Каралеўскія ўзброеныя сілы Белгіі ў нядзелю, 1 сакавіка, перахапілі танкер, які, паводле ўладаў, належыць да расійскага ценявога флоту. Пра гэта паведаміў міністр абароны Тэа Франкен. Аперацыя была праведзеная пры падтрымцы Францыі. Судна падазраецца ў хаджэнні пад фальшывым сцягам і выкарыстанні падробленых дакументаў. Цяпер танкер канваіруецца ў порт Зебруге, дзе будзе афіцыйна арыштаванае.
«За апошнія некалькі гадзін нашы Узброеныя сілы пры падтрымцы Францыі ўзялі пад кантроль танкер расійскага ценявога флоту», — напісаў Франкен у сацыяльнай сетцы X. Паводле яго, без гэтага флоту прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не зможа працягваць вайну супраць Украіны, таму такія судны будуць «ліквідаваныя адно за адным».
Ценявы флот Крамля — гэта механізм абыходу заходніх санкцый і цэнавых абмежаванняў на расійскую нафту. Паводле экспертаў, Масква задзейнічала сотні састарэлых суднаў, якія не толькі фінансуюць ваенную машыну, але і ствараюць пагрозу экалогіі сусветнага акіяну.
pap/эж