Беларуская Служба

Зянон Пазняк: Калі пераможа Украіна, з’явіцца перспектыва і ў Беларусі

09.02.2023 15:11
Зянон Пазняк лічыць, што тыя, хто абараняе Украіну ў палку імя Каліноўскага, — гэта будучая палітычная эліта Беларусі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". З.Пазняк пра візіт ва Украіну.
  7        .
Зянон Пазняк 7 лютага ў офісе фонду “Беларускі дом у Варшаве”.Эдуард Жолуд

Зянон Пазняк, адзін з заснавальнікаў сучаснага беларускага нацыянальнага руху і адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай у 1991 годзе, у 1996 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за рэпрэсій свайго галоўнага апанента —прамаскоўскага мінскага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны Зянон Пазняк уважліва сочыць за развіццём падзей ва Украіне, а на днях наведаў гэту краіну. Сваімі ўражаннямі Зянон Станіслававіч падзяліўся 7 лютага ў офісе фонду «Беларускі дом у Варшаве».

Зянон Пазняк, дзелячыся сваімі ўражаннямі аб візіце ва Украіну ў гэтыя лютаўскія дні, успамінае, як ён, будучы старшынёй Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», супрацоўнічаў з аналагічнай арганізацыяй ва Украіне — Народным рухам Украіны на чале з Вячаславам Чарнавілам.

Зянон Пазняк:Мы сябравалі з Чарнавілам. Я там часта бываў.

А калі я з'язджаў з Беларусі на эміграцыю, то двойчы — праз Украіну, і Чарнавіл мне ў гэтым дапамагаў.

Я тады сустракаўся з многімі ўкраінцамі, выступаў на мітынгах Народнага руху Украіны. І таму я думаю, што ведаю гэты народ.

І вось тады, у 1990-я гг., павалока саветызму ахутвала і беларусаў, і ўкраінцаў. Гэта выяўлялася ў тым, што людзі не ўсміхаліся, былі нейкія змрочныя, можна было сутыкнуцца з рускім хамствам. Тыя, хто жыў пры савецкай уладзе, добра гэта ведаюць.

Апошні раз я быў у Кіеве ў 1998 г. З таго часу горад практычна не змяніўся. Але што мяне здзівіла: абсалютна змяніўся народ. Гэта іншы народ.

Усюды, дзе я быў з калегамі, у кафэ, Вярхоўнай Радзе Украіны, рэдакцыях, аптэках, абменніках валюты, на запраўках, усюды людзі са сферы абслугоўвання паводзілі сябе ветліва. Еўрапейскія людзі! Усміхаюцца, паводзяць сябе ветліва, імкнуцца дапамагчы. Гэта для мяне было неверагодна. Гэта былі зусім несавецкія людзі. Гэта новая Украіна. Вось чаму я лічу, што ва Украіны вялікая будучыня. Бо саветызм знік. Ну, можа, не зусім. Аднак тое, што мы бачылі — гэта новая прыветлівая спакойная краіна з людзьмі, якія гатовы дапамагчы. І гэта я заўважаў усюды. Я нідзе не спаткаў нечага іншага.

Убачанае цяпер ва Украіне Зянона Пазняка пераконвае ў тым, што пазітыўны вопыт суседняй краіны можа быць выкарыстаны і ў яго роднай Беларусі.

Зянон Пазняк:Я думаю, што калі мы пазбавімся ад расійскага варварства, ад калгасніка (Лукашэнкі. — Рэд.), тое самае, што і на Украіне, будзе і на Беларусі.

Зянон Пазняк растлумачыў, у чым заключаецца сутнасць расійскага варварства ў адносінах да іншых народаў.

Зянон Пазняк:Калі вы спаткаеце на Захадзе маскаля, то заўважце: калі ён бачыць нешта добрае, ён гэта ненавідзіць.

Дык вось, так, як на Украіне, будзе і на Беларусі: новае жыццё, вольныя людзі, нацыянальныя традыцыі, веданне таго, якія перспектывы чакаюць людзей. Усё гэта мяняе людзей.

На Украіне я ўбачыў, як вайна мяняе людзей. Цяпер яны сябе адчуваюць вольнай нацыяй.

Пры гэтым Зянон Пазняк выразна бачыць, якія працэсы ідуць у Беларусі. І не мае ілюзій.

Зянон Пазняк:У 1994 г. Масква прывяла да ўлады ў Беларусі свайго стаўленіка (Лукашэнку. — Рэд.). І мы гэта называем унутранай акупацыяй. Што рабіў гэты стаўленік? Ён знішчаў асновы нацыі, культуры і г.д.

За гэты час таксама быў расколаты і фактычна маргіналізаваны нацыянальна-вызваленчы апазіцыйны рух на Беларусі — Беларускі народны фронт «Адраджэньне».

З дапамогай немцаў была створана «новая апазіцыя». Гэта «апазіцыя» арыентавалася на Маскву і на Заходнюю Еўропу. Бо Заходняя Еўропа таксама арыентавалася на Расію.

Яшчэ нядаўна гэта сцвярджэнне Зянона Пазняка выклікала б здзіўленне. Аднак менавіта вайна ва Украіне агаліла вельмі цесныя сувязі заходнееўрапейскіх і, асабліва, нямецкіх палітыкаў з рэжымам Пуціна.

Зянон Пазняк растлумачыў, як Захад і Масква маніпулявалі лёсам Беларусі.

Зянон Пазняк: Ставілася задача, што «новыя апазіцыянеры» будуць змагацца за «дэмакратыю», «правы чалавека», але разам з Расіяй.

Але ўсё тое, што ствараецца разам з імперскай Расіяй, канчаецца агрэсіяй, вайной, фашызмам і знішчэннем нацыі, г.зв. дэнацыфікацыяй. Гэта мы назіраем на працягу ўсёй гісторыі.

І за гэты час была знішчана беларуская нацыянальна-вызваленчая палітычная эліта. Мы страцілі эліту, якая ўсе гэтыя гады гаварыла аб пагрозах з боку Масквы і аб правах чалавека на французскі манер.

Зянон Пазняк лічыць, што праблема Беларусі ў тым, што нават у 2020 годзе, калі Беларусь была ахоплена пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі, у значнай меры гэта адбывалася пад эгідай прамаскоўскай «новай апазіцыі».

Зянон Пазняк:І па сённяшні дзень гэтая «апазіцыя» дзейнічае зыходзячы з таго, што Расія захаваецца. Якая б яна ні засталася, яны з ёю будуць супрацоўнічаць. Аднак калі захаваецца расійскі імперскі арганізм, усё скончыцца тым жа, што і цяпер. Гэта шлях у тупік, у небыццё.

Вяртаючыся да ўкраінскіх падзей, Зянон Пазняк рэзюмуе.

Зянон Пазняк:Вайна, якая цяпер адбываецца на Украіне, шмат каму праясніла мазгі: што Расія і расійскі імперыялізм – гэта наш натуральны вораг.

Або будзе яна, або мы.

Беларускі палітык у сувязі з гэтым растлумачыў, чаму перамога Украіны ў вайне з Расіяй такая важная для Беларусі.

Зянон Пазняк:Існуе адна матрыца: знішчэнне Беларусі і Украіны (імперскай Расіяй. — Рэд.). Беларусь ужо захоплена. Украіну захапіць не ўдаецца. Але ідзе вайна.

І таму наша арыентацыя: быць разам з Украінай. Задача наступная: каб Украіна перамагла, бо толькі гэта адкрые перспектыву для Беларусі.

Вельмі важна, каб Расія ў гэтай вайне пацярпела паражэнне і аб'явіла аб капітуляцыі і каб адбылася дэзінтэграцыя гэтай краіны. Цяпер, праз сто гадоў, гісторыя дае другі шанс — пасля 1917 года — расправіцца з гэтай ардой.

Усё цяпер трымаецца на ўкраінцах, — перакананы Зянон Станіслававіч. Ён наведаў полк імя Каліноўскага, у якім беларусы ваююць за Украіну. І менавіта гэтых беларусаў сп. Пазняк вылучае сярод усіх, хто сёння змагаецца за Беларусь.

Зянон Пазняк:Там у асноўным маладыя людзі. Многія з вышэйшай адукацыяй, якія ў многіх пытаннях разбіраюцца. А галоўнае — усе яны патрыёты. І ўсе яны гатовы ахвяраваць сабой дзеля Бацькаўшчыны. І ў той жа час яны бачаць сябе не толькі ў акопах, яны думаюць пра будучыню.

Яны — наша будучая палітычная эліта. Адзінае, што я хачу: дай Божа, каб усе засталіся жывымі!

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык: Трэба хаця б некалькі соцень тысяч фанатычна нярускіх людзей, каб выйсці з «русского мира»

04.08.2022 16:03
Беларускі гісторык Аляксандр Белы лічыць, што сучаснае насельніцтва РБ – вынік ачышчэння Беларусі Расіяй ад нярускага элемента шляхам прымусу да эміграцыі і масавых забойстваў.

Пасол Польшчы ў Беларусі: Мэта знешняй палітыкі РП — каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай

10.11.2022 16:01
3-5 лістапада 2022 г. Беластоку прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя «Палякі ў Беларусі».