У Пружанах сёння адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная мясцінам, звязаным з жыццём пісьменніка і мастака Юзафа Ігнацы Крашэўскага.
Вернісаж пад назваю «Мастак думкі і слова. Вандроўкі па мясцінах Юзафа Крашэўскага» зладжаны ў Музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» Генеральным консульствам Рэспублікі Польшчы ў Брэсце. Гэта выстава мастацкіх твораў – вынік працы маладых мастакоў, якія на працягу двух месяцаў вандравалі па мясцінах, звязаных з жыццём Юзафа Крашэўскага і малявалі карціны. Распавядае дырэктар Музею-сядзібы Пружанскі палацык Юры Зялевіч.
- Гэта заключны акорд па пленэры, які праходзіў каля двух месяцаў па знакамітых мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю вядомага пісьменніка, выдаўца, літаратара, музыканта і навукоўца Юзафа Крашэўскага. Два пленэры былі на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ў такіх мясцінах, як Бяла Падляска, Раманава, дзе знаходзіцца музей Крашэўскага, і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – у такіх месцах, як Пружаны, Доўгае, Стары Куплін.
Мастацкі пленэр па беларускім баку зладзіла Моладзевая абласная арганізацыя «Крыніцы творчасці» з Брэста. У вандроўцы прымала ўдзел каля 20 мастакоў з Брэста. Што яны падрыхтавалі на сённяшні вернісаж? Распавядае госць нашага эфіру.
- Гэта мастацкія творы, выкананыя ў розных тэхніках, усе яны адлюстроўваюць тыя месцы, дзе нарадзіўся і жыў пісьменнік. Можна пабачыць радавую сядзібу ў Раманове, школу, дзе вучыўся Крашэўскі, паглядзець касцёл у Шарашове, дзе пахаваны бацька пісьменніка ці капліцу ў Старым Купліне.
Нагадаем, выстава зладжана пры актыўнай падтрымцы польскага консульства ў Брэсце. Польскія дыпламаты прымаюць удзел таксама ў вернісажы, прысвечаным мастацкай падзеі. Працягвае Юры Зялевіч.
- Мы чакаем ганаровых гасцей – між іншым генеральнага консула Польшчы ў Беларусі Пятра Казакевіча. Па сутнасці пад дахам кансулята і праходзілі пленэры. У нас будзе вялікая імпрэза, далучыцца і мясцовая інтэлігенцыя. Спадзяюся, што выстава, якая прадоўжыцца да 15 верасня, выкліча рэзананс.
Юзаф Крашэўскі – неверагодна пладавіты аўтар. Ён напісаў звыш 600 тамоў твораў. Дарэчы, гэта не толькі мастацкая літаратура, таксама працы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, літаратуразнаўстве, філасофіі ды іншае. У Польшчы яго творы ўваходзяць у канон школьнай праграмы. У сваю чаргу ў Беларусі пісьменнік і мастак значна менш вядомы, хаця ёсць яго творы, перакладзеныя на беларускую мову. Тым ня менш, на думку Юрыя Зялевіча, апошнім часам у Беларусі значна вырас узровень інфармаванасці пра яго творчасць.
-Апошнія 20 гадоў імя Крашэўскага стала больш актуальным для Беларусі, з’явілася шмат перакладаў яго творчасці на беларускую мову, многа публікацый. Наш музей ужо больш за 15 гадоў экспануе самы вялікі збор, прысвечаны жыццю і творчасці Ю. Крашэўскага. Дарэчы, ён – мультыкультурны чалавек, яго спадчына належыць тром народам – Польшчы, Беларусі і Украіны. Вельмі цікавая постаць, якая заслугоўвае большай папулярызацыі на мове тых народаў, дзе ён пакінуў сваю спадчыну.
Юзаф Крашэўскі нарадзіўся ў 1812 годзе, дзяцінства правёў на Пружаншчыне, дзе бацькі мелі родавы маёнтак. Акрамя сотняў раманаў, аповесцяў, драматургічных твораў і зборнікаў паэзіі, у яго творчай спадчыне таксама публіцыстыка, навуковыя працы па гісторыі Польшчы і Літвы. Быў не толькі пісьменнікам, але таксама журналістам, мастаком, кампазітарам і калекцыянерам.
Пра выставу мастацкіх твораў, якія паўсталі падчас вандроўкі па мясцінах, звязаных з Юзэфам Крашэўскім, распавёў дырэктар Музею-сядзібы Пружанскі палацык Юры Зялевіч. Экспазіцыя прысвечана 207 гадавіне з дня нараджэння пісьменніка.
нг