Беларуская Служба

Украіна атакавала аб'екты ў 12 абласцях РФ 

14.01.2025 10:32
У мэтах бяспекі Расавіяцыя часова закрыла аэрапорты Пензы і Ульянаўска.
Ілюстрацыя Shutterstock.com/Pavlo Baliukh

У ноч на 14 студзеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі некалькі рэгіёнаў Расіі. Па паведамленнях мясцовых улад і відавочцаў, удары былі нанесеныя па прамысловых аб'ектах, нафтабазах і крытычнай інфраструктуры.

Губернатар Саратаўскай вобласці заявіў аб пашкоджаннях на прамысловым прадпрыемстве у горадзе Энгельс. Мясцовыя жыхары паведамляюць аб пажары на нафтабазе або нафтаперапрацоўчым заводзе ў Саратаве, размешчаным на супрацьлеглым беразе Волгі.

Паведамляецца таксама аб пападанні беспілотнікаў па хімічным заводзе «Казаньаргсінтэз», які вырабляе палімерныя матэрыялы на паўночнай ускраіне Казані. У мэтах бяспекі Расавіяцыя часова закрыла аэрапорты Пензы і Ульянаўска.

У Белгарадскай вобласці зафіксаваны пашкоджанні высакавольтных ліній электраперадачы, што прывяло да экстранных адключэнняў электрычнасці ў адным з населеных пунктаў.

Паводле расійскіх уладаў, напады беспілотнікаў закранулі 12 рэгіёнаў Расіі. У некаторых з іх пашкоджаны жылыя дамы.

iar/эж