Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі наведаў першую ўкраінска-нямецкую вытворчасць беспілотных апаратаў

13.02.2026 14:29
Прэзідэнт Украіны наведаў першую ўкраінска-нямецкую вытворчасць беспілотнікаў.
.     .
У. Зяленскі на канферэнцыі ў Мюнхене. Фота: ТГ У. Зяленскага

Гэта важны дзень, які прынясе прагрэс у агульнай бяспецы Украіны і Еўропы, — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сацсетках пра пачатак Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

Прэзідэнт Украіны, які ўдзельнічае ў сустрэчы, наведаў першую ўкраінска-нямецкую вытворчасць беспілотнікаў. Пазней ён прыме ўдзел у перамовах з замежнымі партнёрамі. Ён адзначыў, што патрэбна больш сумеснай вытворчасці, лепшая ўстойлівасць, каардынацыя і эфектыўнасць агульнай архітэктуры бяспекі ў Еўропе.

«Самае галоўнае, чаго мы можам дасягнуць разам, — гэта спыніць вайну і дасягнуць справядлівага міру, заснаванага на надзейных гарантыях бяспекі для Украіны і ўсёй Еўропы, каб ніводная еўрапейская краіна не баялася застацца без абароны», — адзначыў украінскі прэзідэнт.

На ягоную думку, Еўропе патрэбна незалежная і моцная абаронная прамысловасць — у партнёрстве са Злучанымі Штатамі.

«Я ўпэўнены, што Украіна — моцны партнёр, добры партнёр з рэальным вопытам, набытым падчас гэтай вайны — трагічнай вайны. Але мы гатовыя падзяліцца ім, гатовыя быць партнёрамі, гатовыя падтрымаць Еўропу, і, вядома, мы разлічваем на стратэгічнае партнёрства з Германіяй і іншымі еўрапейскімі краінамі».

Назва сёлетняй Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы «У разбурэнні» намякае на разбурэнне адносін паміж ЗША і Еўропай. Акрамя Уладзіміра Зяленскага, удзельнічаюць у сустрэчы дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа, лідары ​​і кіраўнікі дыпламатыі еўрапейскіх краін і міністр замежных спраў Кітая Ван І.

нг