Уладзімір Пуцін хоча выціснуць украінскія войскі з Курскай вобласці да 20 студзеня наступнага года, — заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У гэты дзень да прысягі будзе прыведзены 47-ы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
Уладзімір Зяленскі нагадаў, што акупацыя часткі Курскай вобласці РФ паказала — Масква не ў стане абараніць сваю тэрыторыю:
— Для Пуціна галоўнае выгнаць нас з Курскай вобласці. Усе гэтыя гісторыі, усе гэтыя дэманстрацыйныя ўдары з новымі ракеткамі, усё гэта для паказухі. Такую задачу ён паставіў. Я ўпэўнены, што ён хоча, нас выціснуць да 20 студзеня. Яму вельмі важна паказаць, што ён кантралюе сітуацыю. Але ён не кантралюе сітуацыю. Курская аперацыя — гэта не гульня.
Між тым, як паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу ў Генштабе УС Украіны, Расія вярнула сабе 60% сваёй тэрыторыі ў Курскай вобласці, якую ў жніўні акупавала ўкраінская армія. Цытаваная ананімная крыніца кажа, што з моманту ўваходжання ўкраінскага войска ў Курскую вобласць расіяне накіравалі туды каля 60 тысяч вайскоўцаў. Усё часцей сярод іх сустракаюцца паўночнакарэйскія салдаты.
У цяперашні час плошча тэрыторыі Курскай вобласці, якая кантралюецца Украінай, скарацілася да 800 квадратных кіламетраў.
iar/эж