Беларуская Служба

Генштаб ЗСУ: Нанесены ўдар па расійскім патрульным караблі і нафтавай платформе ў Каспійскім моры

20.12.2025 08:42
Украінскія беспілотнікі нанеслі ўдар па расійскім патрульным караблі і нафтавай платформе ў Каспійскім моры, паведаміў украінскі Генеральны штаб.
Ukraina uderzyła w platformę wiertniczą Łukoilu
Ukraina uderzyła w platformę wiertniczą ŁukoiluGIUSEPPE CACACE/AFP/East News

«З мэтай зніжэння ваеннага і эканамічнага патэнцыялу праціўніка ў ноч з 18 на 19 снежня Армія абароны Украіны паспяхова нанесла ўдар па расійскім ваенным караблі праекта 22460 «Охотник», – паведамілі ўкраінскія вайскоўцы.

У заяве тлумачыцца, што карабель патруляваў воды паблізу нафтагазавай платформы ў Каспійскім моры. «Некалькі ўкраінскіх беспілотнікаў нанеслі ўдар па караблі. Маштаб пашкоджанняў і бартавы нумар карабля вызначаюцца», – гаворыцца ў паведамленні.

Яшчэ адной мэтай, атакаванай беспілотнікамі, была буравая платформа на нафтагазавым радовішчы Філанаўскага ў Каспійскім моры. Яна належыць расійскай дзяржаўнай кампаніі «Лукойл».

Платформы на радовішчы Філанаўскага ўжо двойчы падвяргаліся нападам за апошні тыдзень. Гэта адно з найбуйнейшых разведаных радовішчаў у Расійскай Федэрацыі і ў расійскім сектары Каспійскага мора. Яго запасы ацэньваюцца ў 129 мільёнаў тон нафты і 30 мільярдаў кубічных метраў газу.

«Платформа забяспечвае здабычу нафты і газу і выкарыстоўваецца для задавальнення патрэб узброеных сіл расійскага агрэсара. Яе далейшая аператыўная здольнасць і маштабы страт вызначаюцца», – паведаміў Генеральны штаб у Кіеве.

Таксама паведамлялася, што нядаўна ўкраінскія войскі нанеслі ўдар па радыёлакацыйнай сістэме РСП-6М2 каля горада Краснасільск у акупаваным Расіяй Крыме. Гэтая сістэма прызначана для рэгулявання руху самалётаў, у прыватнасці, для дакладнага навядзення іх на пасадку ва ўмовах дрэннай бачнасці, тлумачыцца ў прэс-рэлізе.

«Сілы абароны будуць працягваць прымаць меры для падрыву наступальнага патэнцыялу захопнікаў і прымусу Расійскай Федэрацыі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны. Далейшыя дзеянні будуць працягвацца», – заявілі ў штабе.

PAP/вх