Беларуская Служба

СМІ: Ранг перамоў у Лондане паніжаны з-за адмовы Украіны прызнаць Крым расійскім

23.04.2025 08:33
Пуцін прапанаваў спыніць уварванне ва Украіну на цяперашняй лініі фронту.
          ,
Міністр замежных спраў ЗША Марка Рубіа не возьме ўдзел у сустрэчы, як меркавалася ранейPAP/EPA/WILL OLIVER

- Ранг перамоў у сераду ў Лондане аб спыненні агню ў вайне паміж Расіяй і Украінай паніжаны з-за адмовы Кіева прызнаць Крым расійскім, - паведамляе брытанскі сайт Sky News.

Міністры замежных спраў ЗША і Вялікабрытаніі Марка Рубіа і Дэвід Лэмі не возьмуць удзел у сустрэчы, як меркавалася раней. Як паведамляе Sky News, таксама паніжаны статус дэлегацый з Францыі і Германіі.

Аб адсутнасці Рубіа заявіла ў аўторак прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Тэмі Брус. Амерыканскі бок у Лондане будзе прадстаўляць прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ва Украіне генерал Кіт Келаг.

Пасланніка Трампа па Блізкім Усходзе Стыў Віткаф, які ўдзельнічаў у перамовах аб спыненні вайны Расіі супраць Украіны, таксама не будзе ў Лондане. У аўторак прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт заявіла, што на гэтым тыдні ён адправіцца ў Расію, каб працягнуць перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Раней на гэтым тыдні амерыканскія СМІ, у тым ліку Axios і Wall Street Journal, паведамлялі, што Злучаныя Штаты чакаюць, што Украіна адкажа ў сераду на прапанаваныя рамкі міру, якія ўключаюць неафіцыйнае прызнанне кантролю Расіі над амаль усімі акупаванымі тэрыторыямі.

Як піша брытанская Financial Times, Пуцін прапанаваў спыніць уварванне ва Украіну на цяперашняй лініі фронту. Падчас нядаўняй сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу ён сказаў Віткафу, што Расія можа адмовіцца ад прэтэнзій на тэрыторыі чатырох часткова акупаваных рэгіёнаў Украіны, якія застаюцца пад кантролем Кіева. Расія кантралюе частку Херсонскай і Запарожскай абласцей, але восенню 2022 года абвясціла аб анексіі ўсіх гэтых рэгіёнаў, а таксама Данецкай і Луганскай абласцей. Расія анексавала ўкраінскі Крым у 2014 годзе.

Украіна хоча хуткага і справядлівага міру, але калі мы пачынаем гаварыць аб суверэнных тэрыторыях, фармат становіцца працягам вайны, чаго хоча Расія, заявіў у аўторак прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў адказ на прапанову Амерыкі.

ав