Фотадакументальная выстаўка «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» праходзіць у варшаўскім Музеі Незалежнасці ў раёне станцыі метро «Ратуш Арсэнал». Выстаўка прыехала з Мінска. Яе асновай сталі разгорнутыя стэнды з фотаматэрыяламі з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З’яўленне экспазіцыі ў Музеі Незалежнасці ў Варшаве невыпадковае.
Тадэвуш Скочак, дырэктар Музея Незалежнасці: — Адна з мэт Музея Незалежнасці — гэта ўвекавечванне падзей Другой сусветнай вайны. А наша аддзяленне — Музей турмы «Павяк» мае абавязак распаўсюджваць веды пра гэты перыяд. Выстаўка «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» пазней пераедзе ў Музей турмы «Павяк».
Арганізаваць экспазіцыю «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» з Мінска ў Варшаве дапамог Культурны цэнтр Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.
Ілона Юрэвіч, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.
Ілона Юрэвіч, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча: — Дакументы, прадстаўленыя на выстаўцы, раскрываюць злачынствы нацыстаў супраць яўрэйскага насельніцтва Беларусі, паказваюць сістэматычнае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва ў выніку стварэння гета ў розных гарадах Беларусі. Амаль за 100 000 чалавек былі забіты ў найбуйнейшым гета — мінскім. Таксама выстаўка расказвае пра нацысцкі лагер смерці Трасцянец пад Мінскам, ахвярамі якога сталі каля 200 тысяч чалавек, у тым ліку яўрэі дэпартаваныя з Заходняй Еўропы.
Выстаўку «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» адкрыў Уладзімір Чушаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.
Уладзімір Чушаў: — Сёлета ў студзені на тэрыторыі былога канцлагера Аўшвіц–Біркенаў у Асвенціме адбыліся памятныя мерапрыемствы ў сувязі з 75-годдзем яго вызвалення. У іх у т. л. прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з Намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолем Ісачэнкам. Я таксама быў у складзе гэтай дэлегацыі. І дагэтуль застаюся пад уражаннем ад прамоў некаторых былых вязняў канцлагера Аўшвіц–Біркенаў, якіх было запрошана каля 200 чалавек з усяго свету, у т.л. 13 з Беларусі.
На адкрыцці выстаўкі «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» прысутнічалі таксама паслы Расіі і Ізраіля ў Польшчы.
Аляксандр Бэн Цві, Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Польшча.
Аляксандр Бэн Цві, Пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Польшча: — Я бываў у Беларусі некалькі разоў, працаваў намеснікам генеральнага дырэктара МЗС Ізраіля, адказным за гэты рэгіён Еўропы. Я нават працаваў першым Часова павераным у справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь у 1992 годзе. Выстаўка «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» закранае вельмі важную тэму для Ізраіля. Сотні тысяч яўрэяў, жыхароў Беларусі, загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах, былі расстраляны, ад голаду і г.д. Вельмі важна, што беларускі бок надае гэтаму такую ж увагу, як і ізраільскі. Гэта частка нашай агульнай гісторыі, пра якую нам нельга забываць. Я вельмі ўдзячны Пасольству Беларусі за гэту выстаўку.
Падчас адкрыцця выстаўкі «Вайна. Халакост. Памяць без тэрміна даўнасці» была паказана кінакарціна «Тапачкі», знятая ў 2012 годзе, а ў 2013 годзе намінаваная на «Оскар» у катэгорыі «Лепшы кароткаметражны фільм». Сюжэт разгортваецца ў 30-40-я гады ХХ стагоддзя і расказвае гісторыю пары жаночых тапачак, якая пачынаецца ў вітрыне крамы і трагічна завяршаецца ў брацкай магіле з абутку ў канцлагеры Аўшвіц, што знаходзіўся каля горада Асвенцім на акупіраванай немцамі тэрыторыі Польшчы. У кадры няма твараў людзей і дыялогаў. Дзея фільма суправаджаецца арыгінальнай сімфанічнай музыкай. Фільм зняты ў Расіі, Беларусі, Чэхіі, Польшчы і Францыі. У вытворчасці прынялі ўдзел больш за 600 спецыялістаў.
Тадэвуш Скочак, дырэктар Музея Незалежнасці, і Уладзімір Чушаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.
Таксама ў Музеі Незалежнасці адкрыта фотавыстаўка «Беларусь: прыгожыя імгненні», якую падрыхтавала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Экспазіцыя складаецца з 20 фотаработ, якія адлюстроўваюць прыроду, культуру Беларусі. Беларусь паказана як разнастайная краіна са шматвяковай гісторыяй, помнікамі культуры і архітэктуры, сучаснымі будынкамі. Гледачы могуць убачыць чароўныя пейзажы, густыя лясы і тысячы азёр, а таксама сімвалы Беларусі — зуброў, бусла і кветкі: васількі, лён, канюшыну. Аўтары фотаздымкаў — сем беларускіх фатографаў: Ігар Бышнёў, Максім Вейц, Юлія Войніч, Кацярына Міціна, Сяргей Плыткевіч, Улад Сакалоўскі, Сяргей Тарасаў.
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл