Караль Наўроцкі, кандыдат у прэзідэнты, якога падтрымлівае ПіС, правёў сустрэчы з жыхарамі ў Сейнах (Падляшша).
Наўроцкі згадаў, што ў Сейнах і Пуньску гадамі побач жывуць людзі дзвюх нацый: палякі і літоўцы, якія ўтвараюць супольнасць. Ён распавёў прысутным пра пагрозы, якія нясе міграцыйны пакт.
«Мы павінны выразна заявіць і я выразна заяўляю ад імя грамадзян Рэспублікі Польшча, што калі я стану прэзідэнтам, я ў аднабаковым парадку скасую міграцыйны пакт, таму што для мяне вашая бяспека — самае важнае», — заявіў кандыдат.
Ён дадаў, што тыя, хто прыязджае ў Польшчу, павінны паважаць каштоўнасці краіны.
«У Рэспубліцы Польшча павінен панаваць адзін прынцып, што калі хтосьці прыходзіць у наш дом і пераступае парог нашага дома, ён паважае каштоўнасці, якія мы вызнаем, паважае тое, хто мы ёсць. Гэта адкрыццё нашай міласэрнасці, нашай адкрытасці і жадання супрацоўнічаць. Таму я ясна кажу, што я не згодны з тым, што адбываецца вакол міграцыйнай палітыкі Еўрапейскага саюза, і не маю намеру, як прэзідэнт Рэспублікі Польшча, як прэзідэнт Польшчы, мірыцца з тым, што нашы заходнія суседзі, немцы, хочуць урэгуляваць свае справы, свае памылкі з міграцыйнай палітыкай, ставячы пад пагрозу бяспеку нашых жанчын і дзяцей», — сказаў Наўроцкі.
Ён даводзіў, што палякам не патрэбныя міграцыйныя цэнтры для нелегальных мігрантаў.
«Нам не патрэбны 40 тысяч мігрантаў у рамках працэсу рэадмісіі, які нам хоча навязаць нямецкі бок. Нам патрэбны інвестыцыі тут — у камунікацыі, у дамы сацыяльнага забеспячэння, аздараўленчыя цэнтры, у моладзевыя спартыўныя пляцоўкі, у лядовыя пляцоўкі. Мы хочам развівацца, а не займацца інтарэсамі і праблемамі нямецкай дзяржавы. Гэта не наш кірунак», — сказаў Наўроцкі.
Прэм'ер-міністр Дональд Туск заявіў у пятніцу ў Гданьску на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен, што ў дачыненні да міграцыйнага пакта Польшча не будзе выконваць яго палажэнні адносна рэлакацыі, але будзе «падтрымліваць механізмы», якія будуць служыць абароне ад нелегальнай міграцыі.
PAP/вх