Размова была апублікаваная з нагоды набліжэння 100 дзён другога прэзідэнцтва Трампа.
Дональд Трамп паўтарыў наратыў расійскай прапаганды пра тое, што гэта Украіна развязала вайну сваімі дзеяннямі.
«Я думаю, што прычынай пачатку вайны стала тое, што яны (украінцы, — рэд.) пачалі казаць пра ўступленне ў НАТА», — заявіў амерыканскі прэзідэнт.
Як піша часопіс Time, мірная дамова, якую спрабуе ўвесці Трамп, прадугледжвае перадачу Расіі каля 20 працэнтаў тэрыторыі Украіны.
«Крым застанецца з Расіяй», — заявіў Трамп.
«Што ж, Крым перайшоў да расіян. Яго перадаў ім Барак Абама, а не я. Улічваючы гэта, ці змогуць украінцы яго вярнуць? Яны трымалі там расіян. Яны мелі там свае падводныя лодкі задоўга да любога перыяду, пра які мы гаворым, на працягу многіх гадоў.
Людзі ў Крыме размаўляюць пераважна на рускай мове. Але гэта было зроблена Абамам. Гэта не было зроблена Трампам. Забралі б Крым у мяне, як гэта адбылося з Абамам? Не, гэтага б не адбылося. Крым, калі б я быў прэзідэнтам, не быў бы адабраны», — заявіў Трамп.
Часопіс Time апублікаваў інтэрв'ю з Дональдам Трампам.
Раней агенцтва Reuters апублікавала меркаваны праект ЗША па ўрэгуляванні вайны ва Украіне, у ім такія ўмовы:
- Украіна адмаўляецца ад імкнення ўступіць у НАТА, але можа працаваць над уступленнем у ЕС.
- Мяркуецца зняцце санкцый з Расіі, якія былі ўведзены з 2014 года.
- Трамп прапануе, каб Штаты прызналі Крым дэ-юрэ, а акупаваныя тэрыторыі Украіны дэ-факта пад кантролем РФ.
- Бесперашкодны праход па Дняпры для ўкраінскіх судоў.
Еўропа і Украіна не пагадзіліся з такімі прапановамі.
Паводле РАР/вх