Да чэрвеня павінна пачацца лічбавізацыя працэдур абслугоўвання замежнікаў, а праз тры гады будзе запушчаная сістэма балаў, якая палегчыць доступ іншаземцаў на польскі рынак працы, паведамляе Rzeczpospolita.
— Нашай мэтай з’яўляецца селектыўная міграцыйная палітыка, якая павінна быць пазітыўнай для Польшчы і не ствараць сацыяльных праблем – падкрэсліў прафесар Мацей Душчык (Maciej Duszczyk) з Міністэрства ўнутраных спраў падчас дэбатаў аб міграцыі для рынку працы падчас Еўрапейскага форуму новых ідэй у Варшаве.
На працягу двух месяцаў урад падрыхтуе аснову для лічбавізацыі працэдур разгляду заявак на знаходжанне і працу замежных грамадзян у Польшчы. Гэта дапаможа знізіць адміністрацыйныя бар'еры пры працаўладкаванні замежнікаў, на якія пастаянна скардзяцца працадаўцы.
— Нам патрэбны як некваліфікаваныя, так і кваліфікаваныя працаўнікі. Таму мы павінны ствараць механізмы, якія прыцягваюць працаўнікоў на простую працу, але таксама спецыялістаў, якія застануцца ў Польшчы даўжэй, - адзначыла дырэктар Vialto Partners Poland Эмілія Пяхота (Emilia Piechota).
Як адзначыў прафесар Душчык, патрэба ў рабочых будзе павялічвацца ў сувязі з планаванымі ў Польшчы вялікімі інвестыцыямі ў абарону. Аднак падбор кадраў павінен быць вельмі ўважлівым.
— Мы не можам прымаць на працу мігрантаў, якія могуць пагражаць дзяржаўнай бяспецы і грамадству, — падкрэсліў прадстаўнік МУС.
Душчык таксама дадаў, што ўрад плануе прадоўжыць часовую абарону грамадзян Украіны да сакавіка 2026 года.
Паводле намесніка дырэктара Польскага эканамічнага інстытуту Анджэя Кубісяка (Andrzej Kubisiak), замежнікі, якія працуюць у Польшчы, не выклікаюць заробкавага дэмпінгу ў маштабах макраэканомікі.
Дырэктар Цэнтру даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту Павал Качмарчык (Paweł Kaczmarczyk) нагадаў, што хоць прыток эканамічных імігрантаў можа выклікаць запаволенне росту заробкаў, то аднак даследаванні сярод польскіх працадаўцаў паказваюць, што галоўнай прычынай найму замежных працаўнікоў з'яўляецца іх даступнасць.
яс