стала ахвярай расійскай агрэсіі. Мы звярнулі ўвагу на тое, што прэзідэнт РФ У. Пуцін і расійская прапаганда тлумачаць агрэсію супраць Украіны як сутыкненне цывілізацый, душачы ўсе формы пратэсту ва ўласнай краіне. На самай справе гэта нішто іншае як культурны імперыялізм, навязванне культурнай сістэмы г. зв. «русского мира» калі не ўсяму свету, то прынамсі Украіне і іншым краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Мы, як прадстаўнікі навуковай супольнасці, не можам пагадзіцца з гэтымі дзеяннямі, якія супярэчаць не толькі маральным нормам, але і нормам ЕС, Польшчы, сената ВУ.

Мы лічым, што навуковыя даследаванні і выхаванне наступных пакаленняў павінны служыць грамадству на аснове новых тэхналогій, метадалогій, сучасных стандартаў, а не на аснове дзеянняў, накіраваных супраць іншых народаў.

І таму мы заявілі пра тое, што не бачым магчымасці супрацоўніцтва з тымі расійскімі калегамі, якія апраўдваюць грубае і незаконнае ўварванне Расіі ва Украіну. Мы вырашылі да часу заканчэння вайны і нармалізацыі адносін свабоднай і незалежнай Украіны з РФ прыпыніць дзеянне ўсіх двухбаковых дагавораў кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта з ВНУ РФ, а таксама з іншымі расійскімі ўстановамі і таварыствамі, якія не выказалі адназначна адмоўных адносін да агрэсіі РФ супраць Украіны.

Яанна Гэтка сочыць за лёсам сваіх калег ва Украіне. Яна расказвае, што польскія вучоныя з болем назіраюць за тым, як расійскія агрэсары знішчаюць украінскія ВНУ.

Яаана Гэтка: — Вельмі моцна пацярпеў Харкаўскі ўніверсітэт. Там быў знішчаны факультэт фізікі і тэхнікі. І гаворка не толькі пра сам будынак, але і пра яго абсталяванне.

У той жа час Жытомірскі ўніверсітэт стварыў крызісны штаб. Пра ім працуе служба псіхалагічнай дапамогі, а таксама падтрымкі цывільнага насельніцтва.

Увогуле ж, цяпер заняткі ва ўкраінскіх ВНУ прыпынены, а многія выкладчыкі і студэнты паступілі на службу ў армію і фарміраванні тэрытарыяльнай абароны Украіны.

Нашы сябры, як у часы міру, не просяць нас дасылаць найноўшыя публікацыі і дзяліцца інфармацыяй пра навуковыя мерапрыемствы, а просяць дасылаць шлемы, бронекамізэлькі, прадукты і рэчы, неабходныя для самаабароны.

Яанна Гэтка лічыць, што ўсе навуковыя супольнасці павінны выказацца па сітуацыі ва Украіне, асабліва гэта датычыць славістаў.

Яаана Гэтка: — Славістычныя цэнтры ў значнай ступені кіруюцца расійскімі вучонымі. Натуральна, нельга ўсіх расійскіх вучоных атаясамліваць з ідэалогіяй пуцінскай Расіі. Аднак іх прадстаўніцтва ў славістычных арганізацыях прыводзіць да таго, што ў малай ступені гучыць голас украінскіх або беларускіх вучоных. Гэта прыводзіць да слабай распаўсюджанасці навуковых дасягненняў беларускіх і ўкраінскіх славістаў. І гэта ў пэўнай ступені з’яўляецца прычынай эскалацыі расійскай агрэсіі. Бо руская імперская ідэя не крытыкавалася, не аналізавалася, ігнаравалася. І гэта ігнараванне, якое здавалася звычайнай абыякавасцю, стала свайго роду згодай на далейшае яе развіццё і распаўсюджванне. І ў выніку мы маем тое, што цяпер адбываецца.

Яанна Гэтка прыводзіць даныя, якія не могуць не выклікаць трывогу.

Яаана Гэтка: — Згодна з данымі аналітыкаў, 28% прадстаўнікоў польскай навуковай супольнасці знаходзяцца пад уплывам расійскай прапаганды.

Я не хацела б заклікаць да палявання на ведзьмаў. Але мы павінны ўсведамляць той факт, што гэтыя людзі выхоўваюць студэнтаў у польскіх універсітэтах. У сённяшняй сітуацыі — цывілізацыйнай вайны — неабходна прааналізаваць тое, што адбываецца ў гэтай галіне.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

20 год у Варшаўскім універсітэце працуе кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

27.01.2022 10:02
Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з’яўляецца буйнейшым у Польшчы беларусазнаўчым цэнтрам.