Беларуская Служба

El Pais: Саюзнікі ціснуць на Кіеў наконт перамоў з Расіяй

04.10.2024 17:16
Саюзнікі пачынаюць новую хвалю ціску на Кіеў, каб прывесці да перамоў і спыніць расійска-ўкраінскую вайну — паведамляе ў пятніцу іспанскі штодзённік El Pais.
    .
Расіяне ўдарылі па Запарожжу авіябомбамі.Фота: t.me/ivan_fedorov_zp

Стаўленне заходніх хаўруснікаў Украіны да неабходнасці перамоў з Расіяй, на думку штодзённіка, пацвярджаецца «меншаю падтрымкаю (Уладзіміра) Зяленскага падчас ягонай нядаўняй паездкі ў ЗША».

Нягледзячы на ​​тое, што прэзідэнт Украіны можа разлічваць на далейшую фінансавую дапамогу з боку Вашынгтона, згоды на выкарыстанне амерыканскіх ракет далёкага радыусу дзеяння па цэлях на расійскай тэрыторыі пакуль няма. «Расійская атака на Данецкім фронце працягваецца з лета гэтага года, і ўкраінскія ўзброеныя сілы не могуць пераламаць сітуацыю», — піша  El Pais.

Каб Украіна адбіла напад Расіі, ёй прыйшлося б у некалькі разоў павялічыць усю ваенную дапамогу, якую яна атрымала дагэтуль, дадае выданне. Паводле газеты, увагу Захада ад Украіны таксама адцягвае сітуацыя на Блізкім Усходзе, асабліва пасля ізраільскага нападу на поўдзень Лівана і эскалацыі паміж Ізраілем і Іранам.

Аднак для Украіны гадзіннік ідзе найперш у сувязі з лістападаўскімі прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША і магчымай перамогай там Дональда Трампа.

Урад у Кіеве пратэставаў пасля галасоў на Захадзе аб магчымых рашэннях вайны паміж Расіяй і Украінай, якія прадугледжваюць саступкі з украінскага боку. У гэтым кантэксце El Pais працытавала вераснёўскую прапанову міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, які выступіў з ідэяй часова перадаць Крым пад мандат ААН, а затым правесці на паўвостраве рэферэндум.

Паводле ўкраінскага эксперта Міхайла Самуся, якога цытуе выданне, есць змена стаўлення саюзьнікаў Украіны, і ўсё часцей кажуць пра «прагматычнае спыненне вайны». Паводле яго слоў, згода Вашынгтона на выкарыстанне Украінай ракет далёкага радыусу дзеяння супраць ваенных аб'ектаў у Расіі «паставіла б расійскую армію ў складаную сітуацыю і стварыла б прастору для перамоў». Паводле Самуся, галоўная задача перад іх пачаткам — аслабіць Расію ў Крыме.

«Прадастаўленне Украіне выхаду да Чорнага мора — пытанне экзістэнцыяльнае», — кажа эксперт.

PAP/вх