72-гадовы вучоны-механік па заказе расіян распрацоўваў чарцяжы для ўдасканалення дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед», якія маркіруюць назвай «Герань-2». У прыватнасці, ён працаваў над мадэрнізацыяй рухавікоў і катапультных установак, паведаміла «Украінская праўда».
Па дадзеных следства, фігурант дыстанцыйна перадаваў тэхналагічныя распрацоўкі свайму знаёмаму, гендырэктару аднаго з расійскіх машынабудаўнічых заводаў, які вырабляе агрэгаты для беспілотнікаў.
Навуковец перасылаў інфармацыю ў Расію па электроннай пошце і праз месэнджар, маскіруючы супрацоўніцтва пад выглядам падрыхтоўкі навуковых прац у галіне БПЛА.
Як устанавіла расследаванне, навуковец прыцягнуў да праектных работ свайго былога студэнта, які ў пачатку поўнамаштабнай вайны збег з Харкаўскай вобласці ў РФ.
Там ён уладкаваўся ў Маскоўскі тэхналагічны ўніверсітэт, у якім займаецца распрацоўкай
дронаў для ўзброеных сіл РФ.
Контрразведчыкі СБУ задакументавалі злачынствы харкаўскага вучонага і затрымалі яго па месцы жыхарства ў Харкаве. Падчас вобшуку ў яго канфіскавалі камп’ютарную тэхніку, мабільны тэлефон і флэшкі з доказамі падрыўной дзейнасці на карысць РФ.
Суд арыштаваў навукоўца. Яму пагражае 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Акрамя таго, плануецца завочна паведаміць аб падазрэнні саўдзельніку фігуранта — былому студэнту Харкаўскай ВНУ, які хаваецца ў Расіі, дадаюць у спецслужбе.
яс