12 сакавіка 1999 году, 26 гадоў таму, свабодная і дэмакратычная Польшча ўступіла ў Паўночнаатлантычны альянс. Тады блок прыняў у свае шэрагі тры былыя краіны Варшаўскай дамовы — Польшчу, Чэхію і Вугоршчыну.
Для Польшчы гэта стала кульмінацыяй шматгадовых намаганняў, накіраваных на атрыманне надзейных гарантый бяспекі. Уступленне ў НАТА таксама стварыла ўмовы для развіцця і эканамічнага росту краіны ў рамках заходняй супольнасці інтарэсаў і каштоўнасцяў.
Аналітык, доктара бяспеказнаўства Дарыюш Матэрняк
Пра тое, як НАТА спраўляецца з крызісам бяспекі, выкліканым вайной Расіі супраць Украіны, ды зменай геапалітычнай арыентацыі ЗША ў адносінах да Еўропы Беларуская служба Польскага радыё распытала аналітыка, доктара бяспеказнаўства Дарыюша Матэрняка.
— Тое, што адбывалася на працягу апошніх шасці тыдняў — з таго часу, як прэзідэнт Дональд Трамп фактычна ўступіў на пасаду і пачаў выказвацца па пытаннях, звязаных з абаронай, павінна выклікаць як мінімум сур'ёзныя пытанні з боку саюзнікаў, галоўным чынам еўрапейскіх хаўруснікаў па НАТА, таму што фармальна артыкул 5 усё яшчэ ў сіле. Фармальна ЗША па-ранейшаму з'яўляюцца ўдзельнікамі Вашынгтонскай дамовы, таму яны павінны выконваць свае абавязкі па гэтай дамове, то бок абараняць сваіх саюзнікаў і ўдзельнічаць у магчымай ваеннай аперацыі ў выпадку агрэсіі супраць адной з краін НАТА. Аднак рыторыка прэзідэнта Трампа як мінімум сумнеўная, хаця пакуль яна мае толькі вусны характар. Але ўсё ж прамаўляе прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, краіны, якая ў ваенным плане з'яўляецца найважнейшым членам альянсу з найбольшым патэнцыялам. Калі амерыканскі лідар кажа, што ён будзе абараняць тыя краіны, якія дастаткова плацяць, на жаль, гэта падрывае давер да ЗША, як да саюзніка. Падабаецца гэта каму ці не. І гэта вельмі небяспечны прэцэдэнт на будучыню. Таму што мы сёння гаворым пра неабходнасць выдаткоўваць 2% ВУП на абарону. Праз момант можа аказацца, што ўжо час выдаткоўваць 5%, а праз некаторы час, тэарэтычна, можа ўзнікнуць сітуацыя, у якой Дональд Трамп скажа, што вы плаціце 10% або мы ў гэтым не ўдзельнічаем. Сітуацыя вельмі непрадказальная. Такім чынам, гэтая рыторыка і многія іншыя дзеянні новай амерыканскай адміністрацыі ўносяць пэўную долю нявызначанасці ў адносіны сярод чальцоў НАТА.
Ці краіны Балтыі, якія ў ваенным плане амаль адрэзаныя ад кантынентальнай часткі Паўночнаатлантычнага альянсу, а таксама Польшча, праз мяжу з Расіяй і Беларуссю, а таксама праз Сувалскі калідор, маюць рэальныя падставы для страху, у сувязі з той сітуацыяй, якую вы апісалі?
— Сапраўды, сукупнасць фактараў зніжае пачуццё бяспекі нашага рэгіёну. Але Польшча траціць на абарону амаль 5% ВУП. Гэта вельмі шмат. Гэта значна вышэй, чым цяпер патрабуецца. 2% — гэта мінімум, які патрабуецца ў НАТА. Краіны Балтыі таксама выдаткоўваюць значныя сумы на абарону, больш за 2% ВУП. Аднак для ўсіх, хто цяпер з'яўляецца членам альянсу і для ўсіх, хто ў нейкай ступені залежыць ад магчымай амерыканскай дапамогі, а гэта датычыцца практычна ўсіх краін альянсу, актуальная сітуацыя як мінімум выклікае вялікі непакой. Тым больш, у тых краін, якія знаходзяцца ў групе найбольшай рызыкі, маю на ўвазе т. зв. усходні фланг НАТА, гэта значыць краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя, якая нядаўна далучылася да хаўрусу, а таксама, Румынія, якая, даволі выразна праводзіць сваю палітыку ў дачыненні да Расіі. У нас, у гэтых краінах, узровень пагрозы істотна вышэйшы, чым, напрыклад, у Іспаніі ці Партугаліі, у краінах, якія геаграфічна вельмі аддаленыя ад Расіі. Адназначна магу казаць, адна толькі рыторыка новай адміністрацыі ЗША зніжае ўзровень нашага суб'ектыўнага ўспрыняцца бяспекі.
Яшчэ да таго, як Дональд Трамп і яго каманда ўзначалілі ЗША, у Еўропе ішлі даволі сур'ёзныя размовы аб умацаванні ўласнай абароны. Гаварылася нават аб магчымасці стварэння ўзброеных сіл Аб'яднанай Еўропе. Цяпер мы бачым, што дыскусія аб самастойнай абараназдольнасці Еўропы ажыла з новай сілай. Былі нават прапановы прэзідэнта Эманюэля Макрона распаўсюдзіць ядзерны парасон Францыі на ўсю Еўропу, каб стаць незалежнай ад непрадказальных рашэнняў амерыканскай адміністрацыі. Як вы ацэньваеце дзеянні Аб’яднанай Еўропы ў гэтым кантэксце?
— Калі мы можам сказаць, што ў нас ёсць нейкія станоўчыя вынікі ад усяго вэрхала вакол Дональда Трампа, то гэта, безумоўна, тое, што еўрапейскія краіны крыху больш усведамляюць неабходнасць клапаціцца пра ўласную бяспеку. На дадзены момант гэта апошні званок, таму што насамрэч амерыканскі падыход проста прымушае еўрапейскія краіны да пэўных дзеянняў. Гаворка не ідзе пра тое, каб нейкім чынам падарваць або разбурыць адносіны з ЗША. Таму што і ЗША, і Еўропа таксама зацікаўленыя ў тым, каб трансатлантычныя адносіны былі як мага лепшымі. Але гэта не вызваляе ні Еўрасаюз, ні еўрапейскія краіны ад клопату пра ўласную бяспеку. Трэба будаваць нашу бяспеку, абапіраючыся не толькі на амерыканскую дапамогу, але і на наш уласны ваенны патэнцыял. Пакуль гэта, напэўна, будзе зводзіцца і павінна зводзіцца як мінімум да павелічэння ваеннага патэнцыялу асобных краін. Павялічваць выдаткі на абарону і нарошчваць свае магчымасці, у першую чаргу для абароны ўласнай тэрыторыі. Неабавязкова гэта мае адбывацца ў выглядзе стварэння альтэрнатывы для НАТА. Хутчэй гаворка ідзе пра ўзмацненне магчымасцяў, даступных краінам альянсу, якія ўваходзяць у ЕС або знаходзяцца ў Еўропе, напрыклад, Вялікабрытанія. Паўстанне Узброеных сілаў Еўрасаюза на дадзены момант немэтазгоднае. Напэўна, тут будзе занадта шмат пытанняў адносна таго, як гэта будзе выглядаць, хто будзе камандаваць такімі сіламі і дзе яны будуць выкарыстоўвацца. Гэтая ініцыятыва можа быць цікавай у будучыні, але цяпер яна б толькі ўскладніла сітуацыю. На дадзены момант еўрапейскія краіны павінны сканцэнтравацца на нарошчванні ўласнага патэнцыялу ў рамках НАТА.
У сувязі з тым, што адбываецца ў свеце, усё часцей у Еўропе, у тым ліку ў Польшчы, кажуць, што трэба альбо аднаўляць прызыў у войска, альбо ўводзіць сістэму ўсеагульнай вайсковай падрыхтоўкі, і менавіта ў апошні згаданы кірунак абрала Польшча. Ці гэта добра прадуманае рашэнне? Ці Польшча сур'ёзна плануе трансфармавацца ў плане абараназдольнасці ў бок Фінляндыі ці Швейцарыі, дзе разбудаваная сістэма вайсковай падрыхтоўкі грамадзян, дзе дзесяцігоддзямі іх рыхтуюць да ўзброенага супраціву?
— Ну, ключавая фраза ў вашых пытанні на працягу дзесяцігоддзяў. То бок такія краіны, як Фінляндыя ці Швейцарыя, — гэта зусім іншы выпадак, абсалютна несумяшчальны з нашымі рэаліямі. Але гэта насамрэч краіны, якія даўно рыхтаваліся да такога сцэнару, у іх гэтая сістэма падрыхтоўкі існуе як мінімум некалькі дзясяткаў гадоў.
Таму перш чым мы выйдзем на гэты этап, вядома, павінна прайсці як мінімум некалькі гадоў, перш чым мы распрацуем разумную сістэму навучання і пачнем яе ўкараняць. Добра, што з'явілася бачанне, але цяпер трэба думаць, як гэта зрабіць найбольш эфектыўна і ў адносна кароткія тэрміны. Размова не пра тое, каб гэта адбылося праз 10 гадоў, а пра тое, каб сапраўды пачаць такое сістэмнае навучанне, калі не ў гэтым годзе, то ў наступным. Польшчы ўжо ёсць пэўны вопыт, напрыклад, сістэма добраахвотнай службы ў войску. Гэта ўжо нейкі капітал, нейкія нашы магчымасці, і гэта станоўча адаб'ецца на нашай абараназдольнасці.
Слухайце аўдыё!
эж