— Знішчэнне расійскай арміяй Кахоўскай плаціны ва Украіне выклікала катастрафічныя сацыяльныя, эканамічныя і экалагічныя наступствы, а падрыў мясцовай гідраэлектрастанцыі адпавядае ўсім крытэрыям экацыду, — заявіла PAP доктар біялагічных навук Ганна Куземка.
6 чэрвеня 2023 года ўкраінскія ўлады, якія больш за дзесяць гадоў змагаюцца з расійскай агрэсіяй, паведамілі, што расійскія салдаты падарвалі дамбу на Дняпры ў горадзе Новакахаўка ў Херсонскай вобласці (паўднёвы ўсход Украіны). Дамба стварыла Кахоўскае вадасховішча даўжынёй 240 кіламетраў. Гідраэлектрастанцыя, размешчаная на дамбе, была цалкам разбурана. Вада затапіла дзясяткі гарадоў, выклікаўшы маштабную гуманітарную і экалагічную катастрофу.
— Сацыяльна-эканамічныя наступствы разбурэння Кахоўскай плаціны, несумненна, негатыўныя і сталі сапраўднай трагедыяй. Вакол вадасховішча была пабудавана ўся інфраструктура рэгіёна: ад гэтага залежала сельскагаспадарчае арашэнне і задавальненне прамысловых патрэб. У цяперашні час найбольш актуальнай праблемай застаецца забеспячэнне мясцовага насельніцтва пітной вадой, — сказала Куземка, член праўлення грамадскай арганізацыі «Украінская група аховы прыроды».
Паводле слоў Куземкі, аднаўленне экасістэмы пасля разбурэння Кахоўскага вадасховішча магчыма толькі часткова.
— Экалагічныя наступствы расійскай агрэсіі пагаршаюцца зменамі клімату. Уявіце сабе вугляродны след, які пакідаюць штотыднёвыя масіраваныя ракетныя і беспілотныя атакі, якія выклікаюць лясныя і стэпавыя пажары. Вядома, гэта не можа не адбіцца на здароўі людзей як ва Украіне, так і ў іншых еўрапейскіх краінах, — падкрэсліла экспертка.
Адмысловец адзначыла, што абстрэлы Расіяй прамысловых абʼектаў, паліўных складоў і энергетычнай інфраструктуры наносяць велізарную шкоду прыроднаму асяроддзю Украіны. Пажары, якія ўзнікаюць у выніку такіх нападаў, азначаюць выкід значнай колькасці забруджвальных рэчываў і парніковых газаў.
ПР/юл