Беларуская Служба

20 год у Варшаўскім універсітэце працуе кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы

27.01.2022 10:02
Кафедра міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з’яўляецца буйнейшым у Польшчы беларусазнаўчым цэнтрам.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Я.Гэтка пра беларусазнаўства ў ВУ.
 .
Ілюстрацыйнае фота.http://ksi.uw.edu.pl/

Сёлета спаўняецца 20 год, як у Варшаўскім універсітэце пачалося навучанне на кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, створанай на факультэце прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Падзел Еўропы на Заходнюю і Усходнюю звязаны, з аднаго боку, з распадам Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю, з другога боку, з падзелам хрысціянскай царквы ў 1054 г. на заходнюю — каталіцкую і ўсходнюю — праваслаўную. Паняцце Цэнтральная Еўропа пазнейшае, яно паходзіць з нямецкага тэрміна Mitteleuropa, які з’явіўся ў сярэдзіне ХІХ — пачатку ХХ ст. і абазначаў сферу геапалітычных інтарэсаў Аўстра-Венгрыі і Германіі. Сёння гэтыя тэрміны азначаюць розныя рэчы ў розных краінах. Гаворачы пра Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, мы маем на ўвазе перш за ўсё не Заходнюю Еўропу — ад Польшчы да Расіі. Краіны, мовы, культуры гэтага рэгіёна вывучаюцца на кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Толькі за апошнія пяць гадоў (2015-2021) супрацоўнікамі кафедры апублікавана каля 20 аўтарскіх і калектыўных манаграфій, падрыхтавана 10 зборнікаў, каля 200 раздзелаў у калектыўных працах і каля 100 артыкулаў у навуковых часопісах. Кафедра выдае часопісы „Studia Interkulturowe Europy Środkowo-Wschodniej” i „Przegląd Środkowo-Wschodni”, якія маюць высокі аўтарытэт. З 2015 года кафедра арганізавала 15 міжнародных навуковых канферэнцый. Усе гэтыя выданні і мерапрыемствы ўключалі вялікую колькасць матэрыялаў па беларускай праблематыцы. 7-8 красавіка 2022 г. кафедра к свайму 20-годдзю арганізуе ў Варшаве міжнародную навуковую канферэнцыю “Мультыкультуралізм Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці”.

Па традыцыі, якая склалася ў апошнія гады, у канцы 2022 года будуць падведзены вынікі конкурсу на лепшую навуковую манаграфію па беларускай і ўкраінскай культуры імя Мялеція Сматрыцкага.

Арганізатарамі конкурсу на лепшую навуковую манаграфію па беларускай і ўкраінскай культуры імя Мялеція Сматрыцкага з’яўляюцца кіраўнік кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы праф. Яаана Гэтка, а таксама вучоныя Ірэна Мытнік, Растыслаў Крамар, Паўліна Аляхоўская. У журы конкурсу ўваходзяць вучоныя Польшчы — тыя ж, што і заснавальнікі прэміі, а таксама з Украіны (Алэна Юрчук, Галіна Мацюк), Беларусі (Алёна Любая), Сербіі (Людміла Паповіч), ЗША (Андрый Данылэнка).

Яаана Гэтка:У 2019 г. разам са сп-няй Ірэнай Мытнікай з Варшаўскага ўніверсітэта мы адзначылі недахоп у Польшчы і ўвогуле ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе інфармацыі аб публікацыях пра беларуска-ўкраінскі культурны арэал. У той жа час у Польшчы досыць добра папулярызуюцца кнігі расійскіх, чэшскіх аўтараў, прысвечаных Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У сувязі з гэтым мы вырашылі заснаваць конкурс на лепшую навуковую манаграфію па беларускай і ўкраінскай культуры імя Мялеція Сматрыцкага, які б падтрымаў даследчыкаў Беларусі і Украіны.

У гэты конкурсе разглядаюцца манаграфіі з галіны гісторыі, мовазнаўства, культуразнаўства, літаратуразнаўства, увогуле гуманітарных і грамадскіх навук.

Летась пераможцамі конкурсу сталі беларусазнаўцы — выкладчыкі кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Вячаслаў Швед і Ежы Гжыбоўскі (Юры Грыбоўскі). Яны атрымалі ўзнагароду за кнігу „Historia Białorusi od czasów najdawniejszych do roku 1991”, якая выйшла ў 2020 г. у Выдавецтвах Варшаўскага ўніверсітэта.

Яаана Гэтка:Гэта кніга вылучаецца тым, што ў ёй гісторыя Беларусі выкладаецца як праблема. Гэта не нейкі тыповы падручнік, а збор нарысаў, якія дазваляюць усебакова асэнсаваць тую праблематыку, якая прадстаўлена ў кнізе.

Яаана Гэтка звяртае ўвагу на тое, чыё імя носіць конкурс.

Яаана Гэтка:Ідэальнай гістарычнай асобай, звязанай з беларускай і ўкраінскай культурамі, з’яўляецца Мялецій Сматрыцкі — чалавек, чыё значэнне для развіцця абедзвюх культур нельга пераацаніць.

Ідэю правядзення конкурсу падтрымаў рэктар Варшаўскага ўніверсітэта — і цяпер гэта мерапрыемства, якое праводзіць факультэт прыкладной лінгвістыкі, знаходзіцца пад яго патранатам.

Яаана Гэтка запрашае вучоных — беларусазнаўцаў і ўкраіназнаўцаў, чые працы выйшлі ў 2021 г., прапаноўваць іх на сёлетні конкурс на лепшую навуковую манаграфію па беларускай і ўкраінскай культуры імя Мялеція Сматрыцкага.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаўскім універсітэце вучоныя з усяго свету абмяркоўваюць фарміраванне беларускай ідэнтычнасці

01.04.2021 10:02
У Варшаўскім універсітэце праходзіць міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці».