Беларуская Служба

У Польшчы апублікаваны найноўшы прэзідэнцкі рэйтынг перад майскімі выбарамі

25.03.2025 08:02
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы пройдзе 18 мая бягучага года.
Jest nowy sondaż CBOS
Jest nowy sondaż CBOSPAP/Tytus Żmijewski & PAP/Piotr Polak & Tomasz Warszewski / Shutterstock.com

У прэзідэнцкім апытанні, праведзеным сацыялагічнай кампаніяй CBOS, лідарам з’яўляецца мэр Варшавы, кандыдат ад кіруючай правацэнтрысцкай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі. На другім месцы - Караль Наўроцкі, які падтрымліваецца кансерватыўна-каталіцкай партыяй «Права і справядлівасць», на трэцім – кандыдат крайне правых сіл Славамір Мэнтцэн. 

У групе рэспандэнтаў, якія заявілі, што яны будуць галасаваць на майскіх выбарах, падтрымка размеркавалася наступным чынам: Рафал Тшаскоўскі атрымаў найбольшую колькасць галасоў - 34%, другое месца заняў Караль Наўроцкі - 23%, а трэцяе - Славамір Ментцэн, за якога прагаласавалі 21% апытаных. 

Наступныя месцы ў апытанні занялі: старшыня Сейму і кандыдат сялянска-цэнтрысцкай кааліцыі Шыман Галоўня – 7%, прадстаўнік адной з сацыял-дэмакратычных партый Адрыян Зандберг – 3%, кандыдатка іншай левай партыі Магдалена Беят, прадстаўнік нацыяналістычных колаў Гжэгаж Браўн і журналіст Кшыштаф Станоўскі – 2%. Бізнесмен і дэпутат Сейму Марэк Якубяк, які ўжо быў два разы кандыдатам у прэзідэнцкіх выбарах, мае падтрымку ў 1%. 

Астатнія кандыдаты набрылі менш за 1% галасоў. 

75% рэспандэнтаў адназначна заявілі аб сваім удзеле ў галасаванні. 34% удзельнікаў апытання не ведаюць, за каго будуць яны галасаваць. 

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы пройдзе 18 мая бягучага года.

вс

на здымку (злева направа): Рафал Тшаскоўскі, Караль Наўроцкі і Славамір Мэнтцэн.