Аперацыяй па пошуку забойцаў украінскага афіцэра асабіста кіраваў кіраўнік СБУ генерал-лейтэнант Васіль Малюк.
Ва Украіну была накіравана агентурна-баявая група ФСБ, якая тры дні таму забіла палкоўніка Івана Вароніча. Сёння падчас арышту злачынцы супраціўляліся і былі ліквідаваныя.
Кіраўнік СБУ падзякаваў украінскай паліцыі за падтрымку і падкрэсліў, што эфектыўная барацьба з расійскімі спецслужбамі з'яўляецца адным з прыярытэтаў Службы бяспекі.
Расследаванне паказала, што забойства было здзейснена двума агентамі – мужчынам і жанчынай, якія сачылі за ахвярай і атрымалі ад ФСБ каардынаты схованкі са зброяй. Пасля злачынства яны спрабавалі схавацца, але былі ліквідаваныя падчас ранішняй аперацыі ў Кіеўскай вобласці.
10 ліпеня расійскія агенты забілі ў Кіеве супрацоўніка СБУ палкоўніка Івана Вароніча. Вароніч камандаваў Пятым упраўленнем СБУ – падраздзяленнем, якое пры падтрымцы ЦРУ займаецца правядзеннем дыверсійных аперацый у Расіі і на акупаваных тэрыторыях.
IAR/вх