Беларуская Служба

Кадыраў пагражае ўкраінцам адказам за чарговую атаку беспілотнікаў па Грозным

12.12.2024 10:15
Першая атака беспілотнікаў на Чачню адбылася 29 кастрычніка. Тады чачэнскі кіраўнік таксама прыгражаў помстай.
Рамзан КадыраўАўтар: Tatarstan.ru, CC BY 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=149084499

Украінскія беспілотнікі атакавалі казармы палка спецыяльнага прызначэння МУС імя Героя Расіі Ахмата Кадырава ў сталіцы Чачні Грозным. Рамзан Кадыраў, кіраўнік рэспублікі, якая ўваходзіць у склад РФ, прыгразіў украінскаму боку адказам.

Кадыраў паведаміў у Telegram-канале, што над казармамі быў збіты беспілотнік, у выніку чаго былі пашкоджаныя будынкі казармаў, але сур'ёзна ніхто не пацярпеў. «Чацвёра ахоўнікаў атрымалі лёгкія траўмы», - напісаў ён.



Кадыраў таксама запэўніў, што падобныя дзеянні толькі ўмацоўваюць баявы дух падначаленых яму войскаў. «Рэзерв з 84 тысяч добраахвотнікаў і байцоў з Чачэнскай Рэспублікі гатовы рушыць да лініі фронту па першым загадзе(…) І толькі за гэтых чатырох параненых мы заб'ём 400 „укранатаў”!» – абвясціў ён.

Украінскія ўлады пакуль не пацвердзілі, што гэта яны здзейснілі напад. Аднак у Telegram-канале кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка пракаментараваў падзею такім чынам: «Грозны, Расійская Федэрацыя. Удар знявагі».

Нагадваем, першая атака беспілотнікаў на Чачню адбылася 29 кастрычніка. Тады быў здзейснены напад на расійскі Універсітэт спецназа імя Уладзімірa Пуцінa ў горадзе Гудэрмес. Тады таксама Рамзан Кадыраў прыгразіў украінскім сілам «адплатай, пра якую яны нават не марылі».

PAP/аз