Спыненне транзіту расійскага газу праз Украіну з'яўляецца адной з найвялікшых паразаў Расіі, напісаў на сайце Х прэзідэнт Украіны. Уладзімір Зяленскі адзначыў, што 25 гадоў таму аб'ём расійскага газу, які праходзіў транзітам праз Украіну складаў 130 мільярдаў кубаметраў, а зараз роўна нуль.
«Расія зрабіла энергетыку прадметам цынічнага шантажу. Украіна на гэта не пагадзілася, і такім чынам Расія страціла доступ да многіх прыбытковых рынкаў», - напісаў у сацсетках Уладзімір Зяленскі.
«Чым больш газу, прапанаванага еўрапейскім краінам рэальнымі партнёрамі, будзе на рынку, тым хутчэй яны перастануць быць залежнымі ад паставак расійскай сыравіны», — напісаў Уладзімір Зяленскі. Украінскі прэзідэнт адзначыў, што разлічвае на павелічэнне паставак газу з ЗША, як абяцаў новаабраны прэзідэнт Дональд Трамп.
Нагадваем, з 1 студзеня Украіна спыніла транзіт расійскага прыроднага газу праз Украіну. Улады ў Кіеве не працягнулі транзітнае пагадненне з расійскім «Газпромам». Украінцы патлумачылі гэта тым, што не хочуць даваць агрэсару магчымасць зарабіць грошы на вядзенне вайны.
Апошні раз пагадненне аб транзіце газу паміж расійскім «Газпромам» і ўкраінскім «Нафтагазам» было падоўжана ў снежні 2019 года і выканана, нягледзячы на поўнамаштабную расійскую агрэсію.
Расіяне зараблялі на транзіце каля 6,5 мільярдаў долараў у год. Славакі, вугорцы і аўстрыйцы па-ранейшаму залежаць ад расійскай сыравіны. Расійскі газ, які паступае праз Украіну, складае большую частку паліва, якое яны выкарыстоўваюць. Прэм'ер Славакіі Роберт Фіца прыгразіў Украіне адключэннем электраэнергіі ў выпадку спынення транзіту газу.
IAR/аз