Беларуская Служба

Да 20 снежня паспейце ўбачыць «Праабражэнне» Навасельскага і Тарасевіча

17.12.2020 10:02
У Музеі абразоў у Супраслі да 20 снежня экспануецца абраз «Праабражэнне» Ежы Навасельскага ў антуражы, створаным Лявонам Тарасевічам.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Выстаўка Навасельскага-Тарасевіча ў Супраслі.
             .
Лявон Тарасевіч на фоне абраза «Праабражэнне» Ежы Навасельскага ў Музеі абразоў у Супраслі.Grzegorz Dąbrowski; Facebook.com/FundacjaVillaSokrates

У Музеі абразоў у Супраслі, што пад Беластокам, да 20 снежня ёсць магчымасць убачыць незвычайную, містычную выстаўку адной іконы — “Праабражэння”. Гэта работа польскага мастака Ежы Навасельскага, якая экспануецца ў памяшканні, размаляваным яго сябрам, вядомым сучасным польскім мастаком, беларусам з Падляшша Лявонам Тарасевічам.

Ежы Навасельскі (памёр у 2011 г.)—  польскі жывапісец, тэолаг і філосаф, пагружаны ў праваслаўную культуру, працаваў выкладчыкам Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Кракаве. Вельмі важную ролю ў яго творчасці адыграў абраз. У яго быў асаблівы, вельмі асабісты і інавацыйны падыход да іконы. Ён рэканструяваў тэалагічнае вымярэнне абраза. Паважаючы іканаграфічны канон, ён бачыў у ім не абмежаванні для творчасці, а прастору для выказвання тэалагічных меркаванняў.

Асоба і творчасць Ежы Навасельскага паўплывалі на станаўленне мастака Лявона Тарасевіча. Навасельскі і Тарасевіч пазнаёміліся на святой гары Грабарцы — месцы культу праваслаўных на Падляшшы — у пачатку 1960-х гадоў. Навасельскі працаваў тут як афарміцель храма Праабражэння Гасподняга (пазней царква згарэла), а Тарасевіч прыехаў сюды па запрашэнні мясцовага свяшчэнніка. На Грабарцы пачалі праходзіць іканаграфічныя лагеры, суарганізатарам якіх стаў Тарасевіч. Так пачалося сяброўства двух мастакоў.

Праабражэнне (г.зн. пераўвасабленне) Ісуса Хрыста — эпізод Новага Запавету, у якім Ісус пераўвасабляецца ў зіхаценне на гары. Паводле падання, Ісус і трое Яго апосталаў пайшлі на гару. Там Ісус пачаў ззяць яркімі прамянямі святла. Тады прарокі Майсей і Ілля з'явіліся побач з Ім, і Ён гаварыў з імі. Ісус у гэтым эпізодзе называецца «Сынам» голасам з неба, якім, як мяркуецца, быў голас Бога Айца. Праабражэнне з'яўляецца адным з цудаў Ісуса ў Евангеллях. Праабражэнне з'яўляецца адной з пяці асноўных вех ў евангельскім апавяданні пра жыццё Ісуса разам з Хрышчэннем, Укрыжаваннем, Уваскрэсеннем і Узнясеннем. Калі Ісус і трое апосталаў вяртаюцца з гары, то Ісус кажа вучням, каб яны не гаварылі нікому, «што яны бачылі», пакуль «Сын Чалавечы» не ўваскрэсне з мёртвых. Апосталы пытаюцца адзін аднаго, што меў на ўвазе Ісус, калі казаў: «уваскрэс з мёртвых». У хрысціянскім вучэнні Праабражэнне з'яўляецца паваротным момантам, і падзеі на гары прадстаўлены як момант, дзе чалавечая прырода сустракае Божую: месца сустрэчы для часовага і вечнага, а сам Ісус як мост паміж небам і зямлёй.

Адкрыццё выстаўкі Навасельскага і Тарасевіча адбылося 22 жніўня — праз два дні пасля свята Праабражэння Гасподняга, аднаго з найважнейшых свят у праваслаўі, якое ўрачыста адзначаецца на святой гары Грабарцы. Абраз Навасельскага, напісаны ў 1961 годзе, адлюстроўвае сцэну Прааабражэння Гасподняга на гары Табор. Твор мастацтва захоўваецца ў музеі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ. А месца выстаўкі — Музей абразоў у Супраслі, побач са славутым прываслаўным манастыром з гатычнай царквой XVI стагоддзя, фарміруе асаблівую аўру вакол экспаната і святыні. Экспазіцыя адкрыта ў незвычайным памяшканні — зале імя Ежы Навасельскага, спецыяльна абсталяванай у Музеі абразоў у Супраслі.

Эва Залеўская, кіраўнік Музея абразоў у Супраслі: — Інтэр’ер невялікай залы імя Навасельскага пакрыты яркай фарбай. Апрача таго, дададзена люмінісцэнтная фарба, якая ўбірае ў сябе святло, а калі становіцца цёмна, пачынае свяціцца. Такім чынам, выстаўка ўяўляе сабой запоўненае святлом памяшканне, у якім найбольш асветленым раптоўна становіцца абраз Навасельскага, які знаходзіцца ў канцы залы. Пры гэтым падысці да абраза немагчыма, яго можна назіраць толькі з адлегласці. Калі знаходзішся ў памяшканні, з цемры вырываецца магутная ўспышка святла, якая асляпляе гледача, які не можа ў гэты момант убачыць абраз, пакуль паволі святло не згасне. А святло, якое з’явілася падчас успышкі, сцены захоўваюць і калі яго адбіваюць у цемры, “з’яўляецца” гэты абраз.

Гэтак выглядае мастацкае выказванне двух майстроў. З аднаго боку, гэта работа Навасельскага — абраз “Праабражэнне”, а здругога, праца Тарасевіча — люмінісэцэнтная размалёўка, якая асляпляе гледачоў выстаўкі, дапаўняючы работу Навасельскага.

Цяпер выстаўку абраза “Праабражэнне” Ежы Навасельскага ў антуражы, створаным Лявонам Тарасевічам, можна ўбачыць толькі ў інтэрнэце.

Эва Залеўская: — Мы цяпер, на жаль, не можам паказаць абраз ужывую. Цяпер, у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй, музей закрыты. Гледачы не могуць прыйсці і пабачыць выстаўку. І ўсё ж, вялікая колькасць наведвальнікаў пабывала на выстаўцы асабіста. Улетку на Падляшшы было многа турыстаў. Многія палякі не паехалі за мяжу, а прыехалі да нас. Некалькі соцень чалавек у дзень наведвала экспазіцыю Музея абразоў у Супраслі, у т.л. выстаўку “Праабражэнне”. Гэта вельмі многа людзей, калі ўлічыць складаны перыяд. Пасля я чытала і чула каментарыі наведвальнікаў, якія гаварылі пра тое, што іх уразіла. Перш за ўсё людзей захапляе, як сучаснымі сродкамі мастакі змаглі перадаць рэчы святыя, звязаныя з паняццем “сакрум”.

Выстаўка абраза “Праабражэнне” закрыецца 20 снежня. У гэты дзень а 18.00 Музей абразоў у Супраслі і фонд Villa Sokrates арганізуюць у інтэрнэце прэзентацыю каталога выстаўкі. Выданне падрыхтавалі Крыстына Чэрні, даследчыца жыцця і творчасці Навасельскага, мастацтвазнавец Анда Ротэнберг, айцец Канстанты Бандарук, які закранае тэалагічныя аспекты свята Праабражэння. Каталог выйдзе па-польску, па-беларуску і па-англійску. Ён аздоблены фатаграфіямі з выстаўкі Гжэгажа Дамброўскага.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Беларускія мастакі аднаўляюць фрэскі XVI ст. у Супраслі (ФОТА)

20.02.2020 09:02
Выйшла кніга „Freski supraskie” пра насценны жывапіс царквы XVI стагоддзя на Падляшшы.