Расіяне працягваюць авіяўдары па Украіне. Гэта адбываецца, нягледзячы на заклік уладаў Кіева спыніць агонь падчас візіту амерыканскіх пасланнікаў Джарэда Кушнера і Стыва Уіткафа. Сёння ў амерыканцаў запланаваны візіт у Маскву, заўтра — ва ўкраінскую сталіцу. Падчас перамоваў будзе ісці гаворка пра шляхі спынення вайны.
Раніцай ва ўкраінскай сталіцы гучалі выбухі. Расіяне атакавалі Кіеў рэактыўнымі беспілотнікамі. Ракеты і ўдарныя БПЛА праціўніка трапілі ў 23 пункты. Ноччу ракеты паляцелі таксама ў Днепрапятроўскую вобласць. Там загінулі чатыры мірныя жыхары. Расійскія напады азначаюць, што расіяне не адрэагавалі на заяву Кіева аб прыпыненні ўдараў на час візіту пасланнікаў Дональда Трампа.
Уладзімір Зяленскі запэўніў, што яго краіна пакуль устрымаецца ад авіяўдараў і чакае таго ж ад Расіі. СМІ таксама паведамлялі, што ўкраінскія вайскоўцы атрымалі загад спыніць агонь да 9 верасня. Аднак у офісе прэзідэнта Зяленскага гэтую інфармацыю не пацвердзілі.
IAR/нг