План спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне і Расіі Кіта Келага аб тым, што Украіна павінна правесці выбары да канца года, з'яўляецца правальным, нават калі будзе перамір'е з РФ, лічыць саветнік прэзідэнта Украіны па камунікацыях Дзмітры Літвін.
Пры гэтым ён заявіў, што складана поўнасцю ацаніць пазіцыю Келага па гэтым пытанні.
"Але, калі яго план - гэта толькі спыненне агню і выбары, то гэта правальны план - [крамлёўскага дыктатара] Пуціна не запалохаць толькі гэтымі дзвюма рэчамі", - напісаў Літвін у сацыяльнай сетцы X (Twitter).
Па словах дарадцы прэзідэнта Украіны, Расія працягвае знаходзіць новыя спосабы абыходу санкцый і заробку грошай на нафтапрадуктах, а таксама, паралельна гэтаму, нарошчваць вытворчасць боепрыпасаў і ракет. Гэта робіцца не для таго, каб "паважаць дэмакратычных суседзяў".
"Ваенны саюз Расіі з Паўночнай Карэяй - гэта відавочна не выкананне рэжыму спынення агню", - падкрэсліў Літвін. Таму ён лічыць, што было б лепш убачыць "глыбейшы падыход" з боку заходніх партнёраў Украіны ў адносінах да поўнамаштабнай вайны. Але ў той жа час Трамп глыбока і мудра гаворыць пра сітуацыю і пра тое, што ён сапраўды можа аказаць ціск на Пуціна.
"Вось чаму важна хутка перайсці да рэальнай працы паміж камандамі над канкрэтным планам па спыненні вайны і забеспячэнні трывалага міру", - падсумаваў Літвін.
Кіт Келаг лічыць, што дасягненне прагрэсу па Украіне магчыма на працягу найбліжэйшых 100 дзён. "Я хацеў бы сказаць, што размова ідзе аб месяцах, а не аб гадах. Мне хацелася б верыць, што мы зможам дасягнуць чагосьці ў кароткатэрміновай перспектыве", - адзначыў ён.
Акрамя таго, Келаг заявіў, што Трамп не выключае набыцця зброі для Украіны за кошт замарожаных актываў РФ. "Гэта адна частка галаваломкі, якую трэба абмеркаваць, і яна будзе на стале з прэзідэнтам для абмеркавання, але гэта не тая частка, якая вырашыць праблему. Але гэта цікавы момант, і яго трэба абмеркаваць", - растлумачыў Келаг.
Крыніца: УНІАН
нг