Беларуская Служба

«Адноўлены поўны кантроль над Курскай вобласцю» — у аперацыі ўдзельнічалі салдаты КНДР

26.04.2025 13:29
 Генштаб Украіны адмаўляе гэтую заяву.
          .  .
Уладзімір Пуцін і начальнік Генштаба Узброеных сіл Расіі генерал Валерый Герасімаў. Архіўная выява.kremlin.ru

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Расіі генерал Валерый Герасімаў паведаміў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну аб завяршэнні аперацыі, накіраванай на аднаўленне поўнага кантролю над Курскай вобласцю на захадзе Расіі.

Герасімаў заявіў, што  ўкраінская армія страціла ў баях у Курскай вобласці больш за 76 тысяч вайскоўцаў. Цяпер «правяраюцца закінутыя будынкі і лясы на прадмет пакінутых адзіночных салдат ВСУ». 

Асобна Герасімаў адзначыў ваенных з КНДР, якія «паказалі высокі прафесіяналізм» падчас баёў у Курскай вобласці.

Украінскі бок пракаментаваў заяву Герасімава. Генштаб Украіны абверг заяву РФ аб нібыта завяршэнні баявых дзеянняў на Куршчыне. «Аперацыя ў пэўных раёнах Курскай вобласці працягваецца. Нашы падраздзяленні працягваюць утрымліваць пазіцыі і выконваюць задачы», гаворыцца ў паведамленні ўкраінскіх вайскоўцаў.

Адначасова ўкраінскі Генеральны штаб у ранішняй зводцы паведаміў, што ўкраінскія сілы ўсё яшчэ стрымліваюць расіян на Курскай напрамку.

На картах праекта DeepState, які аналізуе пазіцыі войскаў Украіны і Расіі, два раёны Курскай вобласці дагэтуль пазначаны як кантраляваныя Узброенымі сіламі Украіны.

Украінскія вайскоўцы пачалі аперацыі ў Курскай вобласці Расіі, якая мяжуе з Украінай, у жніўні мінулага года. У сярэдзіне сакавіка DeepState паведаміў, што ўкраінскія ўзброеныя сілы вывелі войскі з Суджы ў гэтым рэгіёне.

Паводле слоў экспертаў, патэнцыйная страта кантролю над тэрыторыяй Курскай вобласці ўкраінскімі войскамі будзе мець палітычнае значэнне і можа паўплываць на маральны дух украінцаў.

РАР/вх