Беларуская Служба

Кангрэс забараніў прэзідэнтам аднаасобна выводзіць ЗША з НАТА

15.12.2023 13:46
Ініцыятыву вылучылі сенатар-дэмакрат Цім Кейн і яго рэспубліканскі калега Марка Рубіё.
Кангрэс ЗША Фота: Shutterstock/Andrea Izzotti

Кангрэс ухваліў законапраект, які не дазваляе прэзідэнту вывесці ЗША са складу НАТА без ухвалення Сената або прыняцця адпаведнага закона.

Ініцыятыву вылучылі сенатар-дэмакрат Цім Кейн і яго рэспубліканскі калега Марка Рубіё. Яна стала часткай штогадовага Закона аб асігнаваннях на нацыянальную абарону, які быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў у чацвер і, як чакаецца, будзе падпісаны прэзідэнтам Джо Байдэнам.

Пры Джо Байдэне значэнне альянсу ўзмацнілася, асабліва пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года.

«НАТА праявіла стойкасць у адказ на вайну Пуціна ва Украіне і выклікі ва ўсім свеце», – заявіў Цім Кейн. Паводле яго, законапраект «пацвярджае падтрымку Злучанымі Штатамі гэтага найважнейшага альянсу, які з'яўляецца асновай нацыянальнай бяспекі» краіны.

Тым часам Дональд Трамп, які зʼяўляецца вядучым прэтэндэнтам на вылучэнне ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі, пасылае неадназначныя сігналы наконт альянсу перад выбарамі 2024 года.

voa/эж