Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія абсталявала ля мяжы з Беларуссю базы для запуску ўдарных дронаў, іх ужо выкарыстоўваюць для ўдараў па Украіне — The Telegraph

17.08.2026 12:41
Некаторыя з іх ужо выкарыстоўваюцца для нападаў на Украіну, а новыя мадыфікацыі беспілотнікаў тэарэтычна дазваляюць наносіць удары і па тэрыторыі Польшчы.
    Wildberries
Дым падымаецца над аб'ектам Wildberries пасля ўдара ўкраінскага беспілотніка па індустрыяльным парку Каледзіна каля ПадольскаPAP/EPA/STRINGER

Расія стварыла не менш як дзесяць пляцовак для запуску дальнабойных ударных дронаў уздоўж граніц з Беларуссю і Украінай, піша «Люстэрка». Некаторыя з іх ужо выкарыстоўваюцца для нападаў на Украіну, а новыя мадыфікацыі беспілотнікаў тэарэтычна дазваляюць наносіць удары і па тэрыторыі Польшчы, гаворыцца ў расследаванні The Telegraph.

Выданне вывучыла спадарожнікавыя здымкі і дакументы і выявіла як мінімум 59 новых пускавых канструкцый, з якіх запускаюцца беспілотнікі самалётнага тыпу без звычайнай узлётна-пасадачнай паласы.

Частку пляцовак абсталявалі на тэрыторыі ўжо існуючых ваенных баз і грамадзянскіх аэрапортаў, іншыя пабудавалі з нуля. Па ацэнцы кампаніі DroneSec, якая аналізавала здымкі, каля 20 з іх маюць павялічаную даўжыню і могуць выкарыстоўвацца для запуску найбольш сучасных расійскіх дальнабойных дронаў.

У прыватнасці, размова ідзе пра новыя версіі расійскіх беспілотнікаў сямейства «Герань», створаных на аснове іранскіх Shahed. Па даных украінскіх дакументаў, якія апынуліся ў адкрытым доступе, рэактыўныя «Герань-4» і «Герань-5» могуць пераадольваць каля тысячы кіламетраў і несці баявую частку масай да 90 кілаграмаў.

Адзначаецца, што пры запуску такіх апаратаў з некаторых знойдзеных пляцовак у радыус паражэння трапляе Варшава. Пры гэтым аўтары падкрэсліваюць, што ніякіх звестак аб падрыхтоўцы Расіяй падобнага нападу няма.

Па даных расследавання, сем з дзесяці выяўленых аб'ектаў ужо выкарыстоўваліся падчас нядаўніх масіраваных удараў па Кіеве. На некалькіх пляцоўках працягваецца будаўніцтва дадатковых пускавых установак.

На адной з баз, як вынікае з аналізу спадарожнікавых здымкаў, абсталяваны сховішчы, здольныя адначасова змясціць больш за тысячу беспілотнікаў.

Заснавальнік DroneSec Майк Моннік лічыць, што Расія «значна пашырыла» сетку інфраструктуры для дронаў як для працягу нападаў на Украіну, так і для стварэння патэнцыйнай пагрозы краінам НАТА.

— Пашырэнне гэтых пускавых пляцовак паказвае, як Расія павялічыла магчымасці запускаць большую колькасць дронаў і адначасова ўдасканальвае тэхналогіі, каб іх было больш складана перахапляць,  заявіў ён.

Па дадзеных The Telegraph, базы атрымліваюць беспілотнікі з некалькіх расійскіх прадпрыемстваў, у тым ліку з асаблівай эканамічнай зоны «Алабуга», дзе арганізавана буйнасерыйная вытворчасць дронаў.

У НАТА заявілі, што альянс гатовы «абараняць кожны сантыметр тэрыторыі саюзнікаў» і ўзмацняе магчымасці па вытворчасці, прымяненні і нейтралізацыі беспілотнікаў.

Між тым прадстаўнікі разведак ЗША і еўрапейскіх краін паведамілі, што на Захадзе разглядаюць розныя сцэнары магчымых расійскіх правакацый супраць Польшчы  ад нападаў на крытычную інфраструктуру да аперацый пад чужым сцягам. Пры гэтым пацверджанняў таго, што Масква прыняла рашэнне аб падобных дзеяннях, няма.

Люстэрка/ав