Беларуская Служба

Марыя Каламайская-Саід: У Гродне пабудавалі дыснейлэнд пад назвай «замак Баторыя»

30.12.2021 14:57
Мастацтвазнаўца Марыя Каламайская-Саід сцвярджае, што Стары замак у Гродне ніколі не быў такім, якім стаў у выніку рэканструкцыі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". М.Каламайская-Саід пра архітэктуру ВКЛ у РБ.
     . 2021 .
Стары замак у Гродне пасля рэканструкцыі. 2021 г. Commons.wikimedia.org/Liashko/CC BY 4.0

Марыя Каламайская-Саід — вядомая ў Польшчы мастацтвазнаўца. Яна з’яўляецца спецыялістам па гісторыі архітэктуры і мастацтва перыяду Рэчы Паспалітай, у т.л. беларускіх зямель. Пад яе рэдакцыяй выйшлі некалькі тамоў даведніка Kościoły i klasztory rzymskokatolickie (“Рымска-каталіцкія касцёлы і кляштары”) па тэрыторыях былых ваяводстваў ВКЛ — Навагрудскім, Віленскім, Троцкім, Брэсцкім-Літоўскім. Гэтыя працы змяшчаюць падрабязнае апісанне і вялікую колькасць фатаграфій па помніках архітэктуры, у т.л. на тэрыторыі Беларусі. Аналагаў гэтых даследаванняў няма ў Беларусі. Няма і перакладу гэтых кніг на беларускую мову.

З Марыяй Каламайскай-Саід мы пагутарылі пра тое, як беларусам і палякам аб’яднаць намаганні па захаванні і даследаванні спадчыны перыяду Рэчы Паспалітай у Беларусі ў сучасных умовах.

Марыя Каламайская-Саід:З польскага боку ажыццяўлялася разнастайная фінансавая дапамога, аднак цяпер гэта ўсё спынена. І што яшчэ больш важна: з Польшчы ў Беларусі накіроўваліся рэстаўратары, г.зн. ажыццяўлялася дапамога кадрамі. Аднак усё гэта было кропляй у моры. Я ўсведамляю, што гэтага вельмі мала. І гэта не спыняе працэсу знішчэння помнікаў. За час кантактаў з гэтай тэрыторыяй (Беларуссю. — Рэд.) я з пазіцыі энтузіяста перамясцілася на пазіцыю скептыка. Бо калі на месцы няма зацікаўленасці, магчымасцей, сродкаў і людзей, то на адлегласці мала што можна зрабіць.

Марыя Каламайская-Саід звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі часам помнікі архітэктуры не рэстаўрыруюць, а рэканструіруюць: пры гэтым каштоўныя старажытныя сцены руйнуюць, а замест іх будуюць новыя. Прыкладаў многа, але дастаткова хаця б двух найбольш яскравых: як былі знішчаны аўтэнтычныя канструкцыі ў Старым замку каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх у Гродне і ў палацы Радзівілаў у Нясвіжы.

Марыя Каламайская-Саід:У Нясвіжы створаны цалкам прыстойны музей. Тое ж я магу сказаць і пра музей у Міры. Але што датычыць рэстаўрацыі замкаў у Нясвіжы і Міры, то валасы становяцца дыбам. Гэта нешта, што можа ўразіць непадрыхтаваных экскурсантаў. Але спецылістаў гэта прыгнечвае.

Адно з крылаў замка ў Нясвіжы было разабрана да падмуркаў, г. зн. знішчана — дзеля таго, каб нанова адбудаваць, бо, маўляў, так будзе прыгажэй і больш трывала. Але трэба прызнаць, што гэта не метад рэстаўрацыі. Так выглядае справа ў Нясвіжы. Але аналагічная сітуацыі і з іншымі аб’ектамі. І гэта не нясе нічога добрага гэтым помнікам.

Гэта ўсё выглядае дарэчы ў дробнай прапагандзе. Але што датычыць самога аб’екта, то гэта забівае праўду пра гэты аб’ект.

Марыя Каламайская-Саід лічыць, што ўсведамленне сапраўднай каштоўнасці помнікаў гісторыі і культуры Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай можа наступіць толькі пасля грунтоўнага вывучэння гэтай спадчыны.

Марыя Каламайская-Саід:Тое, што стаіць на гэтых землях, — гэта спадчына многавяковай міжнароднай супольнасці. Гэтага нельга ўспрымаць па прынцыпе “маё, маё, маё” і “выдзіраючы” або разбураючы штосьці, бо гэта, маўляў, “збудавалі палякі”. Але гэта збудавалі не “палякі”, а мясцовыя дойліды. А, напрыклад, аўтарам якога-небудзь праекта з’яўляецца італьянскі архітэктар. І што?

Нельга разважаць такім чынам, што гэта збудавалі мы або не мы. Гэта не канструктыўны падыход.

Але нацыяналізмы добра сябе адчуваюць і штучна падаграваюцца, бо цудоўна служаць палітычным мэтам. І вынікі варты жалю.

Марыя Каламайская-Саід адзначае, што міждзяржаўнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларуссю па праблеме захавання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, на жаль, ніколі не было дастаткова інтэнсіўным і эфектыўным.

Марыя Каламайская-Саід:На працягу многіх гадоў існуюць міждзяржаўныя камісіі па пытаннях агульнай спадчыны — так прыгожа яны называюцца: польска-літоўская, польска-ўкраінская, польска-беларуская. Але ажыццяўленне чагосьці супольнага праз іх нерэальнае.

Адзін бок нешта робіць, другі таксама, нехта камусьці саступае. Але ж каб гэта адбывалася натуральным чынам разам, то нешта такое не вельмі атрымліваецца.

Апошнім разам Марыя Каламайская-Саід наведвала Беларусь тры гады таму. Тады яна пабывала ў Гродне.

Марыя Каламайская-Саід:Я з засмучэннем успамінаю той візіт. Я прыязджала ў рамках польска-беларускага супрацоўніцтва па пытанні рэканструкцыі замка караля Стэфана Баторыя ў Гродне.

Я павінна сказаць, што ніякія рэкамендацыі з боку польскіх вучоных — гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў не змаглі дапамагчы.

Там будуюць нейкі жудасны дыснейлэнд пад назвай “замак Баторыя”. Такім замак ніколі не быў і ні да чаго не падобны. Гэта будзе чарговы муляж для экскурсантаў. Наведвальнікі могуць прыехаць, раскрыць рот: “А-а-а!!! Замак караля! Сапраўдны замак караля!” Там яшчэ не хапае толькі прынцэсы ў крыналінавай сукенцы, каб усё было як у казцы: ёсць замак — ёсць прынцэса. Вось і ўсё!

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мастацтвазнаўца: Спадчына Рэчы Паспалітай знаходзіцца не ў ідэальным стане

09.12.2021 10:01
Мастацтвазнаўца Марыя Каламайская-Саід аналізуе стан гісторыка-культурнай спадчыны Рэчы Паспалітай у Польшчы, Літве і Беларусі.